Белорусские сочинения - Леанід Дайнека - Раман Л. Дайнекі «След ваўкалака»: думкі аб прачытаным (Сачыненне-эсэ)

Раман Л. Дайнекі «След ваўкалака»: думкі аб прачытаным (Сачыненне-эсэ)

Шчыря гаворачы, не хацелася брацца за гэтую тэму: і пісьменнік малавядомы, і твор аб’ёмны. Але адгарнулася першая старонка — і адкінулася сумненне, захацелася чытаць, чытаць, чытаць... Такая жывая гісторыя ў кнізе адкрываецца!

Далёкае-далёкае з першай сцэны стагоддзе. Драўляны поруб, апушчаны ў зямлю так глыбока, што не дастаць акенца-шчылінкі і ў два чалавечыя росты. Закуты ў ланцугі полацкі князь Усяслаў Чарадзей разам з двума сынамі.
Панылае, шэрае, аднастайнае жыццё. Усяслаў адчувае віну перад сынамі, пакутуе ў душы, што і яны вымушаныя пераносіць з ім трагедыю нявольніцтва. Яго прадчуванні горшага абвастраюцца яшчэ больш, калі пазней яго завядуць у залу кіеўскага князя Ізяслава, каб убачыў вольнае жыццё, і паведамяць, што сыноў яго вышлюць у Візантыю на перавыхаванне. А пакуль — драўляны поруб, вязніца вузкае акенца, ежа на кап’і стражніка. І раптам...

У сімвал свабоды, адкрытай, не сціснутай сценамі поруба, шырокай прасторы ператвараецца ў рамане жывая іскрынка — майскі жук, хрушч. Пісьменнік змог упісаць яго ў інтэр’ер вязніцкага побыту яскравым, сакаўным мазком, зрабіў галоўнай дэталлю карціны жыцця, якая зыначвае яго, уносіць у яго светлыя колеры: «Аднойчы праз акенца, якое, падаўшы на кап’і хлеб і ваду, зачыняў вой-ахоўнік, уляцеў у поруб майскі жук — хрушч... Усе трое, затаіўшы дыханне, сачылі за малюсенькім бліскучакрылым камячком, які лётаў ад сцяны да сцяны... Аказваецца, наверсе, у Кіеве, ужо даўно першалецце з высокімі белымі воблакамі. 3 цёплай мітуслівай лістотай дрэў».

Далей — болей... Перад намі ажываюць і іншыя старонкі сярэднявечнай гісторыі: праца рамеснікаў, змаганне за справядлівасць, побытавыя сцэны. Яны зіхацяць усімі колерамі вясёлкі, узаемна перасякаюцца, саштурхоўваюцца. Асабліва яскравай і праўдападобнай атрымалася сцэна допыту князя Усяслава кіеўскім князем Ізяславам: «Ігумен тупнуў сухой ножкай. Усяслаў усміхнуўся. Зноў вярнуліся да яго рашучасць і сіла.

— Ты не тое гаворыш, святы айцец, — сказаў ён Феадосію. — Я не трэшчына. Я — сцяна. Спрадвеку полацкія князі жывуць, павярнуўшыся тварам да Варажскага мора, ахоўваюць вашы і нашы землі ад ворагаў, ад яцвягаў і аўкштайтаў».

У рамане створаны яскравыя характары людзей, якія жывуць у старадаўні час і адпавядаюць яму сваімі ўчынкамі, знешнасцю, вопраткай, манерай гаварыць непаспешліва. Сцісла і лаканічна, кароткімі і часта абрыўнымі фразамі. Запамінаюцца такія героі рамана, як сыны Усяслава: старэйшы — Барыс, задуменны, засяроджаны, заняпалы духам у няволі і бессардэчны да бацькі («У порубе Барыс з кожным днём усё болей халаднеў, нібы камень-дзічак»), і малодшы — Расціслаў, мякчэйшы душою, які любіць бацьку, хінецца да яго, нібы малое дзіця.

Не выпадкова твор называецца так. Захаваліся запісы ў летапісах і іншых старадаўніх помніках пра тое, што князь Усяслаў Полацкі быў ваўкалакам, мог ператварацца з чалавека ў звера і наадварот. Таму і празваны ён быў Чарадзеем.
У рамане Л. Дайнекі Усяслаў паказаны патрыётам свайго краю. Пастаўлены народам на трон кіеўскага вялікага князя, ён доўга не прагрымаўся на гэгай пасадзе, вярнуўся ў свой родны горад, Нашчадак няскоранай Рагнеды, продак асветніцы Ефрасінні Полацкай, ён не мог іначай.

Раман «След ваўкалака» трэба чытаць не спяшаючыся. У ім крынічыць, пераліваецца ўсімі адценнямі колераў жывая гісторыя.