Белорусские сочинения - Янка Купала - Хто ж мы - тутэйшыя ці беларусы (паводле п'есы Янкі Купалы "Тутэйшыя")

Хто ж мы - тутэйшыя ці беларусы (паводле п'есы Янкі Купалы "Тутэйшыя")

Янка Купала перажываў не толькі трагедыйны лёс народа, заняволенага, заціснутага з двух бакоў мацнейшымі суседзямі. Яшчэ больш ён непакоіўся, што самі беларусы, вельмі часта вымушаныя называцца «тутэйшымі», адракаюцца ад свайго імя, баяцца назвацца роўнымі сярод роўных. Паэта можна зразумець: ужо ў 17 стагоддзі паступова пачалася страта ранейшых набыткаў дзяржаўнай самастойнасці Вялікага княства Літоўскага. Пазней было яшчэ горш: 18—19 стагоддзі былі стагоддзямі забароны беларускай мовы, культуры, стратаў многіх раней набытых каштоўнасцей. Усё гэта выдатна ведаў Іван Дамінікавіч і змагаўся з падобнай сітуацыяй.
     П'еса «Тутэйшыя» была закончана адразу пасля грамадзянскай вайны, калі акупанты (бацька Алёнкі Гарошкі называв іх «абскубантамі») былі выгнаны з нашых земляў і пачаўся працэс мірнага будаўніцтва. Працэс у п'есе тэты не паказаны. Дзеянне даведзена да падзей, звязаных з вызваленнем Мінска ад белапалякаў чырвонаармейцамі. Ды пра гэта, відаць, не трэба і пісаць. Тэма сачынення настроіла мяне на другую хвалю: дык хто ж мы, паводле купалаўскіх назіранняў? Хто такія Мікіта Зносак і яго хаўруснікі Поп, Спраўнік, Наста Пабягунская, Дама, тыя, хто выступав з іншых пазіцый, ідзе іншай сцежкай, — Янка Здольнік, яго вучаніца, а затым каханая Алёнка, яе бацька, маці Мікіты Зносака — вясковая жанчына, якая бавіць час у сынавай гарадской кватэры, вымушана слухаць яго павучанні ды папрокі ў адсутнасці ўмення культурна размаўляць, паводзіць сябе далікатна перад «высокімі гасцямі»? Янка Купала размяжоўвае беларусаў на тых, хто не адцураўся роднага, захоўвае роднае карэнне, і на тых, хто забыўся, хто ён такі, стараецца дагаджаць кожнай новай уладзе, што прыходзіць на беларускія землі. Ён на баку першых. Сваю любоў да роднай старонкі ён перадавярае настаўніку Янку Здольніку, які ў 4-й з'яве другой дзеі прамаўляе «залатое слова». Урыўкі з яго запомніліся, бо гучаць вельмі сучасна: «Якімі б раскошамі матэрыяльнымі нас не надзялялі, ніколі яшчэ не будзем шчаслівы, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб гэтага не было, мы павінны растаптаць, зніштожыць даўгавечную ману, якая вучыць, што мы не ёсць мы, што мы нейкае нешта, якое абы пакарміў, як быдлё, дык і сыта будзе. Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім «я», у сваёй самабытнасці і смела сягнуць на свае неаддымнае права самім распараджацца гэтым сваім «я». Вось так: толькі той народ сапраўдны, які сам распараджаецца сваім уласным «я», сам вызначае шляхі развіцця.
     На працягу ўсёй п'есы адбываецца выкрыццё «тутэйшасці» як формы прыстасавання да духоўнага, маральнага рабства, да прызнання сваёй ніжэйшасці параўнальна з прышэльцамі-чужакамі (слова «чужак» — часта ўжывальнае Купалам, азначае тых, хто не наш, хто прыйшоў на землі нашыя з мячом, а не ў мірных мэтах, скарыць нас, а не дапамагчы нам вытрымаць выпрабаванні гісторыі). Найпершы носьбіт рабалепнай маралі, адрачэнец ад свайго імя — Мікіта Зносак. Па ходу дзеяння ў п'есе ён называв сябе то Мікіціем Знасілавым, то Знасілоўскім: на ўсходні і заходні манер. А так ён увогуле нейкі «неданосак», недавярак, як у народзе скажуць, абцякальны тып падобна амёбе, які прымае розныя формы. Прынцыпы яго жыцця — жахлівыя: служу тым, хто больш плаціць; мову вывучаю адну, рускую («русацяп»), а ўсе астатнія — недарэчнасць, тлум галавы («напладзілі людзі языкоў, як тая трусіха трусянят (...) круці галавой над языкамі, як баран які над студняй»); выконвай усе дырэктывы, спушчаныя зверху, і жыві, не думаючы ні пра што; цягні ўсё, што няправільна ляжыць (ён гэта і робіць, спажываючы «нічыйную» патаку, разжыўшыся пісталетамі ў фінале п'есы); кахай не па закліку сэрца, а паводле жывёльных інстынктаў і інш. У фінале твора, калі Мікіту арыштоўваюць чырвонаармейцы за марадзёрства і вядуць у турму, ужо яго маці Гануля прамаўляе сваё залатое слоўца: просіць, каб паны-начальнікі «не «змікіцілі» яе Мікітку. А яе Мікітка — «васілёк у жыце», родная крывіначка нават не азірнуўся, не развітаўся па-чалавечы з маці-пакутніцай, маці-дабрадзейкай. Балюча чытаць такое і пісаць аб прачытаным. Балюча, што Мікіта Зносак (зносак — апошняе, без шкарлупіння курынае яйка) у п'есе не адзінокі. З ім — яго хеўра, яго світа, у якой вылучаецца Спраўнік, што толькі тое і робіць, як п'е, закусвае, знікае і зноў з'яўляецца ў доме калежскага асэсара, чыноўніка нізкага рангу. Ён, тэты безыменны герой, — абагульнены вобраз салдафона, служкі любога рэжыму, які, як і Скалазуб з сусветна вядомай грыбаедаўскай камедыі «Гора ад розуму», не прызнае павевы новага, свабодалюбства ў жыцці, выступав супроць моладзі, асабліва універсітэцкай, бо тая — адна марока для ўрада, бо з ёю «заўсёды столькі для паліцыі клопату». Поп таксама шкадуе мінулае. Басоце яму служыць малебны не хочацца, ён — служка паноў ды спраўнікаў. Мова яго макаранічная — трасянка, засмечаная рускай і замежнай лексікай. Крышку святлейшая душой і чысцейшая Наста Пабягунская — яна без пэўнага роду заняткаў, пахатуха, якая ўсё ведае, але больш сумленная і шчырая, чым калежскі асэсар. А таму і дае яму адлуп у яго амурных заляцаннях.
     Менш у п'есе людзей разумных, што змагаюцца за адраджэнне забытых традыцый, шукаюць сваю страчаную беларускасць, — Янка Здольнік, Алёнка, стары Гарошка, Гануля. Ды праўда за імі. Бо не можа ніякая цемра панаваць доўга, бо ноч саступае месца дню, бо не ўсё страчана, бо захаваліся ўсё ж беларусы, хоць і ў абліччы «тутэйшых». Шануйма ж імя сваё, як яны шанавалі яго пры немцах і белапаляках, сталінскай і брэжнеўскай таталітарнай уладзе. Шануйма. Не ўсё страчана. Мы — народ. Сачыненне хачу закончыць Купалавымі радкамі:
     
     Я адплаціў народу,
     Чым моц мая магла:
     Зваў з путаў на свабоду,
     Зваў з цемры да святла.