Белорусские сочинения - Іншае - "Шануйце роднае слова!" (Цётка)

"Шануйце роднае слова!" (Цётка)

У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце... А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дому альбо з горада таго, абцерушыце пыл з ног вашых; праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.
     Евангелле ад Матфея
     
     С. Александровіч назваў артыкул Цёткі «Шануйце роднае слова!» «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле». Артыкул пераклікаецца з вершамі «Пагоня» М. Багдановіча, «Ворагам беларушчыны» Янкі Купалы. У ім відавочная рэмінісцэнтная сувязь з багушэвічаўскімі прадмовамі да зборнікаў, у прыватнасці з афарызмам «Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека». Мова - адзежа душы чалавека, а ўздзець «чужую апратку» - страціць уласную душу, страціць сябе. «Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку - той адышоў ад народу далёка-далёка», - піша Цётка. А на рэмінісцэнцыю багушэвічаўскага афарызма «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» указвае сама: «Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!»
     З часоў Багушэвіча і Цёткі многа падзей адбылося ў нашай Айчыне, многае змянілася. I на вялікі жаль - не ўсё да лепшага. Многа ёсць набалелага ў нашым грамадстве. «Але сярод усяго - ёсць і самае набалелае: гэта - становішча, у якім апынулася сёння ў Беларусі беларуская мова. Мацней набалелага болю, чым гэты, - няма. Больш актуальнай, больш вострай праблемы, чым гэта, няма. Гэта пытанне у поўным сэнсе слова пытанне жыцця і смерці. Жыцця і смерці беларускай нацыі» - так пра самае набалелае піша Ніл Гілевіч. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове гэтага сцяганосца народа склалі цэлую кнігу, якая называецца «Любоў прасветлая» і прысвячаецца праблемам нацыянальнага адраджэння.
     У паэзіі Ніла Гілевіча - адказ на пытанне, ад чаго нам трэба выбавіцца, каб быць вартымі нашай «святой зямлі» і дайсці да Беларусі. Асноўным зместам многіх зборнікаў паэта, і ў прыватнасці апошняга - на «На высокім алтары», з'яўляецца лёс беларускай мовы і культуры, духоўнасць народа, памяць яго і будучыня.
     Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і захапленне, пяшчота і замілаванне, туга і папрок, гнеў і расчараванне - уся гама пачуццяў выяўлена ў лірычных, філасофскіх і публіцыстычных вершах Ніла Гілевіча.
     Многія вершы, прысвечаныя роднай мове і клопату пра яе існаванне (а значыць, і пра існаванне нацыі!), напісаны ў форме звароту да нас. Паэт-філосаф па-бацькоўску ўшчувае, пераконвае, папракае, імкнучыся паўплываць на нашы душы і розум:
     
     Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
     А дкажы - сам сабе адкажы:
     Чым зрабіўся табе непрыгодны
     Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
     А д чаго так бяздумна, бязмоўна
     Ты яго выракаешся сам?
     I чаму табе так усёроўна,
     Што аборай становіцца храм?

     
     Не слухаюць дзеці свайго бацьку... I ў вершы на тую ж тэму - «За драбніцу» - гучыць ужо іншая інтанацыя: саркастычная, гнеўная і абуральная:
     
     Зноў нас хваляць! I зноў - за халуйства!
     I мы ўдзячна прымаем хвалу...

     
     Вычарпаўшы да канца ўсе магчымасці пераканаць нас, прымусіць задумацца, ужо самой назвай верша «Вы не яе - вы сябе прыніжаеце» аўтар нагадвае вечныя ісціны: ніколі не будзе паважаны другімі той, хто сам сябе не паважае; недавер, падазронасць і нават гідлівасць у самавітых людзей выклікае той, хто свайго роднага выракаецца...
     Як разумець сёння заклікі сцяганосцаў шанаваць, любіць родную мову, змагацца за яе? Як за яе змагацца? Пераконваць тых, хто перакананы ў адваротным?
     Аднак дзве тысячы гадоў таму сказана, што трэба ісці і прамаўляць туды, дзе прымаюць і слухаюць. I вяртацца адтуль, дзе не прымаюць і не слухаюць, бо зерне, кінутае там, усё роўна ўпадзе на цвёрды камень. Ні свет, ні нават асобнага чалавека перайначыць нельга. Быкаўскі герой апавядання «Бедныя людзі» прафесар Скварыш, якому наканавана жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве», прыходзіць да ўсведамлення, што праўда, мабыць, усё ж за Пратагорам з яго высновай пра чалавека як меру ўсіх рэчаў. Менавіта чалавек заўсёды вызначае, як яму жыць. «Замест чалавека таго не можа зрабіць ніхто - ні Бог, ні д'ябал, толькі ён сам». Магчыма, і з народам адбываецца тое ж самае: ён сам вызначае свае каштоўнасныя арыенціры. Для сцяганосцаў «добра рабіць сваю справу», рабіць так, «як калі б...» азначае: так, як калі б быў упэўнены, што справа будзе плённай, - ісці першым, несучы сцяг.
     У прадмове да кнігі «Любоў прасветлая» Ніл Гілевіч піша, што сабранае ў ёй - «на адну неабсяжна вялікую», а для яго, «як цяпер ужо бачна, галоўную тэму... жыцця, літаратурнай працы».
     Усведамляючы подзвіг Сізіфа як пагарду да абставін і «школу ўпартасці і яснасці» для ўсіх, хто збоку назірае гэтую ўпартасць, А. Камю ў «Міфе пра Сізіфа» піша: «Няма такога лёсу, над якім нельга было б узвысіцца пагардай. Пагарда мацнейшая за любы лёс». Усялякі раз упартасць, неверагодныя высілкі Сізіфа канчаюцца недаўгавечным авалоданнем мізэрнай крупінкай жаданага, якая імгненна знікае, як прывід. Пасля чаго - расчараванне, а ў выніку яго - умудронасць, што жаданага ўсё роўна ніколі не дасягнуць. Тым не менш майстар самааддана ўкладае ўвесь свой жар, упартасць, талент у працу над тым, што асуджана.
     Ніл Гілевіч узвышаецца над абставінамі і пагардай да іх, і любоўю да таго, у імя чаго зноў і зноў паднімае цяжкі камень на верх гары: «Над усім гэтым і ва ўсім гэтым - любоў да роднага слова, гонар за яго высокія прыродныя вартасці, радасць ад карыстання ім, боль за яго прыніжэнне... горыч за здраду яму саміх жа беларусаў, і - непахісная вера, што яму, вялікаму і магутнаму роднаму слову, жыць вечна. ...Толькі ў святле гэтай высакароднай ідэі, гэтай благаславёнай мэты бачу апраўданым усё, што я зрабіў і раблю як літаратар і навуковец, як грамадзянін і сын Беларусі».
     Некаторыя айчынныя сцяганосцы, папярэдне вельмі многа зрабіўшы дзеля абуджэння і вяртання народа да памяці, клічуць за сабой не ўсіх, а толькі тых, хто ўжо прачнуўся і здольны слухаць. М. Ермаловіч наказвае таму, хто прачнуўся (адна з гутарак так і называецца): «Абудзіўся сам - абуджай іншых да свядомага нацыянальнага жыцця. Калі ты хоць аднаго чалавека далучыш да патрыятычнай работы - зробіш вялікую справу... Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на радзіме. Заўсёды вусна і пісьмова ўжывай яе...»
     Як мудра і проста: «заўсёды... ужывай яе»! Сапраўды, становішча мовы сёння на той мяжы, калі ўратаваць яе ўжо не здольны не толькі самыя таленавітыя фальклорныя ансамблі, але нават шэдэўры В. Быкава. Не ўратавалі ж лацінскую мову шэдэўры, створаныя на ёй, - мёртвая сёння лацінская мова, як і многія іншыя. Уратаваць нашу родную мову здольны сёння толькі тыя, што прачнуліся. I нават без барацьбы, канфрантацый, стогнаў і енкаў - без ахвяр. Толькі адным - гаварыць і пісаць на ёй - і яна будзе жыць! А разам з ёй - і мы. Узвысіцца над абставінамі можна толькі тады, калі ўстаць і ісці. Страх быць асмяяным і прыніжаным - не больш чым самаапраўданне, за якое чакае немінучая расплата. Капітуляцыя перад абставінамі ды яшчэ імкненне скласці з сябе віну за спрычыненае рана ці позна прывядуць да «сцяны абсурду», перад якой зноў прагучыць наша і такое ўласцівае нашай ментальнасці «за што?».
     Лейтэнант Іваноўскі з аповесці В. Быкава «Дажыць да світання» ўпэўнены, што на вайне, дзе, здавалася б, усё залежыць ад волі сляпога выпадку, чалавеку «ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх павадоў абставін, пры любых, самых немагчымых умовах трэба старацца кіраваць імі». Гэтая філасофія цалкам прымальная і для мірнага жыцця, калі ў ім руйнуецца нешта святое і каштоўнае. Адчаем, енкамі ды слязамі справе не дапаможаш. Пагадзіўшыся з тым, што «наш лёс бы кат з рукой забойнай», час пашукаць таго, што можна было б кату супрацьпаставіць. Марна разлічваць, што калі кату лізнуць руку, то ён пасля гэтага будзе біць слабей. На самай справе ўсё будзе наадварот.
     Вядома, каб «заўсёды вусна і пісьмова ўжываць яе», мову, таксама патрабуюцца пэўная стойкасць і праца душы. Але, як сказана ў Евангеллі, «той, хто працуе, варты ўзнагароды за працу сваю». У Пасланнях да Карынфянаў святы апостал Павел пісаў: «...мы ў адчайных абставінах, але не адчайваемся», бо «хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае».