Белорусские сочинения - Віцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пра майстэрства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, драматурга i паэта

Пра майстэрства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, драматурга i паэта

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч як мастак нарадзіўся на народнай, фальклорнай аснове. Не было б фальклору — не было б выдатных яго паэмаў, вершаваных апавяданняў, быліц. Многія з гэтых твораў літаральна сатканы з народных вяселляў, гулянняў, перапоўнены песнямі, паданнямі, вобразамі міфалагічных істотаў і рознага казачнага насельніцтва, створанага людской фантазіяй. Мы даведваемся пра многія традыцыі народа нашага: як сустракаць свята вясны і лета, святкаваць Купалле і Дзяды, выклікаць розныя з'явы прыроды і ўплываць на людзей з дапамогай чараў. Ад фальклору перанасычанасць многіх твораў пісьменнікасталымі эпітэтамі, адмоўнымі параўнаннямі, алегорыямі і сімваламі, якімі карысталася вусная народная творчасць. Такім чынам, першая рыса майстэрства пісьменніка вызначаецца цеснай сувяззю яго творчасці з творчасцю народа. I выяўляецца яна як у паэзіі, так і ў драматургіі.
     Для прыкладу прывяду невялікі ўрывак з паэмы «Гапон» . Вось як апісвае пісьменнік падрыхтоўку да вяселля Кацярынкі і Гапона:
     
     Тут настала частаванне
     Дый падаркаў раздаванне, —
     Сотню паясоў маўляў!
     Свата ручніком звязалі,
     Баклагу у рукі ткалі,
     Штоб гарэлкі болын дастаў.
     
     Лубку з жытам падстаўляюць,
     Маладу на ей саджаюць,
     Як каралеўну на ўрад;
     Яна жа усцяж галосіць,
     Кругом паклоны разносіць...

     
     Увесь працэс і падрыхтоўкі да вяселля, і яго пачатку, і далейшага развіцця, і фіналу прасачыў пісьменнік і перадаў цудоўнымі радкамі. Апісанне заменьваецца, перабіваецца песнямі. Гучыць і хор. Выконваюцца і сольныя нумары. Песні і радасныя, і сумныя. Як на сапраўдным вяселлі: свацця спявае, прынёсшы муку («Бабкі запечныя, Дзеткі заплечныя, Благаславіце краснай панне каравай усчыніць»), а каравайкі «пры рабоце» спяваюць свае («Ты ступ, божа, з неба, Як нам цяпер трэба; Памагаў расчыніць, Памагай замясіць»). Госці скачуць «Лявоніху», «Бычка», «Казачка», «Мяцеліцу». Усё звініць, зіхаціць, пераліваецца! Жыццё рэальнае, карнавальнае вылілася на паверхню твораў Дуніна-Марцінкевіча, увайшло ў іх мастацкую структуру, пералілося ў сцэны, эпізоды, вобразы герояў. У «народнай аповесці» «Купала» выдатны майстар піша: «Маладзенькая ж Агатка, Як малінка — красна, гладка!» (ці не папярэднічае гэты вораздэталь Купалаваму вобразу з «Бандароўны» — «Як маліна, яе губкі»?). Пра тую ж Агатку пішацца далей, што ў яе белы ручкі, сінія вочкі, яе называюць ненаглядкай. Аўтар вучыцца ў народа пісаць проста, шчыра, зразумела.
     Дунін-Марцінкевіч выяўляе сябе сапраўдным майстрам драматургіі. Тут ён дэманструе сябе ў розных жанрах — камедыі, блізкай да вадэвіля, жарту («Пінская шляхта», «Залёты»), ідыліі, твора сентыментальнага характару з элементамі камедыйнасці, фарсавасці (помнім сцэну спатканняў у гэтай п'есе з нібы-каханкай герояў мужчынскага полу). Многія вершаваныя аповесці і апавяданні, быліцы і паэмы поўняцца дыялогамі, уключаюць у сябе абрады, дзеянне і тым самым набліжаюцца да драматургічнага роду літаратуры. Так я хачу вызначьіць яшчэ адну галоўную рысу майстрэства пісьменніка: у яго творчасці спалучаюцца і арганічна яднаюцца адзнакі трох родаў літаратуры — лірыкі, эпасу і драмы. Атрымліваецца нешта накшталт сінкрэтычнага, мастацтва на стадыі пазнейшага этапу развіцця, пасля таго, як яно распалася на састаўныя часткі. Крыху падумаўшы, ацаніўшы пэўныя мастацкія творы сучаснасці, можна сказаць, што тэндэнцыя да родавага сінтэзу і сінтэзу розных відаў мастацтва (слоўнага, фарбавага, гукавога) назіраецца і ў нашы дні. Чаму менавіта Дунін-Марцінкевіч ствараў падобнае сінтэтычнае мастацтва на роднай мове? Таму, што гэта быў яго час, час станаўлення новага, паводле фальклору мастацтва слова. А раз паводле фальклору, то сувязь розных элементаў павінна была быць абавязкова. Што такое, да прыкладу, нашы песні пра вясну, восень, жнівеньскія і іншыя абрадавыя? Толькі песні, аформленыя словам і пакладзеныя на музыку? Не. Гэта адначасова і карагодныя скокі, і дзеянне. Так і заснавальнік новай літаратуры ішоў следам за фальклорам, браў з яго ўсё, што толькі можна было ўзяць. Ён спяшаўся данесці да народа ў пісьмовым варыянце яго багацейшыя духоўныя скарбы.
     Асноўны драматургічны прыём, выкарыстаны па-майстэрску пісьменнікам, — пастаноўка дзейных асоб у трагікамічныя сітуацыі. У іх апынаецца нават разумны Навум Прыгаворка, калі спяшаецца на спатканне з цудоўнай сялянкай-паненкай. Актыўна працуюць і слова, фраза ў вуснах герояў («Хрэн табе ў вочы», «всемилостивейший указ» іг.д.). Майстэрства пісьменніка відавочнае і ў многім іншым. Яго творы перараслі свой час. З іх выраслі камедыі Купалы, драмы Галубка і інш.