Белорусские сочинения - Іншае - "Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін" (Васіль Быкаў)

"Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін" (Васіль Быкаў)

Гэта няпраўда, што ад нас нічога не залежыць...
     В. Быкаў
     
     Дачуўся нейкі зайздроснік пра вялікую славу аднаго мудраца і вырашыў перахітрыць, зняславіць яго. Выбраўшы зручны момант, калі той прамаўляў перад сціжмай людзей, зайздроснік выйшаў з натоўпу і запытаўся ў мудраца:
     - Скажы, матылёк у маёй руцэ жывы ці мёртвы?
     Сам жа намерыўся сціснуць далонь, калі мудрэц скажа, што матылёк жывы, і разняць, калі скажа, што мёртвы.
     - Усё ў тваіх руках, - адказаў мудрэц. Абставіны - гэта заўсёды вузел, вязьмо, якое, калі чалавек не здольны яго развязаць, зацісне, задушыць. Такія абставіны называюць «памежнымі», экстрэмальнымі. Усведамляючы ўсю небяспеку вязьма, што вось-вось заціснецца і развязаць якое будзе ўжо немагчыма, народны мудрагель Галілей з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо» час ад часу выпраўляецца «ў цудоўную сваю экспедыцыю». Галілей «хоча пачуць нейкае мудронае, усеабдымнае слова, якое б маланкай асвяціла яму затуманены краявід». Адзін толькі Галілей адчувае вялікі неспакой перад тым, што набліжаецца. «Па разгайданым бурлівым моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае сонца. ...Гэта ішла сваім трыумфальным паходам непераможная рэвалюцыя».
     Краявід Галілея затуманены страхам перад невядомым: што праводзіцца? У імя чаго? Што будзе з чалавекам, калі «горды ў смелым поступе сваім карабель» зойдзе так далёка, што ні вярнуцца назад, ні ўратавацца на ім ужо ніхто не зможа? З гэтымі пытаннямі, толькі завуаліравана, іншасказальна, народны мудрагель звяртаецца да ўсіх, на чый одум яшчэ спадзяецца. Усім вядомы сюжэт пра гордзіеў вузел Галілей у кантэксце сучасных яму абставін прачытаў так: «Гардзей той завязаў быў дужа мудроны вузел і ў наругу цару Ляксандру - на, кажа, развяжы, калі ты разумней за мяне... Дык цар, не патрапіўшы, ага... выняў меч і - раз... перасек той вузел... ага перасек...» На пытанне Якуба Лакоты, хто ж з тых дваіх быў разумнейшы, Галілей затрос барадзёнкай: «Дурны быў цар... Дурны Ляксандр... Сячы кожны патрапіць... А хай развяжа, ага... хай развяжа!»
     Таталітарная сістэма з яе ідэалогіяй і пастулатам, што няма абставін, якія былі б за яе мацнейшыя, прапанавала ўсяму свету свой варыянт перамогі абставін - секчы, толькі секчы. I сячэнне тое прымеркавала якраз на самае жывое, вечнае - на духоўнае. Цынічна заявіўшы, што няма абставін, якія былі б мацнейшымі за чалавека, па чалавеку і чалавечым у ім якраз і секла.
     Выпрабоўваючы сваіх герояў менавіта бесчалавечнымі абставінамі, таленавітыя пісьменнікі-філосафы сучаснасці не адмаўляюць, што ёсць абставіны, якія мацнейшыя за самага моцнага. Выпрабаваўшы імі герояў, пісьменнікі адначасова даводзяць, што нават у такіх абставінах ёсць тое, што залежыць і ад чалавека.
     Творы В. Быкава, У. Караткевіча, Я. Брыля, А. Адамовіча і іншых пісьменнікаў нагадваюць усім нам, што «дзень той судны» будзе не толькі там і не толькі тады, калі будуць аддзелены адны ад другіх і адны сядуць праваруч ад Яго, а другія - леваруч. Час экстрэмальных абставін - «дзень той судны» тут і цяпер, і кожны чалавек сам вызначае, дзе яму сядзець - праваруч ці леваруч. Кожны чалавек у экстрэмальнай сітуацыі сам выбірае, у якую браму - цесную ці шырокую - яму ісці, ісці да жыцця ці пагібелі.
     Навела Я. Брыля «Метепіо тогі» - псіхалагічнае і філасофскае даследаванне духоўных магчымасцей чалавека ў бесчалавечных абставінах. Рота аўтаматчыкаў акружыла і «спраўна накрыла» вёску, а бяззбройных людзей, жанчын, дзяцей і старых, сагналі ў адрыну, якую вось-вось падпаляць. З натоўпу няшчасных ахвяр поглядам зондэрфюрэра пісьменнік «выхоплівае» толькі аднаго - старога са «скамянелымі вачыма». I толькі адной гэтай дэталлю адказвае на пытанне, што ў такой сітуацыі залежыць ад чалавека. Змірыцца, скамянець і годна прыняць наканаванае лёсам. Сартраўскі герой Іблетта з апавядання «Сцяна» сваю волю і права ў аналагічнай сітуацыі вызначыў так: «Хачу памерці дастойна».
     Але менавіта такая скамянеласць, што ў падобнай сітуацыі азначае годнасць, не задавальняе зондэрфюрэра, і ён, як д'ябал, спакушае чалавека магчымасцю выжыць, калі ўсе астатнія загінуць пакутніцкай смерцю. Раструшчыць чалавека духоўна і адначасова павялічыць пакуты ўсіх тых, хто ўжо падрыхтаваў сябе да смерці, справакаваць людзей на выяўленне горшага - такі намер фашыста. Бо сказана: «не бойцеся забойцаў цела, душы не здольных забіць». Зондэрфюрэр не задаволіўся перспектывай знішчэння плоці - ён памысліў пра вынішчэнне душы і духу. Некалькімі дэталямі пісьменнік здолеў паказаць поўнае паражэнне зла і ўславіць перамогу духу: «момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў левай рукой... скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся...» Злосць, адчай апанавалі зондэрфюрэра. Чалавек, загнаны ў адрыну, стары, нямоглы, перамог яго, маладога, дужага, са зброяй у руках. Выбар, зроблены печніком, пераконвае нас, што сіла плоці - нішто ў параўнанні з сілай духу. Аўтарскае захапленне чалавекам, што выбраў цесную браму, якой ходзяць не многія і якая вядзе да жыцця вечнага, выяўлена ў словах: «I ён згарэў - адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве».
     В. Быкаў таксама выпрабоўвае ўсіх сваіх герояў бесчалавечнымі абставінамі, якія вызначаюць іх сутнасць, тут і Цяпер аддзяляюць адных ад другіх. I такая прорва пакладзена паміж імі, што пасля зробленага выбару ім ужо не Дадзена яе пераадолець, каб быць, як да выбару, зноў разам. Адны ўзнімаюцца да жыцця вечнага, другія звергнуты ў нябыт.
     Перад вынішчальнай сілай бесчалавечных абставін Сотнікаў з аднайменнай аповесці пакінуў за сабой апошняе права свабоднага чалавека - права застацца чалавекам. Галгофа Сотнікава, як і многіх іншых быкаўскіх герояў, - гэта подзвіг духу, смерць у імя жыцця, выратаванне найперш сваёй уласнай душы. «Узыходжанне» - так назвала свой фільм Л. Шапіцька па аповесці «Сотнікаў», выявіўшы тым самым і сваё ўсведамленне і асэнсаванне духоўнага вопыту, засведчанага ў творы В. Быкава.
     Ёсць вялікае жаданне застацца чалавекам і пры гэтым захаваць сабе жыццё ў таварыша Сотнікава - Рыбака. Ён не можа змірыцца з тым, што ў бесчалавечных абставінах спалучыць гэтыя два жаданні немагчыма, а трэцяга не дадзена. Пакутліва шукае ён выйсця, спрачаецца з Сотнікавым, змагаецца сам з сабой, але марна. Спачатку Рыбак прапануе Сотнікаву паспрабаваць перахітрыць фашыстаў, пачаць гульню, «каб выйграць сабе жыццё - хіба гэтага мала? А там відаць будзе, толькі б не забілі. Толькі б вырвацца з гэтай клеткі». Дарэмна Сотнікаў даводзіць Рыбаку, што «гэта - машына», якой або будзеш служыць, або яна сатрэ ў парашок. I варта толькі пачаць з ёй хітрыкі - падзенне непазбежна.
     Шэраг малых і вялікіх здрадаў-хітрасцей Рыбака заганяе яго ў такую пастку, у якой ён нават пазбаўлены права і магчымасці распарадзіцца ўласным жыццём. Усвядоміўшы ўвесь жах спрычыненага і тое, што ён перахітрыў толькі самога сябе, Рыбак у адчаі вырашае здзейсніць «свой адзіна магчымы цяпер намер»: «Столь была невысокай, але, мабыць, для яго справы вышыні дастаткова. Са злой рашучасцю ён расшпіліў паўшубак і раптам аслупянеў - папругі на штанах не было. I як ён забыўся на тое, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць у падвал...»
     У аповесці «Сотнікаў» В. Быкаў вырашае яшчэ адну надзвычай важную этыка-філасофскую праблему - неадпаведнасць суб'ектыўнага намеру таму ўчынку, які вынікае з гэтага намеру. Праблема супярэчнасці паміж маральнай мэтай і амаральнымі сродкамі яе дасягнення неадлучная ад праблемы выбару. Учынкі людзей у выніку такога выбару паміж маральнай мэтай і амаральнымі сродкамі выходзяць з-пад кантролю. Зроблены ўчынак ужо набывае свой лёс, урываецца ў аб'ектыўную сувязь падзей, рэчаў, часта парушаючы ўсталяваны паміж імі парадак. Жаданне быць шчаслівым, калі вакол усе няшчасныя, імкненне выжыць у памежнай сітуацыі ўплываюць на выбар і ўжо вымагаюць ад героя амаральных сродкаў для дасягнення маральнай самой па сабе мэты. Калі чалавек ідзе на «гульню» з абсурднымі абставінамі, ён павінен быць падрыхтаваным, што «іграць» давядзецца па правілах абставін.
     Усведамленне таго, што немагчыма быць шчаслівым «у часы, калі гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора», вызначыла выбар героя паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» Алеся Рыбкі ўбачыць «часы перамог» на цыферблаце свайго гадзінніка. У сітуацыі «чумы», як лічыць і камюсаўскі герой з рамана «Чума», «сорамна быць шчаслівым у адзіноце».
     Адзіная прывілея, як назваў В. Быкаў, «нават раскоша» сумленнага, свабоднага і моцнага духам чалавека ў бесчалавечных абставінах, адзінае, што ад яго залежыць, - застацца чалавекам. Усведамленне таго, многа гэта ці мала, залежыць зноў жа ад кожнага з нас.