Белорусские сочинения - Рыгор Барадулін - Філасофская думка паэта

Філасофская думка паэта

Лірычны жывапіс філасофскай думкі Рыгора Барадуліна, пачынаючы з ранніх вершаў і канчаючы творамі 90-х гг., вызначаецца незвычайным багаццем зрокавых, слыхавых і абаняльных асацыяцый: “Асацыяцый караваны Па ўсіх радках накіравана” (“Паэты”). Прыкладам асацыятыўнага мыслення ў ранняй лірыцы з'яўляецца верш “У верасня - свой, асаблівы пах...”, у якім дакладна ўзнаўляюцца колеры, гукі, водар роднага краю, што сведчыць пра надыход восені.
Душа паэта - сына на хутары Верасовачка, у матчынай хаце, на Ваўченскім возеры. Тут раскута і ўпэўнена валадарыць Яе Вялікасць Паэзія- цнатлівая пані-берагіня. Неўтаймаваная ўлюбёнасць у сваю бацькаўшчыну выкрасае незабыўныя радкі: “Нават страшна дыхнуць - /Маладыя аблокі/ над Ушачынай ціха плывуць”. Менавіта ў зямной, крэўнай знітаванасці ёсць адвечнае прыцягненне і ўсведамленне сябе мікрачасцінкай няспыннай плыні жыцця. Бо Зямля Бацькоў дала паэту права называцца Сынам, бо ў ёй - сам уклад жыцця. Барадулінская прага першавытокаў, імкненне праверыць імі існасць жыцця - не аўтарская дэкларацыя, а перш за ўсё ягонае жыццёвае крэда. Вечна надзёнае “Трэба дома бываць часцей”, над сутнасцю якога не ўладарны час, ці не стала ўжо беларускай ідыёмай, такой блізкай кожнаму беларусу: “Трэба дома бываць часцей, / Трэба дома бываць не госцем, / Каб душою не ачарствець, / Каб не страціць святое штосці”. Такія простыя ды надзіва мудрыя словы назаўсёды сьалі крылатым выразам, маральнай формулаю жыцця як для сучаснікаў, так і для тых, хто яшчэ прыйдзе ў гэты белы свет. Перабольшвання ў такой ацэнцы выказвання няма. Яго шматмернасць, глыбокі сэнс закранаюць увесь абсяг чалавечага быцця. Няважна, дзе мы нарадзіліся, - у вёсцы ці ў горадзе, але ўсіх нас чакае непазбежнае вяртанне да сваіх каранёў, да сваёйс гісторыі, “вяртанне да сябе самаго”. Крыніцы, вытокі, якія жывяць плынь народнага і нашага асабістага жыцця, не павінны забывацца. Гэтым разуменнем прасякнуты жыццё і творчасць Рыгора Барадуліна.

Талент паэта - ад маці і ад Бога. І ён жа ад продкаў, ад землякоў, якія потма здабываюць хлеб, якія кожным подыхам спасцігаюць найвышэйшую філасофію быцця ўшацкага. Мудрыя і дасціпныя, яны знітаваныя з жыццёвай філасофіяй паэта. “Я сын зямлі, /нашчадак хлебаробаў”. Аўтарскія вясковыя замалёўкі з натурв выразныя багаццем беларускай душы і нейкай невытлумачальнай святасцю. Далучнасць лёсу паэта да лёсу сваёй зямлі як неспатольна радаводнага выяўляецца праз псіхалагічна насычаны “зямлі аратайны розум”. Арганічна - цэласнае растварэнне ў згаданым трыпціху ёсць наскае барадулінскае вяртанне да першародных вытокаў, да асэнсавання спадчыннага. Максіма паэта - Маці, Мова, Беларусь - глыбока прачутае, вывераная, выпакутаваная. Надзейнае апірышча адшуквае паэт у непадзельным адзінстве гэтых самых дарагіх для яго паняццяў. Гэтае спалучэнне - роднаснае, бо ён успрымае іх як жывую плоць, праз іх вымярае сутнасць жыцця на беларускай зямлі.

Душа паэта - мастака хмялее і млее ад ўшацкіх краявідаў. Душа рахманая і бунтоўная першакрынічна-глыбінна жыве ў млявым лёце знясіленай завеі, у шаленстве залеваў, у ляшчынніку, што моліцца на лог, у першым марозе, які пахне матчыным дыханнем, у маміным леце. Паэт малюе. Яшчэ старажытнагрэцкі пісменнік Сіманід афарыстычна называў жывапіс нямой паэзіяй, а паэзію - жывапісам, які прамаўляе. Рыгор Барадулін незапраграмаваны, першароднае ў яго настолькі моцнае, што прыродная настальгія перерастае ў вялікую ўнутраную сілу. Паэту нават “трава праславянствам пахне”. Хрышчаным паганцам, ад якога так і дыхае язычніцкім гартам і самавітасцю, зарэкамендаваў сябе мастак. Свята шануючы дух паганскі, ён скажа пра сябе: “Маланкай кшчоны паганец, малюся агню і вадзе”. І яго Яснавокасць блакіт, і яе Ласкавасць бярезінка варажбітна замовілі спрадвечнае, арганічнае суладдзе з Прамаці-прыродай, якая адкрываецца перад паэтам ва ўсёй сваёй непаўторнай цнатлівай цялеснасці і духоўнасці. У вялікай пашане ў Барадуліна-паганца крывіцкія багі, калі “Беларускае слова ад гневу, /Ад Ярылы, ад Перуна”. Менавіта стыхія здаровага народнага розуму, мудрага стаўлення да з'яў прыроднага быцця, усяго жывога пануе ў мастацкіх радках філасофскай лірыкі. Бо трыба умець так па-беларуску выяўна запытацца: Адкуль была ў сэрцы прапрадзедаў наіўная дабрыня?...”

Душа паэта - віртуоза філасофскай думкі ў жыватворнай музе. Зайздроснае адчуванне прыроднай раскаванасці народнага самабытнага слова, прычулы лірызм яго паэзіі, атрыманыя ў спадчыну прыбабунькі, падяб'лычкі, хуткамоўкі, матчыны словы з Ушачыны, дзе каламбур і досціг увасоблены праз настальгічна прачутую атрыбутыку нацыянальнага характару, - у стыхіі Рыгора Барадуліна, які са свету паганска-народнага, адухоўленага самавітым язычскім жыццялюбствам. Менавіта адсюль бачыцца шырокая амплітуда стылёвай танальнасці - ад пяшчотна - лірычнай да гнеўна - сатырынай, адсюль ягоныя і ўзбуджаныя неўтаймаванасць, і гранічная скандэнсаванасць, і каларытная метафарычнасць, і характырны яршысты радок. Самабытны барадулінскі талент ведае цвёрдую цану крэўнаму беларускаму слову, з паганскай багавейнасцю вяртае яму спаконвечнае. Творца ўзнаўляе першародна - этымалагічную сутнасць народнага ўяўлення пра пэўную з'яву, і само тлумачэнне этымалагічнай асновы слова праз таўталагічны код стварае натуральнасць вершаванага радка. Быць землянам - беларусам, пакуль вакол, па-барадулінску кажучы, азёрна, борна, гойна, пакуль перад вачыма неба, ад жаўранкаў ажаўранелае.

Выкрыстоўваючы неруш народнага слова, песні, дзе Рыгор Барадулін адчувае сябе так, як удачлівы грыбнік у знаёмым змалку лесе, паэт не толькі стварае свае сакавітыя, каларытныя па жывапісе і гучнасці вершы ды і эпічныя рэчы, - паэмы “Куліна”, “Матчына хата”, “Блакада”, “Вяртанне ў першы снег”, “Аблачына - самабранка”, “Смаргонская акадэмія”, але гэтым самым надточвае нітку гістарычнай памяці нацыі, якая захоўваецца ў слове.

Душа паэта - цнатліўца ў сакральна прыгожым пачуцці: “Пахлі вечарам валасы / І падміргвалі грудзі зорам...”. Пяшчотна і апантана, ціха і гучна. Бо што прымушае трымцець сэрца і што пакідае яго абыякавым? Што кідае ў абдымкі і што выштурхоўвае з іх? Духоўны свет паэта тчэцца з вясновага палу вачэй і расцвілых слядоў, самазабыцця ночы і мілосці з вачыма лані, маладзічка пяшчоты і спёкі спелых грудзей. Толькі жыццялюб можа прашаптаць так па-ранейшаму: “Мне б вякоў не хапіла / Слухаць вочы твае”. У гэтых выдыхнутых словах сярод віру жыцця шмат хараства і непаўторнасці, імгненнасці і вечнасці, спакусы і цнатлівасці, сцюдзёнасці і гарачыні. Пад анёльскім крылом ранішняга цнатліўца яго Жанчына світальна ўзышла сарамліва - трывожным саборам, жытло яго душы заселена Ёю, не святою, а зямною, як сенажаць. У паводзінах жа з іншымі - старасвецкая гжэчнасць, вачыстая далікатнасць: “Зірнулі Вы - і зацвілі дзяды, / Дзядоўнік Вашай рупнасцю крануты./ Туман дыхнуць баіцца на сляды”. Зямны і сам Барадулін - паэт. Ягойная багавейная лагода, цнатлівасць і юрлівасць - адсюль, ад паганства, каб род не звёўся. Панавіта, прыгожа-ўзнёсла лунае неўтаймаванае, цвярозае і часам па-веснавому п'янлівае пачуццё паэта - шчасліўца, які глыбока перекананы ў тым, што “Жвірынкі лірыкі на дне / Ракі / Па імені Жанчына”.

Душа паэта - спавядальніка філасофскага быцця дзякуе Госпаду за дазвол слова мовіць на зямной бяседзе. “З тлумам ды малітваю жыву, / Паважаючы зямлю сыруб, / Бо пачынаю адчуваць растанне”. Духоўнае ачышчэнне і прачышчэнне ягонай існасці ўзнаўляецца праз святыні маці і малітвы. Святло Вечнай Кнігі - жыццёвы прытулак паэта. Сапраўды, як заўважыў Паскаль, зямную навуку трэба зразумець, каб палюбіць, боскую ж навуку трэба палюбіць, ка зразумець. Вечаровя пацеры для паэта - “гэта з небам размова”. Ноткі мастакоўскага суму развітання чуюцца пры Святле Бібліі, Матчыным багаславенні ў бурлівым жыццёвым тлуме. Ягоныя вершаваныя споведзі - гэта любоў да жыцця ў шматгранным абліччы, гэта вяртанне да запаведных пачаткаў быцця. Сталая паэтычная муза жывіцца пераважна з усвядомленага, па-вялікоднаму світальнага адраджэння біблейскага. Гэта сустрэча з Нябесным Гаспадаром. Пад знакам Матчынага дабравесця мацнеюць спавядальныя матывы. Бо ці не ад матчынай душы вера ў Бога і Маці апякуецца іх адной-адзінай святасцю: “На ты лепей з Богам і з маці”.

Душа паэта - ахоўца філасофіі быцця у малітве Беларусі, узрошчанай на Евангеллі ад Мамы. Пад знака гэтых святыняў вывяраецца кожнае паэтычнае слова на жывучасць, апантаную ўлюбёнасць у беларускую Святасць і Светласць. Паэт вястуе пра гаспадарэнне ў крывіцкі беларускім доме. Закранаючы палітычныя праблемы, ён не творыць палітыку - ён творыць Сумленне. Бо ягоная вера ў адраджэнні нацыі, яе суверэнітэту бярэ ў нятхнальнікі і высокі дух продкаў, і вялікую міласэрнасць Бога. Біблію аутар лічыць пэўным чынам палітызаванай, бо яна вядзе барацьбу з сіламі сатаны за светлыя ідэі Хрыста. У яго паэзія жыве дзеля быцця і дзяля самой паэзіі. Гэта ратаванне той самай прыгажосці, якая павінна выратаваць свет. Нельга назваць паэта абуральна здзеклівым і няўстрыманым: “Свет уратуе не прыгажосць, / Свет уратуе / Вера й злосць”. Тут адчуваецца паэтава пержыванне за лёс Бацькаўчшыны, якую прадзімаюць сіверныя скразнякі часу. Барадулінская мастакоўская муза сягае ўсё вышей у нябёсы: “Што спадчыну датрачваю, / Старасць без пасагу пакідаю”.