Белорусские сочинения - Якуб Колас - Любімыя старонкі паэмы Якуба Коласа "Новая зямля"

Любімыя старонкі паэмы Якуба Коласа "Новая зямля"

Якуб Колас працаваў пад паэмай больш дванаццаці гадоў з перапынкамі. Задума яе выспявала паступова. Спачатку ставілася абмежаваная задача: напісаць вершаванае апавяданне аб жыцці і турботах сям'і лесніка. У далейшым з'явілася жаданне стварыць вялікі эпічны твор. Першыя раздзелы былі напісаны ў мінскім астрозе, апошнія — у 1923 годзе. У «Новай зямлі» знайшлі адлюстраванне старонкі асабістай біяграфіі паэта, выяўлены яго пачуцці, імкненні, ідэалы. Колас сам называў паэму аўтабіяграфічным творам. «Хацелася апісаць так проста і ясна, — успамінаў ён, — тое, што так маляўніча прадстала ў маёй памяці... I я апісаў леснікову пасаду як успамін аб сваіх дзіцячых гадах».
     Самыя цікавыя старонкі паэмы «Новая зямля» тыя, дзе апісваецца сялянская праца:
     
     Ідуць касцы, звіняць іх косы,
     Вітаюць іх буйныя росы,
     А краскі ніжай гнуць галовы,
     Пачуўшы косак звон сталёвы...

     
     Працоўныя людзі выступаюць у паэме носьбітамі высокіх ідэалаў чалавечнасці, духоўнай прыгажосці. У апісанні іх працы ўжыта шмат параўнанняў, метафар, лірычных адступленняў: «касцы, ваякі мірнай працы», «а косы свішчуць і смяюцца», «а дзень гарыць, а дзень палае». У гэтых радках заўважаецца велічнасць сялянскаи працы. Таксама цудоўна напісаны ў паэме сцэны палявання, лоўлі рыбы, сялянскага банкету пасля падгляду пчол. Асабліва выразна і маляўніча паказаны працоўныя будні народа. Ворыва, сяўба, касавіца, жніво, малацьба ажываюць перад нашымі вачыма ў праўдзівых карцінах, асветленых глыбокім аўтарскім лірызмам. У апісанні працы селяніна і яго побыту Колас узнімаецца да самай высокай паэзіі. Ён паказвае, як у час жніва гуртавая праца становіцца крыніцай прыгожага, напаўняе душу радасцю, прыносіць задавальненне. Жнейкі працуюць з такім спрытам, так хораша «напрост кладуцца жмені жыта», што, здаецца, «па струнах-кальвах пальцы граюць». Снапы «стаяць, бы лялечкі якія, глядзяць, як госці дарагія». Малацьба асацыіруецца з музыкай: «Не малацьба, а бубнаў хоры! Бічы кладуцца так рытмічна, само гудзенне іх музычна». Праца сялян займае галоўнае месца ў паэме. Пагэтаму яна так прыгожа і так велічна апісана Коласам. Лірызм і меладычнасць радкоў паэмы незабыўна адбіваецца ў нашай памяці.
     Па багацці жыццёвага зместу «Новая зямля» не мае сабе роўных у беларускай літаратуры. Гэты твор аб лёсе сялянства, аб яго імкненні да шчасця і свабоды. У паэме шматбакова паказана жыццё народа, яго цяжкая праца, асаблівасці характеру, побыту, мовы. Своеасабліва паказана і прырода роднага краю. Яскравае выяўленне мар працоўных робіць гэты твор непаўторным. Галоўнае ж у паэме — пошукі зямлі і волі. Гэта тэма вызначае асноўны змест «Новай зямлі». Да свабоднай працы на ўласнай зямлі імкнуцца ўсе коласаўскія героі.