Белорусские сочинения - Іншае - Жывеш не вечна, чалавек

Жывеш не вечна, чалавек

Навошта людзям дадзена жыццё? Каб проста прайсці праз яго, як па лесвіцы, ад дзяцінства да старасці, ад нараджэння да смерці? Каб загарэцца, як ліхтар, і хутка згаснуць, адысці ў нябыт?
     Не проста так чалавек прыходзіць у свет, крочыць па ім, пакідаючы ўласныя сляды, як біяграфію свайго жыцця, ды і пішацца яна па-рознаму. Ёсць адбіткі тваіх крокаў ад уласнай хаты да суседняй, але іх хутка зацярушыць снег, усё схавае пад сваім халодным абрусам нябыт. Ёсць сляды, якія пакідае чалавек толькі на помніку: дзве даты і працяжнік паміж імі, а за імі — адзіноцтва цемры.
     Але ёсць іншыя сляды. Маленькі прамежак часу адводзіцца на наша жыццё, а ў адносінах да космасу і наогул ён зводзіцца ў адно імгненне. I, на маю думку, пражыць гэта імгненне трэба так, каб пакінуць свой след, светлы і глыбокі, у сэрцах людзей, на «сэрцы» Зямлі. І след гэты называецца памяццю, і толькі ёй падаравана вечнасць.
     Усе твае добрыя справы не на карысць сабе, а дзеля іншых, зробленыя не за плату, а па жаданні сэрца, доўга жывуць, гараць нязгасным полымем павагі і ўдзячнасці. Гэтыя справы — сляды, якія называюцца памяццю людской, што дапамагае табе, падбадзёрвае ў цяжкія хвіліны, у жыццёвую сцюжу, бо вяртаецца да твайго сэрца бумерангам, нясе на сваіх крылах сілу ўдзячнасці іншых людзей, якім ты калісьці працягнуў руку падтрымкі, а, магчыма, і проста падараваў светлую ўсмешку надзеі.
     Кожны чалавек павінен зразумець адну простую ісціну: ён не вечны на гэтым свеце. Жыццё можа абарвацца ў любую хвіліну, і таму трэба задумацца зараз: а што ты зрабіў за гэты маленькі прамежак часу? 3 якім сэрцам ты прыйдзеш на суд сваіх дзядоў і прадзедаў?