Белорусские сочинения - Якуб Колас - Водгук на паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Паэма, як мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Водгук на паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Паэма, як мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Паэма «Новая зямля» — твор аб гістарычным лесе сялянства, аб яго дарогах да шчасця і волі. У паэме адлюстравана жыццё народа, яго побыт, псіхалогія, выяўлены мары і жаданні працоўных беларускай вёскі. Таму і называюць паэму энцыклапедыяй жыцця. Галоўнае ў «Новай зямлі» — пошукі зямлі і волі. Гэта аснова зместу.

Міхал, Антось, Ганна — тыповыя вобразы таго часу. Яны паказаны шчырымі, руплівымі працаўнікамі.

Міхал — звычайны ляснік, якога малазямелле прымусіла ісці на службу. Ён у поўнай залежнасці ад ляснічага. Ляснічы не лічыцца з ім, прымушае часта пераязджаць з месца на месца. Міхал не хоча зносіць здзекі, таму шукае выхад з цяжкага становішча. Ён вырашае купіць зямлю, «каб з панскіх выпутацца пут». У чым трагедыя Міхала? У тым, што ва ўмовах эксплуатацыі ён не знайшоў шчасця. Яго мара аб зямлі не збываецца. Ён памірае, так і не зведаўшы шчасця. У цэлым вобраз Міхала — гэта вобраз добрага, спагадлівага, працавітага чалавека; па натуры моцнага, здольнага пераносіць жыццёвыя нягоды, непахіснага.

Антось. Праз гэты вобраз аўтар раскрывае душу селяніна. У ім увасоблена таленавітасць і працоўная сіла народа. Гэты чалавек адораны ад прыроды; ён — адмысловы работнік, майстар на ўсе рукі, дбайны і акуратны гаспадар, любіць дзяцей.

Ганна — добрая, шчырая, руплівая гаспадыня, сумленная працаўніца. Усё яе жыццё — гэта клопат аб дабрабыце сям'і, аб выхаванні дзяцей. Яна верыць у розныя прыкметы.

У паэме аўтар шырока апісвае сялянскі побыт: «Раніца ў нядзельку», «За стал ом», «Падгляд пчол», «Каляды», «Дзядзька-кухар» і інш. Ежа ў сялянскай хаце — гэта цэлы абрад са строга ўстаноўленымі правіламі і парадкам. За сталом збіраліся абавязкова ўсе члены сям'і. Кожны займаў свае месца. У кут звычайна саджалі пачэснага госця. Малыя дзеці, якія яшчэ не ведалі парадку, елі асобна. За сталом жа сядзелі дарослыя, панавалі цішыня і парадак, адчувалася павага да ўсяго таго, што знаходзілася на стале, як здабытку цяжкай працы.

Працай былі запоўнены будні сялян. Працавалі і дарослыя, і дзеці.

3 энцыклапедычнай шырынёй Я. Колас апісвае звычаі і абрады, якія бытавалі ў той час на Беларуси.

Гэта каляндарныя святы (куцця, вялікдзень, каляды); звычаі ўзаемадапамогі (талака, кумаванне), кірмашы, сходы. На першы дзень каляд, напрыклад, збіралі сена са стала, ім кармілі жывёлу, шукалі ў сене зярняткі і па іх гадалі, ці ўродзіцца хлеб.

Шырока апісвае Я. Колас сваю родную зямлю маці. Ён апявае родныя мясціны, поўныя хараства паэзіі. Чаргуюцца дні і ночы, розныя поры года Хараство роднай прыроды выклікае не толькі радасць і захапленне, але і смутак. Сэрца паэта баліць за беспрацоўнага, прыгнечанага селяніна. Яму, пра поўнаму чалавеку, аддае аўтар усе свае сілы, любоў і павагу.