Белорусские сочинения - Янка Брыль - "Птушкі ляцяць у вырай": чалавек i Радзіма ў рамане Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды"

"Птушкі ляцяць у вырай": чалавек i Радзіма ў рамане Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды"

Кніга напісана не па праву заслуг і
     пакут. Толькі па праву любасці да
     Чалавека — які ён ёсць, які ён
     будзе, бо павінен быць.
     Янка Брыль
     
     Раман «Птушкі і гнёзды» Янка Брыль пісаў доўга, з перапынкамі. Пад ім даты: 1942—1944, 1962—1964 гг. Тры гады прыпадаюць на ваенны час, на партызанства пасля ўцёкаў з канцлагера ў Германіі на Радзіму. Тры астатнія — на пачатак 60-х гадоў, калі можна было смялей пісаць і гаварыць пасля XX з'езда КПСС пра жыццё, мінулую вайну. Не трэба было асабліва асцерагацца, што суб'ектыўна ацэньваеш рэчаіснасць. Янка Брыль так і зрабіў. Да ацэнкі вайны ён падышоў нетрадыцыйна, па-новаму: раскрыў яе трагічную сутнасць, паказаў, што яна разбурыла чалавечыя гнёзды, пакалечыла і пакрывіла мараль, паставіла над людзьмі нелюдзяў, якія выдаюць сябе за звышчалавекаў. Такім шляхам ішоў ужо Кузьма Чорны ў раманах «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях». Пазней, а таксама ў ранніх аповесцях «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», Васіль Быкаў паглыбіць трагедыйны аспект у адлюстраванні Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ больш сурова і жорстка скажа пра духоўныя, маральна-этычныя выдаткі, нанесеныя чалавецтву вайной. Нетрадыцыйнасць рамана Брыля ў тым, што ён паказвае вайну як трагедыю, што забірае ў чалавека ўсё, ператварае яго ў бежанца, у раба абставінаў, якім могуць пагарджаць арыйцы, заваёўнікі. Не выпадкова твор адкрываецца жудаснай сцэнай здзекаў з ваеннапалонных у стацыянарным лагеры. Сцэна, як і многія іншыя сцэны твора, грунтуецца на дакументальным пачатку: перад самай вайной пісьменнік родам з Заходняй Беларусі быў мабілізаваны ў польскую армію, а затым узяты фашыстамі ў палон. Сцэна гэтая жудасная: вязні паўзуць, трымаючы «пад шнурок» раўненне, устаюць, падаюць, зноў уздымаюцца, хілячы да зямлі «светлачубыя галовы». Сярод страшэнных, жудасных, звышчалавечых здзекаў катаў час ад часу ўспыхваюць у галовах гэтых светлых людзей малюнкі даваеннага жыцця, непрацяглай службы ў войску. Ужо ў самым пачатку рамана сышліся жорсткасць і дабрыня, бессардэчнасць і замілаванасць тым, што было раней. Выдатны пачатак! Далей ён разгорнецца ў Адысею пра пошукі свайго роднага гнязда, найцяжэйшыя спробы вырвацца з-за кратаў на волю. «Вымучаныя, выкачаныя ў пылу» людзі, як піша Брыль, ідуць па шырокай лагернай вуліцы, каля маладзенькіх дрэўцаў, але не губляюць надзею ўбачыць родны край, спяваюць і пад канвоем польскую песню пра вясновую раніцу, церпкую расу і румяную Чэсю, якая выганяе на пашу валоў. Хораша, лірычна-ўзнёсла, у стылі Брыля, сказана, што гучыць «песня, якую не зацягала, не затаптала казарма, народная песня, якая вышэй за ўсе войны, — гучыць пераможным маршам». «Народная песня, якая вышэй за ўсе войны» — вось гуманістычны пафас рамана. Ён заключаны ў гэтым радку, пастаўленым пасля апісання здзекаў над людзьмі на распаленым промнямі пляцы. Вышэй за войны, за бесчалавечныя здзекі, за катаў, заклапочаных тым, каб не ўцяклі палонныя, каб выбіць з іх рэшткі самасвядомасці, веры, патрыятызму, чалавечнасці. «Вышэй за ўсё песня» — гэта азначае, што вышэй за ўсё і Радзіма, роднае гняздо. Што схопленыя злоснымі сіламі, кінутыя за дрот людзі, як птушкі з выраю, будуць ляцець у свае гнёзды. Ляцець і падаць у палёце. Ляцець, падстаўляючы сэрцы пад кулі вылюдкаў, кідаючыся на «іржавыя скруткі дроту» (П.Панчанка), праз які часта прапускаўся электрычны ток. Ляцець, падаць, уздымацца, караскацца, паўзці (як гаварыў герой рамана Чорнага «Пошукі будучыні» Нявада), але дасягаць мэты — свайго гнязда.
     Гэта яшчэ адна філасофская, маральна-этычная і нават палітычная праблема рамана. Праблема пошукаў і захавання беларусамі, як і іншымі народамі, асабліва славянскімі, свайго гнязда, сваёй Радзімы. Не выпадкова Брыль і ў загаловак рамана выносіць два словы — «Птушкі і гнёзды»: птушкі навідавоку ва ўсяго жывога, чалавека пільнуюцца сваіх гнёздаў, не здраджваюць ім, вяртаюцца з выраю. Гэта паказаў нам, чытачам, адкрыў па-новаму для сябе Купала, калі ў пачатку 1918 г. жыў у Смаленску, назіраў за «гусямі-гудзіцелькамі», што праляталі над ім высока ў небе, як бы развітваліся, але не назаўсёды, на непрацяглы час, да наступнага вяртання. I славуты паэт, прарок народа вярнуўся ў родную Беларусь, не баючыся ні інтэрвенцыі, ні праследаванняў з боку акупантаў, ні іншых трагедыйных вынікаў. Падобнае адчуванне страчанай Радзімы і неабходнасці вяртання на яе перажываў у фаніысцкім палоне сам аўтар рамана і яго герой-двайнік Алесь Руневіч. Вынікам падобнай настроенасці Брыля і сталіся самыя яркія, лірычныя, па-філасофску роздумныя старонкі, сцэны, эпізоды «Птушак і гнёздаў». Спынюся за недахопам часу толькі на некаторых з іх.
     Вось у шталагу ён чытае аповесць Серашэўскага «Заморскі д'ябал». Спыняецца на радках з яе: «... вяртайся да сваіх. Там твая ніва. Праз свой народ — для чалавецтва». Словы гэтыя не даюць яму спакою. Усе астатнія доўгія дні і месяцы прысвечаныя былі пошуку шляхоў на Радзіму.
     Брыдзе Алесь Руневіч з сябрамі-ўцекачамі па нямецкай зямлі... Здарожыліся. Згаладаліся. Галодны далёка не ўцячэш. Спыніліся каля дома баўэра (сек дровы). Той спалохаўся, пачуўшы, што ўцекачы палякі. Кінуў усё, пайшоў да возера. А жанчына, баўэрыха (як не прыгадаць апавяданне пра аналагічны ўчынак «Маці») не збаялася, пачаставала хлебам, маслёнкай, апотым, як адышлі ў лес, прынесла кавалак сала і агуркі. Маці ёсць маці. Ёй кожны сын — і свой, і чужы — дарагі, родны. Таму і прамаўляе яна заклапочана і з трывогай: «Увесь свет — адзін дом. I навошта, скажыце, вайна?». Гэтыя словы чужой-сваёй маці, як добрыя справы і спагада ў іх лёсе нармальных людзей, дапамогуць і Алесю Руневічу, і іншым уцекачам пазней вярнуцца на Радзіму. Хоць ішла страшэнная вайна, гарэлі з такімі цяжкасцямі пабудаваныя дамы-гнёзды. Словы Маці — «увесь свет — адзін дом» — сучасныя і сёння. Трэба жыць, выжываць, імкнуцца да святла з задухі, з непрыняцця, з пагарды. I Алесь Руневіч толькі гэтым і заклапочаны далей.
     Пра свет, як вялікі агульны дом і як сваё роднае гняздо, думае вязень фашыстаў Алесь Руневіч, калі вандруе па лесе. Думае паэтычна, узнёсла. Асобныя словы з яго ўнутранага маналога запомніліся: «свет... і сапраўды адзін дом. Вялізны дом, у якім ніяк не можа пакуль што дайсці да ладу чалавечая сям'я».
     Перад эпілогам з сімвалічнай назвай «Ноч напрадвесні» Янка Брыль падае раздзел рамана «Дзе твой народ?». У гэтым раздзеле раскрываецца ў сціслай форме ідэя нацыянальнай годнасці беларусаў, даецца адказ на пытанне «Хто мы такія?». Сапраўды, чым мы адметныя ў «агульначалавечым доме»? Тым, што наша гняздо, дом наш часцей, чым дамы і гнёзды іншых народаў, былі разбураныя? Тым, што мацнейшыя суседзі не заўсёды лічыліся з намі? Дзве думкі, два крыкі з яго запомніліся. Першая думкакрык за дружбу народаў, за чалавечнасць, якую трэба зберагчы ад пачварнасці. Перасякаючы ўжо мёртвую, нерэальную граніцу, Алесь Руневіч узрушана звяртаецца да пакінутай на Захадзе краіны і народа: «Немцы — я не пакіну вас там, за дратамі граніцы! У агонь нашых новых сустрэч я панясу і воблікі ЛЮДЗЕЙ, і вобразы ПАЧВАР, паднятых або народжаных фашызмам!». А затым усе мары яго становяцца пра Беларусь, пра родную краіну, да якой, нарэшце, вывелі яго сцежкі з выраю: «Як ты сустрэнеш нас, родная?» — падумаў Алесь, нібы гэта была яшчэ не Беларусь. I далей — самыя апошнія словы перад эпілогам рамана: «А мы ідзём, радзіма. Моўчкі, з узгорка на ўзгорак. Туды, дзе ты — наша жыццё, журба і трывога...».
     Радзіма! Хто яе не любіць і не шануе, той не чалавек. Хіба можна на яе забыцца ў чужадалёкіх краях? Хіба будзе грэць цябе ля не сваіх берагоў сонца? Ці пазначаць табе дарогу на Радзіму іншаземныя маякі? Малаверагодна. Усё гэта не адбудзецца, калі ты сам не захаваў болю па родным краі. Калі спакойна спіш, не помнячы, як пякуцца жнівеньскія росы, як пахне дым з коміна тваёй роднай хаты (грыбаедаўскае «А дым Айчыны нам салодкі і прыемны» помніла, помню і буду помніць усё сваё астатняе жыццё). Калі не чуеш у сне, як б'ецца крыніца пад горкай і як спяваюць, ад радасці шалеюць у бярозавым гайку салаўі. Калі забыўся, як пахне бэз пад акном і цвітуць васількі ў жыце. Янка Брыль пастаянна нагадвае на працягу ўсяго дзеяння і ўсіх мрояў героя рамана Алеся Руневіча, што ёсць свет пачварны, свет сытых эсэсаўцаў, баўэраў, прадажных жонак адпраўленых на Усход салдат, прыхільнікаў нямецкага орднунга і жандарскай пільнасці, расавай чысціні і гітлерызму, і іншы — светлы, радасны і цёплы імя якому — роднае гняздо, матчына калыханка, Беларусь.
     З рамана «Птушкі і гнёзды» выйшла пазнейшая проза Быкава, Адамчыка, Пташнікава, Чыгрынава, Далідовіча і іншых мастакоў слова пра беларусаў, якія, падобна птушкам, шукаюць свайго гнязда.