Белорусские сочинения - Францыск Скарына - Подзвіг і трагедыя Францішка Скарыны (2)

Подзвіг і трагедыя Францішка Скарыны (2)

Францішак Скарына жыў у эпоху Адраджэння, якая нарадзіла сапраўдных тытанаў духу, славутых сыноў чалавецтва, што кінулі выклік недасведчанасці, нават самому Богу.
     Гэтая эпоха працягвалася прыкладна два стагоддзі — пятнаццатае і шаснаццатае. На яе прыпадае росквіт навукі, тэхнікі, адкрыццё новых земляў, народаў. Дзеячы Адраджэння ішлі на вогнішча, падрыхтаванае царкоўнымі і дзяржаўнымі інквізітарамі, але не адмаўляліся ад сваіх перадавых поглядаў на прыроду, гістарычны працэс і на ўсё, што адкрыў і спазнаў чалавечы розум.
     Сярод такіх гігантаў, асілкаў думкі, духу, асветнікаў, прарокаў чалавецтва — наш Скарына. Думаецца, што гісторыкі, літаратуразнаўцы, культуролагі так і не ацанілі Францішка па-сапраўднаму. Яны закрывалі вочы на тое, што менавіта на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, з'явілася першая друкаваная кніжка на ўсходнеславянскіх землях. Замоўчвалася і тое, што рускі цар не прыняў Скарыну і яго прашэнне аб падтрымцы кнігадрукавання. Але ж гэта трэба ведаць. Усходнія славяне павінны ганарыцца, што быў у іх такі слаўны сын.
     Быў. I пакутаваў. Пакутаваў ад сямейных спрэчак, неўладкаванасці асабістага жыцця. Ад беднасці, якая не дазваляла разгарнуцца як след з асветніцкай дзейнасцю. Пакутаваў і тады, калі адседжваў тэрмін за брата-нябожніка, не могучы разлічыцца з крэдыторамі. А хто ведае дакладна, па якой прычыне ён пакінуў свой край, Полацк, Радзіму назаўсёды? Скарына стаў першым беларускім эмігрантам. Мабыць, ён мог значна больш зрабіць, калі б жыў у краі сваім, працаваў прафесарам-лектарам ці лекарам. Чаму ж так сталася, што многія дні самага таленавітага сына беларускага народа прайшлі за межамі Радзімы, на чужыне, пры двары чэшскага караля? Выдатны асветнік займаўся вырошваннем ружаў. Справа гэтая таксама патрэбная і карысная, але на той час Францішак Скарына мог значна болей зрабіць. Уся бяда ў тым, што спрадвеку нашым народам кіруюць далека не лепшыя, не самыя таленавітыя і дальнабачныя людзі. Яны і не заўважылі выдатнага чалавека.
     Але Скарыну заўважылі мы. Як патрыёта і дэмакрата. Менавіта ён надрукаваў кнігі «Псалтыр», «Малая падарожная кніжка», «Апостал». Гэтыя выданні — помнікі сусветнай літаратуры і культуры, у якіх адбіўся вопыт чалавецтва на працягу многіх стагоддзяў, утрымліваюцца правілы паводзінаў, жыцця грамадскага і сямейнага, змяшчаюцца шматлікія міфы, легенды, паданні. Свае кнігі Скарына адрасаваў «людзям паспалітым дзеля добрага навучання». Па псалмах вучыліся дзеці ў старажытныя часы дзякуючы Скарыну. «Малая падарожная кніжка» прызначалася вандроўнікам у дарогу, узбагачала іх звесткамі пра месяцы, дні, зорнае неба, прыродныя з'явы. Праз кнігі Скарыны людзі спазнавалі свет шырэй і глыбей. Таму і завём мы выдатнага сына зямлі беларускай асветнікам.
     Асаблівую каштоўнасць маюць прадмовы Скарыны да кніжак. Яны напісаны на старабеларускай мове, зразумелай большай частцы насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. У іх выказана любоў да краю і свайго народа, гучаць развагі пра дабро і справядлівасць, жыццё і смерць. Скарына зрабіў выснову, якую павінен помніць кожны нашчадак: «... так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць».
     Прарочыя словы асветніка і сёння гучаць вельмі надзённа. Скарынавы кнігі шырока распаўсюджваліся па Еўропе і аказалі значны ўплыў на развіццё літаратуры.