Белорусские сочинения - Францішак Багушэвіч - Твор Ф. Багушэвіча «Хмаркі»

Твор Ф. Багушэвіча «Хмаркі»

Напісаны ў другім ключы, чым «Бог не роўна дзеле». У яго аснове матыў развітання хмарак з Радзімай. I ў Лермантава лёс хмарак прыроўнены да асабістага лёсу паэта («вечного странника», як і яны), і ў Багушэвіча таксама ўжо ў першым чатырохрадкоўі «хмаркі цёмныя» называюцца яго «братанькамі», бяздомнымі, беспрытульнымі вандроўнікамі:

Хмаркі цёмныя, мае братанькі!

Вецер гоне вас без дарожанькі,

I нідзе ж для вас няма хатанькі...

Адпачынеце аж у Божанькі!

Але ў адрозненне ад Лермантава, які ў канцы верша сцвярджае, што хмарам чужыя страсці і пакуты, што яны «вечна халодныя» і «вечна вольныя», што няма ў іх радзімы і нават выгнання, адным словам — канчатковага прытулку, Багушэвіч паказвае, што для іх адпачынак адбудзецца ў Боскім доме («аж у Божанькі»). Акрамя гэтага, яго хмары, хоць і названы эпітэтам «цёмныя», усё ж добрыя, дораць жыццё ўсяму зямному:

Летучы, слязой зямлю росіце,

Аж шумяць лісткі, зелянёе лес;

Уміраючы, жыццё носіце,

Усяму жыццё, сабе толькі крэс!

Паэт любіць свае «цёмныя» хмаркі, лічыць іх самымі блізкімі істотамі, сімваламі-вястуннямі роднага краю («Гдзе "тутэйшымі” называліся»), спачувае ім, цёплым, дорачым жыццё зямлі, спавівае іх ласкаю, пяшчотаю. Ласка і пяшчота нараджаюць словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, якімі літаральна «перасыпаны», аздоблены верш: хмаркі, братанькі, дарожанька, хатанька, Божанька (1-я страфа); хмарачкі, ярачкі, трошкі (2-я страфа); зямля родненькая, вугольчык, прытулачак, ратуначак (3-я страфа); лісткі (4-я страфа). Ідэйны змест верша Багушэвіча значна шырэйшы, чым змест верша Лермантава «Хмары»: паэт не толькі паказвае адзіноцтва хмарак і прасякаецца скрухай на гэты конт, але і атаясамлівае іх лёс з лёсам роднай старонкі і нібыта заклікае нас быць такімі ж ахвярнымі, як і яны.

Асабліва запамінаецца яскравае, думаецца, у стылі фальклору, параўнанне хмарак з авечкамі-ярачкамі. Фальклорную аснову мае ўвогуле верш «Хмаркі», які стаіць апошнім, дзясятым, выдатна вянчае цыкл пад назвай «Песні» (са зборніка «Смык беларускі»), сведчыць пра тое, што сэрца паэта на працягу ўсяго жыцця было адкрыта розуму і сэрцу народнаму, убірала ў сябе іх біятокі праз фальклор.

Меладычны малюнак верша песенны: мелодыя гучыць запаволена, расцяжна, нібы стогн раздаецца.