Белорусские сочинения - Іншае - Мае пакаленне, якое яно?

Мае пакаленне, якое яно?

Калі разглядаць гэта пытанне, то трэба ўлічваць сацыяльныя, эканамічныя абставіны цяперашняга часу. Пасля распаду Савецкага Саюза вельмі хутка пачала расці дыферэнцыяцыя насельніцтва, яго даходаў, а гэта прыводзіць да розніцы ў магчымасцях фізічнага, духоўнага, культурнага развіцця маладога пакалення. Шэраг прычын прыводзіць да ўзнікнення падлеткавай злачыннасці, наркаманіі. Узнікае пытанне: як пазбавіцца ад усяго гэтага? Адказ просты: трэба аздараўляць першапачаткова само грамадства, яго сацыяльныя асновы.
     Напэўна, не трэба было пачынаць пісаць з самага дрэннага, бо ў нашым жыцці ёсць шмат і станоўчых момантаў. Дарослыя нярэдка кажуць: «Якая пайшла моладзь, што за інтарэсы, вось мы ў дзяцінстве...» Пасля гэтых слоў хочацца падумаць: а ці сапраўды цяперашняе пакаленне так адрозніваецца ад папярэдняга?
     Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба прывесці некалькі прыкладаў, якія датычацца культурнага жыцця. Па-першае, няпраўда тое, што сучасная моладзь не разумев класічнай музыкі. Таленавітая музыка — яна заўсёды таленавітая. Безумоўна, цяперашняя моладзь у асноўным аддае перавагу сучаснаму року, але застаюцца і прыхільнікі класікі. Па-другое, накладвае свой адбітак і час, у якім мы жывём., Навукова-тэхнічны прагрэс не мог не ўнесці змены ў грамадства, але змены зменамі, а штосьці старое павінна было застацца. Цікавасць да тэатраў і музеяў ніколі не знікне, бо гэта — культурнае жыццё, без якога не можа існаваць ніякая краіна.
     Я хачу вярнуцца да самых набалелых пытанняў, адно з якіх — адказнасць моладзі. Адказнасць за свае ўчынкі, за далейшы лес бацькаўшчыны. Маладое пакаленне не мае гэтай адказнасці. Калі спрабую разабрацца, чаму гэта так, то разумею, што ўся справа не ў тым, што адказнасці няма, а ў самім падыходзе да праблемы. Напрыклад, нашы бацькі лічылі за абавязак адслужыць у арміі, каб быць гатовымі абараняць самастойнасць нашай дзяржавы. А цяпер мала дзе можна знайсці чалавека, які жадаў бы стаць салдатам, бо ён не ведае, ці сапраўды яму прыйдзецца абараняць толькі сваю Радзіму. Акрамя гэтага мы, як і іншыя людзі, хочам жыць у мірнай дзяржаве, жадаем таго, каб тыя жудасныя карціны непатрэбнай для нас вайны, якія апісала Святлана Алексіевіч у «Цынкавых хлопчыках», ніколі не паўтарыліся. Гэта толькі адзін з многіх прыкладаў, які даказвае, што праблемы моладзі павінны вырашацца на дзяржаўным узроўні.
     Будучыня краіны залежыць ад нас — маладога пакалення. Але калі не будзе падтрымкі з боку старэйшых, то мала што можна змяніць. На маю думку, сёння ёсць усе падставы для таго, каб у далейшым нас напаткала лепшая будучыня, чым нашых бацькоў!