Белорусские сочинения - Кузьма Чорны - Вобразы-сімвалы ў творчасці Кузьмы Чорнага (на прыкладзе раманнай прозы)

Вобразы-сімвалы ў творчасці Кузьмы Чорнага (на прыкладзе раманнай прозы)

Маўчыць, нібы камень, зямля,
     Палын невядомасцю свеціць...
     Што будзе, што будзе пасля? —
     Не скажа ніхто ў гэтым свеце.
     Сяргей Законнікаў
     
     Кузьма Чорны — пісьменнік філасофскага складу мыслення. У даследаванні пра беларускі раман пачатку 60-х гадоў вядомы беларускі празаік і літаратуразнавец Алесь Адамовіч паставіў раманы Чорнага побач з раманамі Ф. Дастаеўскага і Л.Талстога, адзначыў, што яго творы не саступаюць творам рускіх мастакоў слова філасафічнасцю, глыбінёй псіхалагічнага аналізу. I гэта сапраўды так: мы не можам не верыць у праўду разбурэння асобы чалавека пад уплывам трагічных падзей 20 стагоддзя, бо назіраем крок за крокам за падзеннем героя рамана «Вялікі дзень» Адама Блецькі, таго Блецькі, які ў маладым узросце забіў роднага брата і маці, уцёк за мяжу, зрабіўся злыднем пад уплывам ідэалогіі чалавеканенавісніка Тохарта. Фінал дэградацыі яго — здрада народу ў вайну, навядзенне карнікаў на людзей, якія сабраліся за вёскай у млыне. Стаіць ён, як злодзей, хаваючыся ў ценю дрэваў, і на вачах яго палаюць жанчыны, дзеткі, нямоглыя старыя людзі. Мы не можам не верыць пісьменніку-псіхолагу, які так паслядоўна засяроджваецца на паказе перажыванняў чалавека, што мог бы засадзіць усю зямлю садамі, накарміць тысячы і тысячы людзей хлебам, забудаваць сотні вёсак добрымі, светлымі дамамі, вырасціць прыгожых, добрых дачок і сыноў, — Максіма Астаповіча. Чалавеку-паэту многіх і многіх спраў, майстру, будаўніку зласлівы лёс наканаваў жыць на папялішчы, разбураць пастаўленую з панскіх былых бярвенняў хату, ратавацца і ратаваць дачушку і ўнучку пасярод спапялёнай вайной планеты Зямля. Мы верым пісьменніку, бо бачым, чуем, чым жывуць, пра што думаюць, як пакутуюць яго героі, як пакутуе зямны шар у цэлым. I тут ужо мне хочацца перайсці непасрэдна да раскрыцця тэмы.
     Ёсць мастакі слова, якія пішуць зразумелыя, празрыстыя творы. У многім такім можна лічыць і «Новую зямлю» Коласа, дзе, нягледзячы на агульнафіласофскі змест, ўсе зведзена да ўхвалення чалавечага жыцця, усё адкрыта чытачу, пададзена, як на далоні. Падобны падыход да раскрыцця тэмаў, праблемаў, паказу чалавечых характараў, які можна было б назваць «адкрытым», назіраецца і ўтворчасці Івана Шамякіна. Што, напрыклад, незразумелае ў яго пенталогіі «Трывожнае шчасце» ? Каханне Сашы Траянавай і Пятра Шапятовіча? Адрозненне паміж духоўным светам Сені Пясоцкага і Сямёна Кідалы? Супроцьпастаўленне мірнага даваеннага і ваеннага жыцця? Не, усё ў Шамякіна мае прамое значэнне ў творах: дабро ёсць дабро, зло ёсць зло, летуценнікі застаюцца летуценнікамі, практыкі і прыстасаванцы — практыкамі і прыстасаванцамі, бярозкі і сосны — бярозкамі і соснамі, а не нечым большым, чым, дапусцім, у творчасці Івана Навуменкі — аўтара раманаў «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», у рамане Карамазава «Путча» ды і «Нерушы» Віктара Казько. I Млечны Шлях застаецца Млечным Шляхам, пад якім разгортваюцца зямныя падзеі. Але ёсць у літаратуры пісьменнікі, якія ператвараюць звычайнае зямное жыццё ў суцэльныя сімвалы, насычаюць гэтыя сімвалы глыбінным падтэкстам. Такіх пісьменнікаў няшмат у нас, многія майстры звыкліся з думкай, што трэба пісаць зразумела, даступна, ледзь не апускацца да слаба адукаванага, непераборлівага і непатрабавальнага чытача. Кузьма Чорны не любіў «адкрытае» пісьмо. Яно ў яго заўсёды таямніча-загадкавае, простае толькі на першы погляд. Таямнічасць і загадкавасць — душа літаратуры. Не было б яе, хто чытаў бы творы, дзе паўтараліся б адны і тыя ж сітуацыі, дзейнічалі адны і тыя ж героі, як у Купалавай «Вечарынцы ў калгасе». Жыццё, паводле Чорнага, само па сабе — загадка, свайго роду Сфінкс, рэбус, які не кожны можа патлумачыць. Так, напрыклад, у рамане «Млечны шлях» Млечны Шлях — не проста згустак зорак на небасхіле, а жывая істота, якая пільна назірае за ўсім, што робіцца на зямлі. Ён у рамане няветлівы, азмрочаны, бо распадаецца часовы чалавечы калектыў з беларуса-заходніка, чэха, паляка, беларуса-ўсходніка, немцаў. У хаце Мікалая Сямагі яны пасябравалі, спавядаюцца, сытыя, пасля пахавання маленькай дзяўчынкі, перад яе сястрой у сваіх маленькіх радасцях і бедах. Здаецца, усё ў парадку, усе — аднадушныя ў жаданні быць братамі, але як толькі ў хату заяўляецца фашысцкі карны атрад, немцы прымыкаюць да яго, здраджваюць ранейшым таварышам і выдаюць іх за партызанаў. Млечны Шлях не дараваў людзям падобнае злачынства. Яму тужліва і страшна глядзець на тое, што гуманісты вершаць смерць над ваўкалакамі, вымушаныя спаліць іх у сваёй хаце, сваім мірным доме. Дзеянне ў рамане адбываецца не толькі ў маленькай кропцы зямлі, але і на ўсёй планеце, а Млечны Шлях — пракурор, суддзя, сведка зямных злачынстваў, зямной бяды.
     Да сімволікі прыбягае мастак і пры характарыстыцы герояў, што ператвараюцца ў носьбітаў нейкіх агульнаабстрактных паняццяў. Так, напрыклад, у рамане «Вялікі дзень» заваёўнік Клебер — сама жорсткасць і бесчалавечнасць. Яго дзікунскія дзеянні чалавеказабойцы зведзены ў адну мастацкую дэталь: на фоне палаючага млына, дзе гінуць невінаватыя людзі, стаіць чалавек-робат, чалавек-аўтамат, і твар яго падобны на «востры меч». Чалавек-меч — можна і так сказаць пра яго, некалькі дапаўняючы аўтарскую задумку пра вобраз ката, пазбаўленага самых мінімальных рысаў чалавечнасці.
     Значны філасофскі змест укладвае мастак у вобразы-архетыпы (найбольш старажытныя, даўно вядомыя), уласцівыя не толькі беларускаму, але і іншым слоўным мастацтвам народаў свету. Так, у рамане «Пошукі будучыні» неаднаразова пісьменнік звяртаецца да вобраза дарогі, шляху, што значаць рух наперад, еднасць паміж рознымі часткамі свету і куткамі Беларусі. У гэтым і іншых творах падобныя вобразы сімвалізуюць сувязь паміж рознымі эпохамі, мінулым і будучым часам. Вось як, напрыклад, майстар апісвае грунтавую дарогу з Палесся на Мінск: «няроўная, выкручастая і больш ціхая, чым людная». Але менавіта па гэтай дарозе рухаліся людзі за часам Вялікага княства Літоўскага. Менавіта тут пачыналася наша гісторыя. Гэтыя дарогі звязвалі розныя часткі Беларусі, засведчылі больш даўнюю гісторыю, бачылі большасць радасцей і трагедый нашай зямлі. Толькі пасля іх з'явіліся цывільныя, удасканаленыя і папраўленыя асфальтаваныя шашэйныя дарогі. Не выпадкова і тое, што даўні шлях беларусаў заканчваецца колам і абрываецца ў жыце: кола — сімвал вечнага руху, жыта — сімвал жыцця. Так і кружыць наш народ у вечнасці, сярод узрошчанага ім жыта, дзеля будучай перспектывы.
     Чытаючы раман «Пошукі будучыні», я звярнула ўвагу і на вобраз крыжа, скрыжавання. Скрыжаванне праходзіць недалёка ад Сумліч (прататыпам гэтага паселішча з'яўляюцца Цімкавічы ў Капыльскім раёне). Гэты вобраз праходзіць як скразны праз беларускую літаратуру да- і паслярэвалюцыйнай пары і азначае нялёгкі лёс нашай краіны, яе раскрыжаванасць на шалях гісторыі. Крыж — сімвал перасячэння на наглых землях інтарэсаў і нашага народа, і заваёўнікаў, чужынцаў. Ён сімвалізуе таксама і нашу неўміручасць. Дарэчы, тут, на скрыжаванні некалькіх дарог, знаходзяць свой канец чужакі. У рамане «Пошукі будучыні» — Густаў Шрэдэр-старэйшы, іншыя заваёўнікі.
     Вечнасць жыцця сімвалізуюць у рамане «Пошукі будучыні» парасткі таполі, якія штогод падразаюць косы для Вялікага скрыжавання, але на лета яны зноў адрастаюць, цягнуцца да сонца. I росту іх ніхто не ў стане спыніць. Больш таго, некаторыя з іх вырастаюць да дрэваў, ствараюць градкі сярод пакошы.
     Можна пісаць і пра іншыя ўдала выкарыстаныя пісьменнікам вобразы-сімвалы, але зрабіць мне гэта не дазваляе памер сачынення. Таму я пераходжу да падсумавання сваіх назіранняў. Кузьма Чорны — няпросты пісьменнік. Чытаць яго творы вельмі цяжка. Але ў тым ён не вінаваты. Больш вінаватыя мы, бо думаем падчас, што ў мастацтве ўсё павінна быць зразумелым і ясным. Не, мастацтва гіне, разбураецца, калі яно аднолькава зразумелае для ўсіх. Чорны востра ад уў неабходнасць узняць чытача да ўзроўню філосафа, які павінен убачыць за знешнім — унутранае, за малым — вялікае, за адзінкавым — усеагульнае. Яго цікавілі найдрабнейшыя рысы ў партрэце чалавека і партрэце Жыцця. I разам з тым яго цікавілі рысы жыцця ўсеагульнага, жыцця як сімвала вечнасці. Ён глядзеў на свет з маленькага зямнога куточка і з касмічнай прасторы. Спачуваў кожнаму чалавеку і не ў меншай ступені — зямному шару, які могуць узарваць, разбурыць ліхія падзеі. Дзякуй яму, мастаку, які прымусіў і мяне паглядзець на сябе з вышыні агульначалавечых каштоўнасцей, параўнаць свае паводзіны з паводзінамі чалавека-мяча і Максіма Астаповіча — садоўніка і будаўніка. Дзякуй яму, што раскрыў ён сапраўдны твар вайны, якая не ведае літасці і нясе змрок і ўсеагульнае разбурэнне. Я падумала: што, калі б не было Чорнага ў гісторыі нашай нацыянальнай літарутуры? Што ўяўляла б сабой наша нацыянальная літаратура пра вайну і мір, дабро і зло? Аповесці пра разбураныя юнацкія мары Міці Птаха і яго аднагодкаў, лірычныя замалёўкі пра абпаленыя чорнай навалай чалавечыя лёсы? Чорны — філосаф і аналітык пачаў больш сур'ёзную і глыбокую размову пра войны, украдзенае дзяцінства і маленства, разбураныя чалавечыя гнёзды, спусташальныя маральныя вынікі сусветных бойняў. Эстафету з яго рук падхапіў Васіль Быкаў, які ў многім давёў да канца размову свайго папярэдніка і настаўніка пра вялікі кошт чалавечага існавання на зямлі, пра неабходнасць любой цаной захаваць зямную цывілізацыю.