Белорусские сочинения - Мікола Гусоўскі - Вобраз Вітаўта ("Пахвала Вітаўту", "Хроніка Быхаўца", "Песня пра зубра")

Вобраз Вітаўта ("Пахвала Вітаўту", "Хроніка Быхаўца", "Песня пра зубра")

Гэта памяць звініць
     Цецівою тугою.
     Беларусь бараніць
     Колькі выпала вою!..
     Вітаўт!
     Сэрца агонь
     У легендах-каралях.
     Вольга Іпатава
     
     Вітаўт — адзін з найвялікшых князёў Беларусь Менавіта пры вялікім князю Вітаўту, які правіў і жыў у 1350—1430 гадах, Беларусь стала найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавай. У час яго княжання наша дзяржава мела трывалыя дыпламатычныя адносіны літаральна з усімі заходнееўрапейскімі краінамі, а таксама з Асманскай Турцыяй, Крымскім ханствам і Масковіяй. Пры княжанні Вітаўта Вялікае княства Літоўскае дасягнула найбольшых граніц і вяло адносна незалежную палітыку. Вобраз князя, яго слаўныя справы знайшлі адлюстраванне ў многіх літаратурных помніках гэтага перыяду: «Пахвале Вітаўту», «Хроніцы Быхаўца», «Песні пра зубра» М.Гусоўскага.
     У адным з арыгінальных помнікаў беларускай старажытнай літаратуры «Пахвале вялікаму князю Вітаўту» гучыць усхваляванае лірычнае слова пра вялікага князя. Гэта не звычайнае апавяданне пра пэўныя гістарычныя падзеі, а ўрачыстае ўхваленне велічных вынікаў яго дзяржаўнай дзейнасці. Аўтар «Пахвалы Вітаўту» ўслаўляе князя як мудрага і ўсемагутнага валадара, даносіць да чытача сваё ўяўленне пра яго веліч і славу. «Калі б было магчыма спасцігнуць вышыню неба і глыбіню мора, то можна было б выказаць сілу і храбрасць гэтага слаўнага гаспадара», — красамоўна сцвярджае ён. Аўтар гаворыць пра агромністы палітычны ўплыў Вітаўта ў Еўропе, пра яго вялікі міжнародны аўтарытэт. «...Вялікія князі, вялікія землі, пра якія мы тут пісалі, адны ў вялікай любові жылі з ім, а іншыя моцна служылі яму, слаўнаму гаспадару, пашану вялікую выказвалі і падарункі шматлікія прыносілі яму не толькі кожны год, але і кожны дзень». Усемагутны Вітаўт, сцвярджае аўтар, узводзіў на трон і пазбаўляў улады татарскіх ханаў у грознай Залатой ардзе і фактычна валодаў «усёй рускай зямлёю».
     У «Хроніцы Быхаўца», якая ўяўляе сабой своеасаблівы цыкл аб'яднаных адзінствам тэмы вострасюжэтных апавяданняў, расказваецца пра значныя гістарычныя падзеі перыяду станаўлення Вялікага княства Літоўскага, жыццё і дзейнасць князёў. У гэтым творы таксама паказваецца вобраз князя Вітаўта, расказваецца пра яго каранацыю.
     У «Песні пра зубра» М.Гусоўскага мы зноў жа сустракаемся з асобай князя Вітаўта. Паэт урачыста, спакойна вядзе расказ пра заслугі Вітаўта перад краем і ў той жа час прыводзіць вельмі ўсхваляваныя прыклады ягонай дзейнасці. Княжанне Вітаўта паўстае ў паэме як час гераічных спаборніцтваў, дзе кожны чалавек меў прастору для подзвігаў і сцвярджэння сваёй годнасці.
     
     Доблесць пры ім афіцыйна лічылася першай
     Якасцю воіна, і на вайсковых аглядах
     Ён, як аптэкар на вагах, узважваў, хто лепшы,
     Лепшаму там жа за доблесць і дзякаваў шчодра.
     Ох, не любіў баязліўцаў і пестаў з магнатаў!
     Будзь ты магнатам, але калі дрэйфіш у справе,
     Лёс незайздросны ў такога — пагарда дружыны.
     Строга і крута судзіў, і пры тым — справядліва.

     
     I ўсё ж такі М.Гусоўскі ідэалізаваў Вітаўта ў адносінах да рэлігіі, ведаючы, што князь адносіўся да веры так, як належала палітычнаму дзеячу. Сам асабіста пераходзіў з язычніцтва ў праваслаўе, потым двойчы ў каталіцызм, у залежнасці ад палітычных абставін.
     Вітаўт, паводле паэмы М. Гусоўскага, быў ваяўнічы, уладарны, суровы і просты ў побыце.
     Усе старажытныя аўтары стараліся паказаць у вобразе Вітаўта ідэальнага гаспадара дзяржавы. Вобраз аднаго з вялікіх і паважаных князёў нашай мінуўшчыны знайшоў адбітак і ў творах сучаснай беларускай літаратуры. Нашы сучаснікі лічаць яго выдатнай асобай, славутым суайчыннікам, які абараняў Беларусь і ўславіў яе сярод іншых народаў.