Белорусские сочинения - Якуб Колас - Дакастрычніцкі перыяд творчасці Якуба Коласа

Дакастрычніцкі перыяд творчасці Якуба Коласа

Першага верасня 1906 года (14 верасня — па новаму стылю) з'явіўся першы нумар газеты «Наша доля», а ў ім, сярод іншых матэрыялаў, — верш «Наш родны край», падпісаны псеўданімам Якуб Колас. Ці мог тады хто падумаць, якіх вяршынь дасягне беларуская літаратура ў творчасці нікому невядомага аўтара гэтага твора?

У вершы «Наш родны край» як быццам няма нічога асаблівага: ні хітрай выдумкі, ні якой-небудзь нечаканай метафары. Не клікаў ён на барыкады або на перадзел памешчыцкай зямлі (як апавяданне Цёткі «Прысяга над крывавымі разорамі», змешчанае ў тым жа першым нумары газеты «Наша доля»). Усё тут было такое знаёмае, свойскае, «абжытае», бачанае сотні, тысячы разоў: балота, пясок, туман, збуцвелы крыж пры дарозе як сімвал і знак спрадвечнай нядолі жыхароў вёскі.

Але верш захапляў чытача праўдай жыцця, сваёй журботнай інтанацыяй, сумнай мелодыяй, якая стваралася перш за ўсё эмацыянальна афарбаванымі эпітэтамі, параўнаннямі: бедны, нудны, сумны, як наша доля, глядзіш, як сірата.

                                     А як песня панясецца —
                                     Колькі ў песні той нуды!
                                     Уцякаў бы, бег, здаецца,
                                     Сам не ведаеш куды.

Следам за першым творам нараджаюцца на свет вершы «Асенні вечар», «Нёман» (з цягам часу ён стаў народнай песняй, якую і сёння можна пачуць на матыў папулярнай рускай песні пра Сценьку Разіна «Волга, Волга»), «Могілкі», «Дарога». Усё гэта — малюнкі роднага краю, «вобразы пакуты», як назаве іх пазней сам аўтар.

З першых крокаў сваёй сталай творчасці Якуб Колас не шукае нейкіх незвычайных ці экзатычных з'яў для адлюстравання, не спрабуе выяўляць, увасабляць у мастацкім слове ўзнёслыя, рамантычныя, узвышаныя пачуцці. Як быццам бы знарок паэт спыняе сваю ўвагу на тым, што акружае селяніна і спадарожнічае яму з самых першых яго крокаў, можна сказаць, ад самай калыскі. Усё ў яго простае, звычайнае, такое знаёмае ў найдрабнейшых дэталях.

Але герой паэзіі Якуба Коласа бачыць і ўмее цаніць непаўторную красу роднай зямлі, любавацца ўсходам сонца, «пераліўным блескам» яго прамянёў, брыльянтавым водбліскам расы на сонцы; яго незвычайна моцна цешыць зялёная рунь маладых пасеваў.

Адзін за адным з'яўляюцда ў друку і знаходзяць дарогу да чытача коласаўскія песні працы і нядолі, жальбы і пратэсту, песні пра непаўторную красу роднай зямлі, пра багацце душы беларускага мужыка. Ён, гэты мужык, пакуль што яшчэ занядбаны і цёмны, але ўжо хоча ведаць, «што мы ў свеце значым»; у творах Якуба Коласа ён пачаў раскрываць свае мары аб зямлі і шчасці, аб той сапраўднай волі, якая адкрые перад ім шырокія далягляды, зробіць яго паўнакроўным гаспадаром роднай краіны.

Праўда, пакуль што яны, коласаўскія героі, «жывуць, цярпліва долю смычуць і крыж нясуць мужычы ціха, дабра не бачачы з-за ліха». Але іменна яны пачынаюць усведамляць, што на свеце могуць быць і парадкі справядлівыя, якія самі па сабе не прыйдуць — гэтых парадкаў трэба дабівацца, не баючыся астрогаў і пакут.

У паэзіі Якуба Коласа, як і ў яго прозе, вызначылася мудрае, заснаванае на вялікім гістарычным вопыце, праверанае працяглай сапраўды народнае бачанне і разуменне жыцця, праўды і крыўды, практыкай цэлых пакаленняў. I заадно — аптымістычная, светлая вера ў розум і сілы працоўнага чалавека. Як тут яшчэ раз не ўспомніць такія вядомыя і памятныя ўсім радкі:

                                     Дымам пойдзе ўсё ліхое,
                                     Усё, што душыць нас і гне.
                                     Вер, брат, — жыцце залатое
                                     Будзе ў нашай старане.

Гэтае «жыцце залатое» Якуб Колас набліжаў, не шкадуючы сіл, сваім мастацкім словам, актыўнай дзейнасцю — і як пісьменнік, і як педагог. У імя гэтай лепшай долі народа ён адпакутаваў тры доўгія гады ў мінскім астрозе. Але і турма не пахіснула яго перакананняў і волі:

                                     За народ, што марна схне,
                                     За святое брацтва
                                     Адабралі ад мяне
                                     Усё маё багацтва...
                                     .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .
                                     Што ж? Няхай мой вузкі круг,
                                     Няхай я ў няволі,
                                     Толькі ж ім свабодны дух
                                     Не стрымаць ніколі!

Яшчэ ў дакастрычніцкі час пасля кнігі паэтычных твораў «Песні жальбы» выйшлі празаічныя зборнікі Якуба Коласа «Апавяданні», «Родныя з'явы», вызначыліся асноўныя абрысы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка». I хоць не было ў песняра ні свайго кутка, ні надзейнага прыстанішча, але ён не спыняў творчай дзейнасці ні на адзін дзень. «Дзе прыпруся, там і пішу», — успамінаў ён пазней у гутарцы з Максімам Лужаніным.