Белорусские сочинения - Іншае - «Сваёю сцежкаю ісці...»

«Сваёю сцежкаю ісці...»

Важны фактар, які вызначае вартасць творчай прады (ці на літаратурную, ці на вольную тэму), — фактар самастойнасці мыслення. Вышэй мы ўжо трошкі гаварылі з табой пра гэта, дарагі чытач. Не будзем паўтарацца. Давай проста параімся, як і калі, у якіх канкрэтных выпадках можна выявіць сябе як самастойна мыслячую істоту (не крыўдуй, нічога абразлівага ў прыведзеных словах няма, усе мы з’яўляемся мыслячымі істотамі, чым і адрозніваемся ад звяроў, птушак, рыб, расліннага свету). Важна таксама захаваць меру, выкарыстаць аптымальную «дазіроўку» самастойнасці ў раскрыцці тэмы, каб экзаменатару не падалося, што ты — крытыкан, які не прызнае агульнапрызнанага, абвяргае традыцыйныя каштоўнасці, не ведаючы, якімі павінны быць каштоўнасці сапраўдныя. Многа, сказаць па праўдзе, мне давялося бачыць падобных маладых людзей на доўгай і пакручастай жыццёвай дарозе. Яны маглі разгарнуць філасофскую канцэпцыю разумення твора і творчасці пісьменніка, ды і нават літаратуры ў цэлым, фактычна яе не ведаючы, мала чытаючы. Асабліва перажываў такі выпадак, калі чуў суцэльную дэмагогію з вуснаў падобнага «вундэркінда» на ўроку пра Радзівона Раскольнікава ў заслужанай настаўніцы Беларусі. Гэта быў пачатак 1960-х гадоў Росквіт павеваў пераацэнкі, пераасэнсавання ранейшага. Менавіта ў гэты час нажывалі сабе капітал «гарластыя» маладыя людзі, выскачкі. I гэты малады чалавек мінут дваццаць гаварыў пра ўсё і пра нішто, па прынцыпе «Быць альбо не быць», меў рацыю Раскольнікаў са сваімі даволі чалавеканенавісніцкімі поглядамі на жыццё ці не. Не ўпадабняйся такім маладым людзям. Пішы і гавары паводле асэнсавання канкрэтнага матэрыялу, тэксту і свайго асабістага ўспрымання жыцця; якое, хоць ты, можа, гэтага не адчуваеш яшчэ, склалася пад уражаннем хатняга жыцця і школьнага выхавання, узаемаадносін з сябрамі і блізкімі, знаёмства з кіна- і відэафільмамі, кнігамі. Не саромейся гаварыць: «На маю думку, тут пісьменнік не мае права асуджаць свайго героя, бо парушае логіку развіцця падзей, не дацягвае да сапраўднага гістарызму» (як у выпадку з надзвычай хуткім перавыхаваннем чалавека-ўласніка ў чалавека-гуманіста і клапатлівага бацьку Міхала Тварыцкага з рамана Кузьмы Чорнага «Трэцяе пакаленне», які дзёсяцігоддзямі вывучаўся ў школё і меўся выхаваць маладых людзей, адданых высокай справе будаўніцтва самага справядлівага на зямлі грамадства, толькі не сабе, не будучай сям'і, не спрадвечным, агульначалавечым маральным каштоўнасцям). Асабліва пераканаўча гучыць вось гэтае «як мне здаецца» ці варыянт падобнага выказвання «магчыма», а можна напісаць і сказаць яшчэ прасцей («несумненна», «бясспрэчна», «відавочна») у канцы, калі падводзяцца вынікі гаворкі, падсумоўваюцца назіранні ў цэлым, прыводзіцца ў сістэму чужое і выносіцца асабісты прысуд таму, пра што пісалася і гаварылася. Вось адзін з прыкладаў, як думаецца, арыгінальнай канцоўкі працы І вуснай размовы на тэму «Сцежкі-дарожкі Андрэя Лабановіча»...

«Канечне, можна згаджацца і не згаджацца з тым, што сказана пра героя-праўдашукальніка Андрэя Лабановіча. Відавочна, што самі даследчыкі слоўнага мастацтва дагэтуль спрачаюцца, кім жа ён быў у жыцці, куды ішоў у канчатковым выніку. Таму і цяжка адказаць на пытанне пра канкрэтную сцежку вясковага настаўніка. Ды важна тое, што ён шукае сваю сцежку. А колькі людзей яе ўвогуле не шукаюць, ідуць той, на якую ім паказалі кіраўнікі, што стаяць над імі. Толькі такія людзі, як целыпынскі настаўнік, урэшце разбяруцца, дзе дабро, а дзе зло, дзе любоў, а дзе нянавісць, і зразумеюць, гаворачы словамі рускага паэта Аляксандра Блока, “куды ісці, у якім змагацца стане”. Я абсалютна ўпэўненая, што, калі б Лабановіч (як літаратурны герой і як жывы чалавек) дажыў да сталінскіх рэпрэсій, ён не застаўся б у баку ад народнай трагедыі, заступіўся за свой народ, пайшоў з ім разам у чужы край не па сваёй волі. Яму і адрасую радкі, што выспеліліся ў душы пад уражаннем прамоўленых ім слоў “намацаць галінамі сонца”:

Што гэта за сонца, што не сагрэе Хоць бы аднойчы людскія далоні?

Што гэта за дрэва, што ў цемры галее,

Не цягне галін сваіх стрэлы да промняў?»

Экзаменатары не любяць, калі часта паўтараецца: «Я так думаю», «Не магу згадзіцца з гэтым выказваннем», «Хачу паспрачацца» і г. д.
Лепш сказаць ад свайго імя два, сама болей — тры разы. I пераканаўча абгрунтаваць асабістае выказванне, уласныя вывады, Лепш нават дзейнічаць не так прамалінейна, а завуалявана, тактоўна, не выстаўляючы на паказ свае «Я», раз за разам абвяргаць няправільныя палажэнні, якіх так многа ў нашых даследаваннях па літаратуры, удакладняць, «папраўляць» іх. Улічым, што многія палажэнні пра лёс пісьменнікаў, ідэйны пафас іх твораў выказваліся даўно, але аўтарытэтнымі даследчыкамі: Віктарам Каваленкам, Іванам Навуменкам, Міхасём Лазаруком, Уладзімірам Івашыным, Алесем Адамовічам, Рыгорам Бярозкіным, Варленам Бечыкам, Уладзімірам Калеснікам. Цэлае сузор’е імён! Ведай хоць некалькі з іх, каб не быць абсалютна недасведчаным у пытанні пра тое, хто ж стараўся зразумець літаратуру і данесці сваё разуменне да чытача. Можаш запомніць, што Алесь Адамовіч выдатна даследаваў буйную эпічную прозу (яго манаграфія 1960-х гадоў «Беларускі раман» не страціла сваю вартасць і значнасць і ў нашыя дні); што Рыгор Бярозкін — таксама нябожчык, быў рэпрэсіраваны ў даваенны час, выдатна раскрыўся як даследчык творчасці Янкі Купалы (кніга «Свет Купалы»), Максіма Багдановіча (манаграфія «Чалавек напрадвесні»), руска-беларускіх літаратурных сувязей; што Іван Навуменка — не толькі самабытны даследчык духоўнага аблічча Коласавых і Купалавых герояў, творчасці Дуніна-Марцінкевіча, Змітрака Бядулі, а і аўтар цудоўных лірычных апавяданняў пра сляды, пакінутыя чалавекам на зямлі, раманнай трылогіі пра мінулую вайну «Вецер у соснах», «Сасна пры дарозе», «Сорак трэці» і інш. Нават у сачыненні, а не толькі ў вусным адказе спаслацца на вядомых літаратуразнаўцаў і крытыкаў не пашкодзіць: тым самым ты пакажаш і сваю эрудыцыю, і самастойнасць мыслення.

Самастойнасць мыслення... Я разумею гэта так... Мяняюцца на зямлі пакаленні. Мяняюцца погляды на свет. Погляды старэйшага пакалення нечым цябе ўжо не задавальняюць, стрымліваюць, як ты лічыш, тваю асабістую ініцыятыву, накладваюць на мысленне цяжкія ланцугі (вярыгі, як даўней пісалі і гаварылі). Але яно павінна ўлічваць ранейшыя набыткі, прыслухоўвацца да таго, што гаварылася, пісалася. Хіба можна, напрыклад, адкідаць працы Уладзіміра Калесніка, які адкрыў нам арыгінальны мацярык слоўнага мастацтва — літаратуру Заходняй Беларусі, змагаўся з партыйнай бюракратыяй, якая па ідэалагічных меркаваннях забараніла нават згадваць пра дзейнасць КПЗБ і звязаных з ёй літаратараў. Сумленне Калесніка не магло прымірыцца з тым, што нельга пісаць і гаварыць пра цудоўную паэзію Максіма Танка - вязня дэфензівы, які ў вядомай палітычнай турме Лукішкі ў Вільні, у турэмнай камеры напісаў яркія радкі пра тое, як хруснула ў худых руках зняволенага «іржавае жалеза» кратаў, калі ён убачыў у дворыку расцвілае полымя бэзу, ускінутае на калючы дрот. Што нельга згадваць Рыгора Шырму, Піліпа Пестрака, Валянціна Таўлая і многіх іншых змагароў за свабоду «ўсходніх крэсаў», свайго шматпакутнага краго. I ён пісаў пра іх і іншых мастакоў слова. Пісаў, пакуль яны не былі рэабілітаваныя і прызнаныя грамадскасцю. Мэтай яго жыцця стала імкненне абараніць свабоду мыслення ў таталітарнай дзяржаве. Дык як не згадваць такіх папярэднікаў, мой малады і дапытлівы чытач! Запомні: чым больш ты іх згадаеш, чым акуратней будзеш на такіх сумленных даследчыкаў абапірацца ў сваіх разважаннях пра літаратуру, тым лягчэй табе будзе выйсці на сцяжыну самастойнага мыслення.

Самастойнасць мыслення асабліва яскрава можа выявіцца пры параўнальным аналізе мастацкіх твораў, літаратурных герояў, пісьменніцкага майстэрства і г. д. Вышэй мы гаварылі ўжо, што ў мастацтве, як і ў жыцці, многае паўтараецца. Гэта заканамерна. Вось і трэба ўбачыць такое паўтарэнне, заўважыць рысы падабенства і адроз-нення. Яны часта ляжаць на паверхні, таму не трэба капаць глыбока, а дастаткова ўважліва агледзець фактычны матэрыял, паставіць побач тыя з’явы, якія вывучаюцца ў школе. Напрыклад, чаму не гаварыць і не пісаць па тэме «Сталінская калектывізацыя ў даваеннай літаратуры» (назва ўмоўная) пра падабенства пазіцыі аўтара рамана «Вязьмо» Міхася Зарэцкага і аўтара «Узнятай цаліны» Міхаіла Шолахава. Мы ж выдатна ведаем, што і адзін, і другі асуджалі прымусовае згуртаванне сялян, спачувалі гаспадарам, у якіх адбіралі набытую такім высокім коштам зямлю. 3 падобнай, асуджальнай пазіцыі пісьменнікаў вынікае і падабенства герояў: Сымон Карызна, як і Сямён Давыдаў (нават імёны супадаюць), заблытаўся ў вязьме асабістых адносін з жонкай Марынай Паўлаўнай, палюбоўніцай Верай Засуліч, з бацькамі, якія былі падвучаны ім жа раней купіць зямлю і сталі заможнымі гаспадарамі, трапілі затым пад раскулачванне; у абодвух творах дзейнічаюць авантурысты, якія зброяй скалектывізоўваюць людзей: у Зарэцкага гэта злавесны, даўганогі, з парыпваючай кабурой на новым рамяні Пацяроб, што наладжвае ў Сіўцах сапраўднае паляванне на людзей, наймае дзяцей-сексотаў, каб дакладвалі, у якіх хатах хаваюцца гаспадары, у Шолахава — Макар Нагульнаў — з яго верай у сусветную рэвалюцыю, з рэвальверам у руцэ, што выступае першым аргументам праўды, за якую ён неўтаймоўна і заўзята змагаецца. А хіба не падобная асуджальная аўтарская пазіцыя класіка нашай нацыянальнай літаратуры Івана Мележа ў адносінах да калектывізацыі сталінскага тыпу выяўляецца ў яго рамане «Подых навальніцы», яго працягу — «Завеі, снежань»? Хіба не баліць сэрца мастака, калі ён паказвае, як крышыць усё па дарозе да новага жыцця Дубадзел, якому народ даў трапную мянушку Крывароты? А як незаўважна, але страсна спачувае пісьменнік упартаму Васілю Дзятлу, які ніяк не можа прымірыцца з думкай, што ў калгас можна людзей «упіхваць» сілаю, пагрозамі! Прыклады можна доўжыць да бясконцасці. Старайся выкарыстаць шанс параўнальнага аналізу, параўнальнай характарыстыкі і тым самым паказаць самастойнасць свайго мыслення.