Белорусские сочинения - Францішак Багушэвіч - Гуманістычныя матывы прозы Францішка Багушэвіча

Гуманістычныя матывы прозы Францішка Багушэвіча

Адкрываю кніжку твораў Ф.Багушэвіча 1991 г. (укладальнік Я.Янушкевіч) і бачу, якім рознабаковым быў талент выдатнага мастака слова. Аказваецца, ён пісаў і цікавыя апавяданні. Самае вядомае з іх «Тралялёначка» было надрукавана ў Кракаве ў 1892 г. следам за першай кніжкай вершаў «Дудка беларуская» (1891). Доўга спрачаліся даследчыкі, каму яно належыць, пакуль не вырашылі, што Багушэвічу. Гэта ўвогуле лірыка-філасофскі твор. Ён поўны гуманізму, адкрывае нам добрую сялянскую душу. Апавядальнік прыгадвае лёс Бартака Саска — нядобрага да людзей селяніна, які разбагацеў на чужым горы, прымусе ды хітрасці («каменне дык усё, бывала, цягае на чужое» , «як пазыча суседу рубель, то яму трэба дзень араць, дзень касіць, дзень жаць», «шапкі знімаем перад ім, як перад панам»). Сквапны чалавек назапасіў грошай і купіў Замораўку — маёнтак пана генеральскага чыну Прыбалдова. Ды цараваў нядоўга: жонка, што пакінула яго, адсудзіла палову маёнтка, загінула другая каханка — далікатная паненка Траляля (такую мянушку далі ёй людзі за яе прыпеўку). Адабраў банк за пазыку і другую частку маёнтка. Так бясслаўна закончылася жыццё чалавека, які захацеў разбагацець, стаць панам, не маючы на тое належнага інтэлекту, здольнасцей, а толькі грошы. Твор міласэрны ў цэлым: нягледзячы на злачынствы і нялюдскасць Бартака, людзі выратавалі і падтрымалі яго дачку Тралялёначку ад другой жонкі: склаліся «з душы па дзесяць грошы», аддалі на выхаванне Марысьцы крывой, а затым над ей злітасцівіўся ксёндз і ўзяў да сябе ў касцёл.
     Напісана апавяданне лаканічнай і простай мовай ад імя селяніна — удзельніка ўсіх гэтых падзей. Фразы — простыя, сказы — неразгорнутыя, асабліва ў дыялогах. Мова ў цэлым надзвычай дынамічная. Мяне ўразіла таксама, што пісьменнік на млой плошчы ў пяць друкаваных старонак змясціў цэлую гісторыю ўзвышэння і падзення Бартака Саска — новага чалавека, вясковага буржуа. Так, як паказаў такі ж працэс у «Іонычы» А.П.Чэхаў.
     Іншыя апавяданні Багушэвіча напісаны ў форме споведзей, народных казанняў. Гэта «Сведка», «Палясоўшчык» і «Дзядзіна». Яны прасякнуты народным невычэрпным гумарам. Так, у «Палясоўшчыку», вяртаючыся дадому позна і ідучы праз кладку ноччу дадому, ляснікапавядальнік пачуў «мядзведзя», як той сапеў на другім канцы кладкі, спалохаўся, шугануў у багну, ледзь Бог ногі даў уцячы дадому. Прыбег. Страва чакае ў печы і на стале. А жонкі няма. Аказалася, што «мядзведзем» тым і была яго кабета. Не менш цікавае гумарыстычнае апавяданне «Дзядзіна», у якім расказваецца пра жанчыну-няўдаліцу, у каторай было тры гумны і ўсе поўныя: «У адным мак, у другім — так, а ў трэцім цапы віселі», а парсюкі былі такія кормныя, што пералазілі не праз парог, а Ў дзірачку пад парогам. Больш таго, прадала Магда сваю недалашную казу Аліндару, але той не паспеў яе ўтрымаць: як сіганула яна ў лес, там яе і зарэзаў воўк. Вывад твора таксама гумарыстычны: перад смерцю каза толькі змагла пракрычаць «Мааа-гда», гаспадыня пачула гэты крык і «не так дзядзіне шкода было той казы, як жаль было таго, што каза імя яе ведала...».
     Апавяданні Багушэвіча закладвалі падмуркі развітой беларускай прозы. Так што і тут ён у многім з'яўляецца першапраходцам.