Белорусские сочинения - Янка Купала - "Сярод сваіх i чужакоў яна мне ласкай матчынай" (Янка Купала пра край і народ свой)

"Сярод сваіх i чужакоў яна мне ласкай матчынай" (Янка Купала пра край і народ свой)

Янка Купала — класік беларускай літаратуры. Заслужана. Неаспрэчна. Тут не можа быць дзвюх думак, розных меркаванняў. Класікамі становяцца звычайна тыя мастакі, якія ўзнімаюць своечасова паходні, актыўна заступаюцца за свой народ і за ўсё чалавецтва, у трывожныя, навальнічныя гады застаюцца непахіснымі змагарамі за Радзіму. Класікі — гэта прарокі нацыі, якія вядуць за сабой народ. Так, як вёў яго наш Янка Купала. Вёў да рэвалюцыі 1917 года, калі сведчыў, што беларусы ідуць на сход, па Бацькаўшчыну, што ім, як і іншым «пагарджаным век» народам, захацелася «людзьмі звацца» («А хто там ідзе?»). Вёў і пасля, калі падлічваў нанесеныя віхурнымі падзеямі страты, перажываў, што мы можам канчаткова страціць спадчыну — «Старонку Родную» ў сілу трагічных абставінаў (« Спадчына»). Калі страсна, на ўвесь голас пракрычаў свой боль пра нашу прыніжанасць і непаўнацэннасць у змаганні за сябе, за свой гонар (мне запомнілася вобразнае параўнанне нашчадкаў Вітаўта і Скарыны з мышамі, што стаіліся пад венікам, крыўдлівыя, але справядлівыя словы пра сучаснікаў мастака слова, якія нават «глянуць, плюнуць смела» баяцца, «струшчаныя на пясок», у вершы «Перад будучыняй», напісаным у 1922 годзе). Вёў, пакуль не паспытаў сам ласку сталінскай справядлівасці і свабоды мыслення.
     Мы вывучаем паводле праграмы зараз самыя трагедыйныя вершы паэта, што пісаліся ў 1918—1920 гадах: «Крыўда», «З павяўшай славы», «Паязджане», «I прыйдзе». Яны напісаны ў драматычны для Радзімы час, калі было пастаўлена на карту існаванне Беларусі як суверэннай дзяржавы. Ішлі захопнікі з Захаду — кайзераўскія, а затым і белапольскія войскі. Не вельмі імкнуліся і бальшавікі тыпу Мяснікова і Кнорына падараваць нам незалежнасць, хоць бы адносную, клапаціліся больш пра захаванне тэрыторыі былой царскай імперыі. Было ўсяго. А Купала тым часам жыў у Мінску. Выдаваў газету «Звон». Яго 15-годдзе творчай дзейнасці не забаранілі праводзіць у 1920 годзе акупацыйныя польскія ўлады. Пясняр у прамове сваёй выказаў веру ў свабодную Беларусь. Пра гэта ж самае пісаў ён і ў публіцыстычных артыкулах, што пазней не перадрукоўваліся, хаваліся ад грамадскасці. Цяпер яны надрукаваныя зноў і пашыраюць мае ўяўленне пра песняра-прарока. Ён, аказваецца, быў смелым грамадзянінам, не баяўся выказвацца ад імя многіх.
     Але гэта — палітычны ракурс. Больш хочацца сказаць пра яго мастацкія творы пераломнай пары. Яны — трагедыйныя, балючыя, з пачатку і да канца прасякнутыя адчуваннем страшэннай бядыгора, што абрынулася на Беларусь. Мне запалі ў душу радкі з Купалавага верша 1919 года «Беларускія сыны»:
     
     На беларускім буйным полі
     З вясны да новае вясны
     Растуць крыжы, а пад крыжамі
     Хто? — Беларускія сыны.

     
     Многім беларусам на той час лёс наканаваў менавіта такую долю. Многія паляглі пад драўлянымі крыжамі на сваіх і чужых палях. Як ваяры. Як бежанцы. Як жабракі-беспрытульнікі. Ім праспявала песню мяцеліца, зачаравала, ператварыла ў ваўкалакаў, збіла са шляху і кружыць бясконца па нялёгкай віхурнай дарозе, у «зацьмішчы і завеі». Пра гэта сказана ў вершы «Паязджане». Я чую яго музыку — музыку «папаўзухі-завірухі» («Шэпча, шэпча штось на вуха»). Перажываю самы змрочны вобраз, што вызначае трагедыйнасць сітуацыі, якая складалася ў складаны і драматычны час. Гэта вобраз «вечнай дамавіны», што вянчае рух вясельнага поезда паязджанаў наперад. Аднак прывяду дзеля пацвярджэння сваёй думкі некалькі радкоў, што запомніліся і да гэтага трымаюцца ў памяці як запавет, папярэджанне, каб зноў не давялося нам трапіць у падобнае становішча:
     
     У полі дымна, у полі цемна,
     Беспатольна і заломна,
     Ні пуціны, ні упыння,
     Як у вечнай дамавіне.

     
     У згаданым вершы шмат трагедыйных зместам вобразаў-дэталяў. Імі з'яўляюцца слоўна-выяўленчыя сродкі (тропы) — эпітэты, параўнанні. Амаль усе яны — пра змрочнае, завірушнае, «разбэрсанае», як гавораць некаторыя людзі, што ведаюць нашу родную мову, жыццё: «сцюжны пух», «сцюжная мара», «у полі дымна, ў полі цёмна, Беспатольна і заломна», «папаўзуха-завіруха — злогадуху злыбядуха». І толькі зачараваныя, нібыта ў сне летаргічным, маладыя выглядаюць у «Паязджанах», «як дзеці, як галубкі на рассвеце». Ды падобны светлаколерны вобраз — адзінкавы ў вершы, з'явіўся раз сярод непрыгляднай імглы і знік, растаяў у белым снезе, у цемры, схаваўся ў дамавіне. Як страшна робіцца, калі такое чытаем праз 80 гадоў пасля напісання твора! А як пачувалася тады, у той час народнаму песняру? Балюча і горка! Верш гучыць .як музыка, як рэквіем па загінуўшых жыццях і душах. Купала так менавіта мысліў, такім настроем жыў. Яго сэрца перапаўняў усясветны боль за народ і Радзіму, якія блукаюць у зацьмішчы і ці выйдуць на прасцягі новага жыцця — невядома.
     Не магу не прыгадаць і яшчэ адзін верш гэтага перыяду — славутую элегію «Спадчына». Тую, якая стала песняю, упершыню праспяванай ансамблем «Песняры». Тую, якая магла быць і гімнам беларусаў, бо яна — пра вечнае: нязгасную любоў да таго, што з табой ад самага нараджэння і да дня апошняга — прыроды з дубам-асілкам у цэнтры, вясковымі могілкамі і «замшэлым тынам», «бляяннем авечак» на пасьбішчы і вясновымі праталінамі. Паэт проста пералічвае прыкметы роднай старонкі, але гэтае пералічэнне мае значэнне сімвала, кожны штрых на партрэце Радзімы напаўняецца вялікім сэнсам, мае першаступеннае значэнне, прыцягвае, як магніт, да сябе наш зрок.
     На ўроку ў класе я сказала, што ў падручніку слаба пішацца пра тое, што вялікі беларускі паэт адмаўляецца ў сваім несмяротным творы ад гучнага патрыятызму, не выкрыквае чарговыя абстрактныя фразы пра любоў да Радзімы, у заключных радках укладвае найглыбейшыя і наймацнейшыя пачуцці ў два словы, што вызначаюць рэальную спадчыну, якую трэба шанаваць і берагчы ад чужакоў, — «усяго старонка родная». Хораша і праўдзіва сказана! Без надрыву. Па-сялянску мудра. Па-чалавечы шчыра і цёпла.
     У школе мы вывучалі вершы «Крыўда» і «З павяўшай славы». Яны таксама пісаліся ў драматычны перыяд жыцця Радзімы і яе песняра, датуюцца адпаведна 1918-м і 1919-м гадамі. У аснове першага — алегорыя пра Крыўду, якая «цягалася па свеце», «строіла вечныя сеці» ды «гнала без часу ў магілы». Яна хацела навязаць нявольніцтва ў планетарным маштабе:
     
     Ад хаты да хаты йшла з хвалай,
     Ўзвялічвала троны, кароны;
     Нявольнікам путы кавала,
     Пладзіла сусветныя стогны.

     
     Гэтай сусветнай Крыўдзе-злыбедзе паэт супроцьпастаўляе «пажар на ўсходзе», рэвалюцыю, што скаланула ўвесь свет, ды так, што «дрогнулі рабскія скруты». Паэт паказвае ўсеагульную радасць, прадчуванне людзьмі сапраўднай свабоды. Так і было спачатку, бо «Апалі кароны, пасады», «З нявольнікаў спалі аковы». I ўсё ж у фінале верша сцвярджаецца недаўгавечнасць здабытай свабоды. Аказваецца (версія паэта), былыя нявольнікі-рабы не здолелі распарадзіцца сваім вызваленнем і выдалі сябе. Заключныя радкі твора лёгка запамінаюцца. Можа, таму, што яны — пра вечнае, пра свабоду чалавечага духу, якая толькі адна гарантуе пазбаўленне рабскіх ланцугоў. Рабы духоўна, нават без ланцугоў на целе, застаюцца рабамі. Рабства — лепшы спосаб іх існавання, натуральны лад жыцця:
     
     Раскованы раб сябе выдаў —
     Не ўзнёсся ў высь дух чалавечы, —
     Нявольнік пабратаўся з Крыўдай
     I ў помач даў ёй свае плечы.

     
     Магчыма, верш і пісаўся пад уплывам тых падзей, якія перажывала Беларусь у першыя паслярэвалюцыйныя месяцы, калі яна так і не стала свабоднай. Можа, аўтар гэтых радкоў расчараваўся ў тых лозунгах, што былі адразу абвешчаны, ці проста бачыў, што не ўсё здзяйсняецца на практыцы. Але адно зразумела і бясспрэчна: Янка Купала прадчуваў пагрозу паўторнага заняволення чалавецтва.
     Нам і настаўніца казала, і ў падручніку напісана, што верш гэты па стылю рамантычны. Сапраўды, ён літаральна перасыпаны традыцыйнымі рамантычнымі вобразамі — Крыўда, Пажар, Путы, Доля, Слава і інш. Адзначу, што твор прытчападобны, шматзначны. Мастак перасцерагае людзей у магчымасці трагедыйнага расчаравання ў ідэалах, калі яны будуць занядбаныя і не прывядуць да духоўнай свабоды і незалежнасці. У ім паэт-прарок заклікае чалавецтва да паслядоўнага выканання запаветаў рэвалюцыі, калі ўжо такая адбывалася ці адбудзецца. Рэвалюцыя для Купалы — гарантыя духоўнай свабоды.
     Верш «З павяўшай славы» напісаны годам пазней, у Мінску, калі паэт жыў сярод акупантаў і свята верыў у беларускую справу, у магутныя сілы народа і мастацтва. Верш пра тое, што трэба свята помніць бацькоў, не цурацца роднага, змагацца з заняволеннем. Верш гэты гучыць як стогн і малітва, заклік да народа і мастакоў уваскрэснуць і будаваць жыццё, разбуранае войнамі. Запомніла я толькі два радкі з яго — «Хай тое ўсё, што спала ў сне, паўстане яваю жывой». А яшчэ помню, што паэту хочацца, каб песня-заклік да абуджэння разнеслася па ўсім краі, абудзіла «спячыя сілы» і дайшла «да бацькаўскіх магіл».
     Янка Купала — пясняр нацыянальнага адраджэння Беларусі і беларусаў. За гэта я і люблю яго найперш. I хачу быць да яго падобная.