Белорусские сочинения - Мікола Гусоўскі - "Край свой калісьці я перамераў удоўжкі i ўпоперак пешшу..." (творчасць Міколы Гусоўскага)

"Край свой калісьці я перамераў удоўжкі i ўпоперак пешшу..." (творчасць Міколы Гусоўскага)

Кожны народ не без роду і племя
     і мае Летапіс свой і гісторыі
     след на старонках.
     Мікола Гусоўскі
     
     Мікола Гусоўскі — выдатны беларускі пісьменнік эпохі Адраджэння. Ён вядомы нам перш за ўсё сваёю «Песняю пра зубра». Гэта твор пра край і народ, роздум і трывогу за Вялікае княства Літоўскае, пра месца радзімы на шляхах гісторыі.
     «Песня пра зубра» — згустак роздумаў аб праблемах жыцця Бацькаўшчыны — Беларусі, і таму менавіта ёй Мікола Гусоўскі прысвяціў безліч радкоў. Паэт з замілаванасцю апісвае родны край. Аўтар любуецца пушчай, дзе прайшло яго дзяцінства, апісвае, як ён сам паляваў на зубра: «Ёсць жа магчымасць пакуль у вершы сказаць пра ўсё тое, што давялося калісь бачыць на ловах не раз. Там я патраціў і час, якога не вернеш, бо марна дома сядзець не любіў: звычка не тая была»; «у нетрах лясных на Літве, калі адбывалася гэта, часта і я быў раўнёй мужным у справе сябрам. Лёс мой каню давяраў, кідаўся ў Дняпро мнагаводны, рэчак віры, калі звер знікнуць хацеў па вадзе. Не ад таго, што прыгоды любіў, пагарджаў небяспекай: сорамна проста было раптам ад хлопцаў адстаць. Шмат перанёс я нягод у час паляванняў літоўскіх, гэты занятак, скажу, трохі мяне агрубіў».
     Гусоўскі вельмі добра арыентаваўся ў лесе, быў нядрэнным паляўнічым. Ён шмат ведаў пра звычкі лясных звяроў, птушак і асабліва пра зубра. «Бацька мяне навучыў цікаваць асцярожнага звера, ціха, нячутна ступаць, крокам бясшумным ісці», — піша ён пра сябе.
     Але што мы яшчэ ведаем з біяграфіі пісьменніка? Бясспрэчна, нельга не сказаць пра яго адукацыю і глыбокія веды. Вось пра што расказваецца ў паэме: «свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх, граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай».
     Пра адукаванасць Міколы Гусоўскага гаворыцца і ў наступных радках: «Многае, што я чытаў, — гэта памятнікі даўняга часу, там і прырода, і быт розных зямель і краін».
     Чытаючы «Песню пра зубра», мы можам уявіць тое, пры якіх умовах і як пісалася гэта паэма. Таму, безумоўна, трэба сказаць пра гэта, і сказаць словамі самога Міколы: «Зрэшты, чытач, ці бачыў ты пёркі мае для пісання? Я іх нашу ў калчане, важна ён збоку вісіць. Стуль і паперу бяру, калі я пісаць пачынаю, стуль на пагібель чыюсь з посвітам пёркі ляцяць». Увогуле, можна сказаць: «Песня пра зубра» — гэта крыніца нашых ведаў пра біяграфію Міколы Гусоўскага.
     Прачытаўшы паэму, можна шмат даведацца пра яго жыццё, погляды, заняткі. Паэт апісвае родны край і ў той жа момант расказвае пра сябе. Таму гэту паэму можна назваць аўтабіяграфічнай, дзе адлюстроўваецца ўсё жыццё паэта.