Белорусские сочинения - Якуб Колас - Жаночыя вобразы ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

Жаночыя вобразы ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

На беларускую дзяўчыну, Калі тут праўду ёй аддаць, Ніхто яшчэ каменем не кінуў і не наважыцца кідаць.
Я. Купала
Назначэнне жаночых вобразаў у трылогіі класічнае: рэалістычнае алюстраванне жыцця немагчыма без «найпрыгажэйшых кветак» — жанчын. Якубам Коласам створана цэлая галерэя жаночых партрэтаў незвычай прывабнасці, хараства і сілы ўздзеяння на чытача. Болынасці жаночых вобразаў пясняр даў імя сваёй маці. Прыгадаем Ганну з «Новай зямлі». Гэта, без перабольшання сказаць, самы гарманічны, самы эстэтычны вобраз жанчыны ў беларусай літаратуры, у якім увасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны-маці, жонкі, сябра, дараадчыка, ахоўніцы сямейнага ачага і духоўнасці сям'і. Вобраз Ганны з паэмы «Сымона-музыкі» — сімвалічны вобраз Беларусі, вобраз прошчы, што дае сілы свайму дзіцяці, што здольна нават вярнуць да жыцця.
У вобразе Ядвісі таксама ўвасоблены пісьменніцкі ідэал дзяўчыны — беларускай дзяўчыны, на якую, сапраўды, «ніхто йшчэ каменем не кінуў», бо беларускія дзяўчаты славіліся на толькі знешнім хараством, але і самымі лепшымі якасцямі, прысутнымі нашаму народу: працавітасцю, мудрасцю, разважлівасцю, дабрынёй, жыццястойкасцю і, безумоўна, цнатлівасцю. Менавіта ў абмалёўцы вобраза Ядвісі яскрава выявіўся дар Коласа-філосафа. Ствараючы ёй фон вобразамі панны Людмілы і панны Марыны, прыгажосць якіх бачыцца нам вачамі Лабановіча, пісьменнік сцвярджае глыбока філасофскую думку, што знешняя прыгажосць толькі тады сапраўдная прыгажосць, калі яна «падсвечваецца» ўнутранай — багаццем душы і «мнагалучнасцю» натуры. А калі за знешняй прыгажосцю, «гэтай дзявочай шыльдай», няма духоўнасці, шчырасці і непасрэднасці, то самая бездакорная прыгажуня меркне побач з Ядвісяй.
Галоўнае ж назначэнне вобраза Ядвісі заключаецца ў тым, што каханнем і адносінамі да каханай выпрабоўваецца галоўны герой — Лабановіч; гэта таксама класічны прыём у сусветнай літаратуры. Пісьменнік правёў свайго героя праз многія выпрабаванні, аднак, бадай, самага моцнага эстэтычнага ўздзеяння дасягнуў гэтым вобразам аўтар, калі выявіў да ўсяго яшчэ і здольнасць свайго героя разумець і ўбачыць сапраўдную прыгажосць, а не толькі «дзявочую шыльду», на што здольны, на жаль, нямногія. Існуе справядлівая думка, што мужчына выпрабоўваецца адносінамі да жанчыны.
Чыстыя, святыя і ўзнёслыя былі пачуцці Лабановіча да сваёй каханай, вочы якой гаварылі яму ўсё пра стан яе душы. Вочы яе смяяліся, а ў іх малады настаўнік чытаў сапраўдную драму душы тонкай, ранімай, якая пакутуе ад нечага такога, пра што і расказаць нельга.
Вобраз Ядвісі напоўнены глыбокім філасофскім сэнсам. Чытач, уражаны сілай пачуцця (прычым пачуцця ўзаемнага!), не можа змірыцца з воляй аўтара, які разлучыў «дзве палавіны», бо каханне ўзаемнае, чыстае і адначасова нязбытнае — трагедыя. Шчасце ж было так блізка, так магчыма, двое так гарманічна падыходзілі адно аднаму — чаму ж не збылося? Чаму яна так раптоўна паехала? Якой атруты, што на дне келіха з жаданым для яе напіткам, яна так баялася і таму не захацела выпіць яго да дна?
Трагедыяй гэтага светлага і прыгожага кахання, вобразам Ядвісі пісьменнік нагадвае нам пра адзін з вечных законаў жыцця: за грахі бацькоў расплачваюцца іх дзеці. Адмоўны вопыт, урокі жорсткасці, бесчалавечнасці, набытыя чалавекам у сям'і, могуць не лепшым чынам паўплываць на яго душу, псіхіку і скалечыць усё яго далейшае жыццё. Забываюцца людзі пра тое, што зло, спрычыненае імі, абавязкова да іх жа і вернецца, толькі патрапіць у самае балючае і важнае для іх. Вопыт Ядвісі, набыты ёй ва ўласнай сям'і, скалечыў яе лёс. Бацька без пары звёў у магілу маці Ядвісі (таму яна са скрухай адказала Лабановічу на камплімент, што ў яе маці таксама былі прыгожыя валасы, толькі доля нешчаслівая), на яе вачах жорстка здзекаваўся з мачыхі, а на людзях быў прыгожым, абаяльным, з вытанчанымі манерамі. I ніхто, акрамя Ядвісі і бабкі Мар'і, якой даверыла сваю горкую тайну мачыха Ядвісі, нават і не здагадваўся, якая драма разыгрываецца ў сям'і пана падлоўчага. Але нават бабка Мар'я з яе мудрасцю і шчырым жаданем дабра маладым не магла і падумаць, што ніякія іншыя непаразуменні, а страх Ядвісі перад «атрутай» стаў прычынай трагічнага разрыву. Страх «атруты» — страх расчаравання: а што калі і за шыльдай знешняй інтэлігентнасці, прывабнасці Лабановіча хаваецца жорсткасць і бесчалавечнасць? Ядвіся робіць свядомы выбар: лепш светлы ўспамін і светлая самота па нязбытнам каханні, чым горыч і боль расчаравання, што для любога чалавека заўсёды трагедыя, бо рушацца надзеі. За сваю жорсткасць і двухаблічнасць пан падлоўчы заплаціў шчасцем дачкі, бо невядома, як складзецца лёс такой тонкай і багатай натуры, як Ядвіся. За вялікае шчасце для сябе ён палічыў бы мець такога зяця, як Лабановіч, але падмурак шчасця ў доме дзяцей — справы бацькоў. А справы бацькоў былі такімі, што пасеялі яны недавер да ўсяго добрага ў душах дзяцей і жаданне як мага хутчэй вырвацца з дому, дзе пануюць не мір і згода, а дзе чалавек знішчае бліжняга свайго.
Вельмі настойлівы пісьменнік-філосаф у сваім усведамленні адказнасці бацькоў перад дзецьмі за свае добрыя і злыя справы, за свае грахі. У другой кніге ён зноў звяртаецца да гэтай праблемы і вырашае яе праз вобраз старожкі Ганны, маладой яшчэ, але вельмі непрыгожай абліччам жанчыны. Знешнасць яе таксама бачыцца вачамі Лабановіча, які ўсвядоміў выродлівасць няшчаснай жанчыны як «праклён за грахі бацькоў сваіх»: маленькія вочкі і бязносы твар былі «сапраўдным няшчасцем жанчыны». У яе абліччы — усе выявы спадчыннага сіфілісу. 3 яе нядолі нярэдка скарысталіся бяздушныя людзі. Ганна не магла заступіцца за сябе, а больш не было каму. Яна зацяжарыла ад настаўніка, які працаваў у гэтай школе да Лабановіча, і жыла ў вялікім страху, што новы настаўнік выганіць яе са школы, пазбавіць працы, а значыць і кавалка хлеба. Якім жа вялікім было яе здзіўленне і бязмерная ўдзячнасць, калі не толькі не звольніў, а выплаціў ёй грошы за ўсе летнія месяцы, чаго ніколі не было раней, — папярэднік Лабановіча заўсёды забіраў гэтыя капейкі сабе, адбіраў, як пра тое ў народзе кажуць, у жабрака апошняе.
Здавалася б, нічога асаблівага ва ўчынку Лабановіча няма, бо ён зрабіў толькі тое, што павінен быў зрабіць кожны: так, як трэба, па-людску. Але, на жаль, у жыцці не заўсёды так бывае. Пісьменнік, рэалістычна паказваючы жыццё, выпрабоўваў свайго галоўнага героя чалавечнасцю, здольнасцю паспагадаць няшчаснаму, дапамагчы ў бядзе, ствараў яму фон з вобразаў, што ўвасабляюць бесчалавечнасць, абыякавасць да пакут іншых.
Назначэнне вобраза старожкі Ганны — не толькі паказаць трагічны лёс жанчыны, бяспраўнае яе становішча, але і ўславіць чалавечнасць Лабановіча, яго адцанасць народу, здольнасць на канкрэтныя справы для канкрэтнага чалавека. Любіць усё чалавецтва могуць усе, дапамагчы няшчаснаму, прыніжанаму, абдзеленаму, помніць заўсёды «пра лёс разуты», як вобразна сказаў Р. Барадулін, — не кожны.
Галоўныя мастацкія прыёмы стварэння вобраза бабкі Мар'і, якім славіцца мудрасць народа, яго духоўнае багацце і прыгажосць, з'яўляюцца дыялог і выпрабаванне героя адносінамі да іншых людзей, найперш, да Лабановіча. У адказе бабкі Мар'і на пытанне настаўніка, дзеля чаго чалавек жыве на свеце, не «абмежавана-прымітыўны», як лічаць некаторыя крытыкі, погляд «на стан рэчаў», а глыбокая мудрасць, бо на гэта пытанне не далі адказу самыя дасканалыя філосафы за ўсю гісторыю існавання чалавецтва. Магчыма, сапраўды, сэнс жыцця — у ім самім, як шчасце — гэта само па сабе жыццё, якім бы нялёгкім і пакутлівым яно ні было. I сэнс жыцця кожным вызначаецца па-свойму. I не ў словах выяўляецца па-сапраўднаму чалавечае ўсведамленне сэнсу жыцця, а найперш у справах. Справы бабкі Мар'і якраз і выяўляюць яе ўласнае ўсведамленне сэнсу жыцця: паспагадаць, паспрыяць, памагчы чалавеку, калі таму кепска, умець радавацца прыгожаму і людскаму і не пускаць у сваю душу нялюдскае, злое. Так жыве бабка Мар'я. I хіба гэтага мала?
Выжыць у тых умовах і застацца чалавекам, жыць у добрай згодзе са сваім сумленнем і з людзьмі здольны мудры, моцны і прыгожы, а не з «прымітыўна-абмежаванымі поглядамі» чалавек. Свае адносіны да таго ці іншага героя чытач вывярае адносінамі Лабановіча да яго. Адносіны ж Лабановіча да бабкі Мар'і не проста паважлівыя— ён любіць і захапляецца сілай і духоўнай прыгажосцю гэтай простай, неадукаванай жанчыны. А для нас адносіны Лабановіча яшчэ і ўрок, прыклад таго, як уважліва і паважліва трэба ставіцца да людзей.
Паказваючы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, сцвярджаючы думку аб адзінстве лёсу народа і інтэлігенцыі, Якуб Колас дасягае пераканаўчасці і праз вобраз Вольгі Віктараўны Андросавай. Гэта таксама тыповы вобраз новай жанчыны, якая пад уздзеяннем рэвалюцыйных падзей адчула ў сабе сілу, каб змяніць не толькі сваё жыццё, але і павесці за сабой іншых. «Многа рэвалюцыйнага запалу ў гэтай смуглай дзяўчыны», «гараць яе вочы», калі яна даводзіць Лабановічу, што паражэння царскага ўрада ў руска-японскай вайне трэба жадаць, а не перамогі, бо паражэнне царызму паслабіць яго і паскорыць рэвалюцыйныя працэсы.
Безумоўна, гэты вобраз таксама неадназначны. Яе энергія, незакамплексаванасць, шчырасць і цнатлівасць прываблівае. Бескампраміснасць, нецярпімасць да не такіх, як у яе, меркаванняў не проста насцярожвае. Вобраз Вольгі Віктараўны — яркі і пераканаўчы доказ таго, як пад уздзеяннем часу і падзей можа змяняцца жаночая ментальнасць, як знікалі многія адвечна жаночыя якасці, і найперш сама жаноцкасць. Наступствы гэтых змен не да лепшага мы ў поўнай меры адчуваем у нашым грамадстве і сёння. Эмансіпацыя жанчын, на жаль, мае і свае адмоўныя выявы.
Пераканаўча, па-мастацку, без маралізавання, не навязваючы сваіх поглядаў, адлюстраваў Якуб Колас «родныя з'явы» ў вызначальныя моманты гісторыі. Каб мы самі думалі і разважалі, адхілялі нялюдскае і ўзбагачалі свае душы прыгожым.