Белорусские сочинения - Максім Гарэцкі - Празарэнне Максіма Гарэцкага (пра апошні перыяд творчасці пісьменніка)

Празарэнне Максіма Гарэцкага (пра апошні перыяд творчасці пісьменніка)

Апошні перыяд творчасці Гарэцкага прыпадае на гады высылкі ў Вяцкі край. Менавіта з 1931 па 1937 год ён паспеў напісаць на беларускай і рускай мовах раман «Віленскія камунары», распачаў працу над эпічным творам пра народ і важныя гістарычныя падзеі 19—20 стагоддзяў «Камароўская хроніка», а таксама над філасофскімі, спавядальнымі творамі дзённікавага характару «Скарбы жыцця», алегарычна-травесційнай аповесцю «Лявоніус Задумекус», падарожнымі нататкамі «Кіпарысы». Усе гэтыя творы сведчаць, што пісьменнік вярнуўся да сябе, ранейшага, маладога, пачынаючага аўтара, які ў лірыка-спавядальнай кнізе «Рунь» задумваўся над праблемамі чалавечага існавання, зла і дабра, цемры і святла, радасці і гора. Адзначу адразу, што шырокага эпічнага палатна пра змены ў жыцці яму не ўдалося напісаць ні ў 20-я, ні ў пазнейшыя гады. А таму і вяртаецца мастак як бы на новы круг свайго развіцця, што ў многім паўтарае ранейшы: піша творы малой формы, лірычна-прачулыя, эмацыянальныя. Творы, у якіх вера памянялася на недавер, светлы настрой саступіў месца змрочнаму, рамантычныя летуценні пра магчымае выйсце з тупіка і нацыянальнае адраджэнне — поўным адчаем, нявер'ем, адчуваннем тупіка, у які зайшло грамадства і завяло з сабой людзей. Перыядам вострага адчаю і недаверу да рэчаіснасці назвала б я творы Гарэцкага часоў высылкі у чужы край.
     Бясспрэчна, што ў іх адчувальныя моманты экзістэнцыялізму. Чалавек давераны ў «Скарбах жыцця», напрыклад, толькі сабе самому, вымушаны спадзявацца на сябе. Яго абкружылі чалавекападобныя налпы (перайначанае слова «малпы»). Яны вышчэрваюцца на яго, паварочваюцца да яго спінай, калі трэба падтрымаць, дапамагчы. Больш таго, герой аповесці ў абразках, аповесці-эсэ пачувае сябе блазнам на грэшнай зямлі. Ён — бяздомнік, беспрытульнік. Яго нідзе не бяруць на працу, калі даведваюцца пра яго мінулае — вязень, канцлагернік, ненадзейны і небяспечны элемент.
     На шляху героя-пакутніка — пасохлая ніва, чорны дол, ледзяная студня, бездарожжа, замкнёны круг, па якім рухаліся і вандроўнікі вясельнага цягніка ў вершы Купалы «Паязджане». Герой аповесці — сам аўтар, адрынуты грамадствам, кінуты ў неаглядную цемру. З болем піша пісьменнік пра прайграныя сумленным чалавекам баі, «пра могільнік мінулага ў душы, вострую рану ў сэрцы і глыбокую-глыбокую восень, што запаўзае ў душу адрынутай істоты, пра сваё адзіноцтва на жыццёвай арэне. Хоць цяжка такое запамінаць, але я запомніла некалькі радкоў з твора пра такое адчуванне і аўтара, і героя «Скарбаў жыцця» ў адначассе: «Цяжка мне танцаваць на арэне маёй. Мазгі мае сохнуць, асацыяцыі мае блекнуць. Цяжка аправіцца дрэву з сэрцам усохлым (...) Людзі цураюцца мяне, каб не запэцкацца аб мяне... Хто ўспомніць мяне ў ганьбе і выгнанні? ». Услухаемся ў гэтыя радкі. У іх сэнс. У іх гучанне. Іх аўтар шукае і не знаходзіць нідзе спачування і паратунку. Ён трызніць, як у паўсне, пра мінулае, цяперашняе і будучыню. Звернем увагу і на тое, што радкі гучаць падобна вершаваным. Максім Гарэцкі, свядома ці несвядома, рытмізуе прозу і ператварае ў вершаваную спавядальную лірыку.
      «Скарбы жыцця» напісаны як часткі аднаго цэлага, кампазіцыйна складаюцца з асобных абразкоў, замалёван, нататкаў. Рэаліі знешняга свету ў іх пераплаўляюцца страсным пачуццём і адыгрываюць ролю своеасаблівых штуршкоў для яго далейшага развіцця. А таму з поўным правам мы можам назваць гэты твор лірычным, спавядальным. На гэтыя яго рысы працуюць і пераважна трагедыйныя вобразы, сімвалы, і рытміка, блізкая да рытмікі верлібра (свабоднага верша). Учытаемся, услухаемся хоць бы ў заключны кавалачак тэксту гэтага выдатнага твора: «Браму скарбаў сваіх зачыняю. Цану рэчаў пазнаў. Людзей да самых глыбінь уведаў. Жыццём даражыць навучыўся. I да смерці сябе рыхтаваць я ўмею. Каб прыняць яе меч хоць калі, і без пары, і без усякай патрэбы. Дык слава жыццю! Слава і смерці!». Як і Брылёваму печніку з апавядання «Memento mori», аўтару-апавядальніку са «Скарбаў жыцця» Гарэцкага не засталося нічога іншага, як кінуць выклік абставінам і захаваць сваю чалавечую годнасць нават выпрабаваннем смерцю. Мастак прадчуваў свой блізкі канец (яго расстралялі ў Вязьме, пад Масквой), свядома рыхтаваўся да яго, годна пакінуў свет, якім кіравалі ўтрапёныя налпы і ў якім жылі абкрадзеныя духоўна, запрыгоненыя налпынявольнікі. А нам, чытачам, ён пакінуў запавет-роздум пра так і не адчыненую ім да канца браму скарбаў.
     «Скарбы жыцця» напісаны ў манеры сур'ёзнай лірыка-філасофскай прозы, сведчаць пра высокі патэнцыял мыслення пісьменніка, пра яго ўменне супроцьстаяць ідэалагічнаму дыктату і абараніць права пісьменніка на самавызначэнне, на Праўду, якой бы горкай яна ні была. У некалькі іншым стылявым ключы напісана аповесць «Лявоніус Задумекус». Ідэйны пафас гэтага твора такі ж самы, як і вышэй разгледжанага, — пераўвасобіўшыся ў блазна, «блазеннага», герой не можа выблытацца з трагедыйных абставінаў і прыходзіць да вываду пра непазбежнасць смерці — адзінага паратунку ад жыццёвай задухі. Аднак у гэтай аповесці, як мне думаецца, болын актыўна вядзецца пошук станоўчых ідэалаў, вынікам якога і становіцца сімвалічны вобраз выспы (грудка высокай зямлі пасярод балатоў у рэальнасці) Патмос — створанай аўтарскай фантазіяй краіны, дзе Праўда і Справядлівасць, Цяпло і Святло могуць ахінуць чалавека-блазна, уратаваць яго ад немінучага канца ў трагедыйных абставінах. Як пісала дачка пісьменніка Галіна Максімаўна, выспа Патмос азначала для мастака краіну творчасці, у якой можна было знайсці адзіны прытулак пры жыцці і пасля смерці. Гэта твор-прытча пра блуднага не па сваёй ахвоце сына, вымушанага бараніць не толькі кволае цела, хворыя ныркі ад лютай сцюжы, але больш душу сваю ў невыносна цяжкіх умовах. Адначасова гэта і фантастычная фантасмагорыя, свайго роду наваяўлены твор Рабле, дзе ад праўды да вымыслу, нармальнага — да ненармальнага адзін крок. Як і рускі пісьменнік Міхаіл Булгакаў, наш Андрэй Мрый, Гарэцкі стварыў травесційны твор з вялікай доляй трагедыйнасці, у якім выказаў непрыхільныя адносіны да таго, што рабілася ў нашым доме ў даваенны час.