Белорусские сочинения - Іншае - "Няма прарокаў у сваёй Айчыне" (з Евангелля)

"Няма прарокаў у сваёй Айчыне" (з Евангелля)

Будуць часам ідалы раструшчаны, Свет разумны стоміцца ад крыкаў. Васільком у жыце беларушчыны Назаўсёды застанецца Быкаў.
     Р. Барадулін
     
     Прозай ідэй, а не падзей, прозай псіхалагічнага драматызму называюць крытыкі творчасць Васіля Быкава. I будуецца яна на канфлікце, супрацьстаянні сіл дабра і зла, гуманізму і фашызму, духоўнасці і бездухоўнасці, памяці і манкуртызму, альтруізму і эгаізму. Сутыкненне двух антаганістычных пачаткаў адбываецца ў абмежаваных прасторы і часе. Аднак час у творах В. Быкава раскрываецца ва ўзаемадзеянні мінулага, існага і будучага, і таму ўсе быкаўскія героі звязаны з вялікім хронасам, вечнасцю. У мікрасвеце адбываюцца падзеі глабальнага значэння. Пастаянныя героі твораў В. Быкава - вялікая Праўда, Духоўнасць, Час. Дыялог пісьменніка з гэтымі героямі поліфанічны. Ён адбываецца на ўзроўні канкрэтна-бытавым: дыялог героя з самім сабой, герояў-антаганістаў, аўтара з чытачом. Дыялог адбываецца на ўзроўні агульнанародным: аўтара з часам, эпохай, радзімы з фашысцкай ваеннай машынай. Дыялог адбываецца і на агульначалавечым узроўні: ідэй гуманізму з фашызмам і гвалтам, духоўнасці з бездухоўнасцю, дабра са злом.
     Ставячы сваіх герояў перад «вынішчальнай сілай бесчалавечных абставін», калі «магчымасці адстаяць сваё жыццё вычарпаны да канца і прадухіліць смерць немагчыма», В. Быкаў імкнецца высветліць: што такое чалавек? на што ён здольны ў такой сітуацыі? I таму жыццё і смерць быкаўскіх герояў успрымаюцца чытачамі як учынак, мерка духоўнасці і чалавечай годнасці. Пісьменнік заглыбляецца ў сутнасць характару, даследуе абставіны, якія яго фарміруюць. Беручы за аснову сюжэта сваіх твораў выпадак, В. Быкаў шукае заканамернасць, будуе сваю, паводле слоў даследчыка Л. Лазарава, «сацыяльна-імаральную тэарэму». Творца па-майстэрску раскрывае характары «знутры», «выварочвае знешняе, паказное», выяўляе сутнасць чалавека, даследуе анатомію гераізму і здрадніцтва, узыходжання і падзення. Таму адным з новых і важных аспектаў мастакоўскага даследавання чалавека ў бесчалавечных абставінах становіцца матыў суда людзей і суда сумлення. Пры гэтым В. Быкаў, як і пісьменнікі яго пакалення, пазбягае дэгераізацыі, сцвярджае гуманізм.
     Быкаўскія творы пра вайну вытрымалі выпрабаванне часам, узбагацілі сусветную культуру і чытача неацэнным вопытам, ведамі і памяццю - усім тым, што, паводле сцверджання А. Камю, толькі і можна выйграць у схватцы з «чумой». Пісьменнік, для якога з вайной вайна не закончылася, здзейсніў і грамадзянскі подзвіг - выстаяў, калі яго творы трапілі пад знішчальны агонь крытыкі. Дзікае паляванне і аблава на В. Быкава ўзначальваліся крамлёўскімі вярхамі. Пра гэта засведчана ў кнігах В. Каваленкі «Вернасць вернасці» і Дз. Бугаёва «Праўда і мужнасць таленту». На с. 85 кнігі Дз. Бугаева чытаем: «Напісаныя ўслед за «Мёртвым не баліць» аповесці «Праклятая вышыня» і «Круглянскі мост» падвергліся разноснай крытыцы на знішчэнне. Прычым сігнал для разносу ішоў з крамлёўскіх вышынь. Яго ініцыятарам, як цяпер стала вядома, быў савецкі міністр абароны маршал Маліноўскі. Ён у 1944 г. камандаваў Другім Украінскім фронтам, дзе і адбываліся адлюстраваныя В. Быкавым падзеі».
     Справа ў тым, што В. Быкаў не столькі «стварае» свае экстрэмальныя сітуацыі, колькі «ўзнаўляе» самае звычайнае будзённае жыццё і смерць савецкага чалавека на вайне.
     А машына «дзяржаўнай нязгоды» з жыццёвым вопытам і мастацкім светам пісьменніка адразу ж запускаецца ў ход і дыктуе ўсведамляць быкаўскія калізіі як нешта штучна створанае. Ад гэтага адпраўнога пункта - прамая дарога да абвінавачання В. Быкава ў «ачарненні» савецкай рэчаіснасці і дэгераізацыі. Пісьменніка затравілі настолькі, што ён стаяў на парозе непапраўнага. «Ні пры якіх абставінах не губляйце мужнасці», - раіў А. Твардоўскі мастаку, які трапіў у цяжкую сітуацыю. «Усё мінецца, а праўда застанецца», - славутая прыпіска А. Твардоўскага ў віншаванні В. Быкава з майскімі святамі ў 1969 г. Гэтыя словы сталі для беларускага пісьменніка выратавальным промнем маяка, арыенцірам у самы цяжкі для яго час.
     Тэматыка-жанрава-выяўленчая інструментоўка ў творчасці В. Быкава істотна змянілася ў апошні час, эвалюцыяніравала. Верны сваёй традыцыйнай ваеннай тэме, якую паспяхова распрацоўвае на працягу чатырох дзесяткаў гадоў, В. Быкаў вельмі часта звяртаецца да тэмы сталінскага і генацыду і пасляваеннага ліхалецця («Аблава», «Жоўты пясочак», «Бедныя людзі», «Велікоднае яйка» і інш.). Пачынае ён адыходзіць і ад ранейшай жанравай арыентацыі, ад шчыльна напісанай аповесці, якая атрымала назву быкаўскай. Час ад часу вяртаецца да алавядання. А рэалістычныя выяўленчыя сродкі ўсё часцей змяняюцца сімволіка-знакавымі ўмоўнасцямі на ўзроўні прытчы, фантастыкі. I толькі ў адным пісьменнік паслядоўны і нязменны: пра што б ён ні пісаў, усіх сваіх герояў ён выпрабоўвае сітуацыяй выбару, сітуацыяй памежнай ці нават запамежнай, абсурднай.
     На пытанне Алеся Адамовіча, што трывожыць, «што мучыць цяпер» (гутарка адбывалася 12 сакавіка 1985 г.), В. Быкаў адказаў: «...Бачыў і на вайне і цяпер ракавую схватку чалавека і абставін. ...Чалавек сціснуты не з двух, а можа быць, з чатырох бакоў абставінамі, самымі рознымі, не толькі знешнімі, але і ўнутранымі. I пачуццём абавязку, і іншымі пачуццямі. Чалавек сам не ведае, што ён можа і чаго не можа... Ну, а што абставіны жорсткія, то безумоўна. Ніколі, я думаю, у нашым свеце, у нашай гісторыі, можа быць, не было такіх таталітарных абставін, як тыя вось, што мы перажываем. У вайну, у наш час, у дваццатым стагоддзі.
     Чалавек... змяшчае ў сабе не толькі гордасць, але і подласць. Чалавек - гэта ўсё. Увесь сусвет у чалавеку. Але пад грузам нейкіх абставін ён можа быць і такім, і гэтакім».
     В. Быкаў бачыць сваю задачу ў тым, каб «паказаць чалавеку, які ён ёсць... паказаць без усялякіх заклікаў дыдактыкі... каб ён сябе ўбачыў і зразумеў». I дзеля гэтага пісьменнік «агаляе», «правакуе» свайго героя на выяўленне самага глыбіннага ў яго душы і вызначальнага ў яго духоўнай сутнасці. Экстрэмальная сітуацыя дазваляе зрабіць гэта найлепшым чынам. Толькі любоў, нянавісць, страх, радасць, абурэнне, захапленне, надзея, адчай, паводле сцверджання французскага пісьменніка Жана Поля Сартра, здольны раскрыць чалавека і свет у іх рэальнасці.
     Герой быкаўскага апавядання «Бедныя людзі» (1993) прафесар Скварыш у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» робіць жудасны, пачварны выбар. Ён піша на свайго аспіранта Краснянскага данос у КДБ. Піша на чалавека, які быў адзіным, хто ў цяжкі для Скварыша перыяд (пагроза выключэння з партыі, што азначала і выключэнне з жыцця) не пабаяўся прыйсці да яго, выказаць сваю спагаду. Учынак у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» настолькі смелы, што Скварыш успрымае яго як правакацыю. I гэта яшчэ больш узмацняе яго страх перад таталітарнай машынай. Прафесар бачыць адзінае выйсце і паратунак у тым, каб апярэдзіць аспіранта, які, магчыма, запісаў на магнітафон іх размову і заўтра занясе плёнку «ў вядомы будынак на праспекце». Разумеючы ўсю гнюснасць сітуацыі, у згрызотах (а што, як візіт Краснянскага быў шчырым, і «ён загубіць чалавека. I яго сям'ю»), у душэўным мітушэнні паміж дабрабытам, кар'ерай аспіранта і сваёй уласнай прафесар робіць выбар на карысць апошняй.
     Канстатацыяй візіту Скварыша ў «вядомы будынак на праспекце» апавяданне і заканчваецца. Пісьменнік дае чытачу магчымасць самому «дапісаць» фінал, дадумаць сітуацыю, якая з'яўляецца алгарытмам таталітарнай рэчаіснасці.
     Каб усвядоміць назначэнне менавіта такога фіналу быкаўскага апавядання, згадаем фінал сартраўскага апавядання «Сцяна». (Дарэчы, у творчасці В. Быкава таксама ёсць аднайменнае парабалічнае (прытчавае) апавяданне.) Ж. П. Сартр заканчвае свой твор ашаламляльнай развязкай. Яго герой, удзельнік Супраціўлення Іблетта ў сітуацыі абсурду вырашыў перахітрыць ворага, кінуць апошні выклік «сцяне абсурду». Ён павёў ворага па лжывым следзе, сказаў, што яго таварыш па барацьбе Грыс хаваецца на могілках. Будучы цвёрда перакананы, што знаходжанне Грыса, «нязломнага змагара», на могілках выключана, Іблетта «сказаў гэта, каб трошкі з імі пажартаваць». «Жарты» выніклі тым, што Грыса «заспелі ў хаце далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, і яны яго забілі». Перад гэтым Іблетта змірыўся са сваім лёсам, ён «мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса», але адмовіўся ад гэтага. Яго «згода памерці замест Грыса» тлумачыцца нават не высокімі патрыятычнымі матывамі - «гэта была звычайная ўпартасць», яго «апанавала дзіўная весялосць».
     Урэшце, сутнасць чалавека вызначаецца не намерамі, памкненнямі, а менавіта ўчынкамі, як даводзяць пісьменнікі-экзістэнцыялісты. Намер Іблетты напаследак пажартаваць са «сцяной абсурду», хоць крыху расхістаць яе, скончыўся трагічна.
     В. Быкаў нават не высвятляе для свайго героя сутнасць намераў яго візіцёра, на якога Скварыш піша данос у органы дзяржбяспекі. Чытачу зразумелы толькі намеры і матывы ўчынку Скварыша. У апавяданні зроблены акцэнт не столькі на выбары героя (як гэта заўсёды было ў ранейшых быкаўскіх творах), а на д'ябальскіх абставінах. Яны змусілі чалавека пайсці супраць сумлення, вынішчылі людскае ў чалавеку.
     Адносіны аўтара да сваіх герояў і ў назве твора, і ў апошніх радках: «Бедны, няшчасны аспірант Краснянскі. Бедны, няшчасны прафесар Скварыш...» Не апраўдваючы свайго героя, але спагадаючы яму, пісьменнік сцвярджае, што «чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасці такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робіцца тады, як знікае сітуацыя, што вымагае выбару».
     Такі элемент светапогляду В. Быкава ў апошнія гады яго жыцця, такі яго погляд на магчымасці чалавека ў сітуацыі выбару адрозніваюцца ад тых, што былі ўласцівы пісьменніку ў 60-70-я гг. Падобна да таго, як Ж. П. Сартр у апавяданні «Пакой» паказаў усю небяспеку і асуджанасць пражывання ў адным пакоі з вар'ятам, В. Быкаў паказаў трагедыю людзей, вымушаных жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве». Чалавек, жывучы ў «пакоі абсурду», паступова становіцца яго вязнем. У такім пакоі - усе рабы, усе асуджаныя: і каты, і ахвяры.
     Аднак такая пісьменніцкая выснова не азначае апраўдання духоўнага падзення чалавека ў сітуацыі абсурду. Ніякія абставіны не вызваляюць яго ад адказнасці за ўласныя ўчынкі і стан душы. Таму не вызваляюць, што «сцяна абсурду», яе трываласць, у значнай ступені залежыць ад запасу духоўнай трываласці чалавека. I чым меншы яго запас трываласці, тым часцей ён будзе вымушаны стаяць перад «сцяной абсурду». I вось тады ўжо чалавек у такім супрацьстаянні і схватцы можа і прайграць партыю.
     Папярэджваючы пра небяспеку і наступствы пройгрышу, даючы чытачу магчымасць таксама зрабіць свой выбар, вызначыўшы свае адносіны да выбару героя ў канкрэтнай сітуацыі, пісьменнік узбагачае чытача ўласным духоўным вопытам.