Белорусские сочинения - Аркадзь Куляшоў - Аркадзь Куляшоў у пачатку дарогі (назіранні над асобнымі творамі)

Аркадзь Куляшоў у пачатку дарогі (назіранні над асобнымі творамі)

Малады паэт, якому толькі-толькі споўнілася 14 гадоў (мы ж ведаем, што ён нарадзіўся ў Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне) у 1928 г. напісаў прачулы, поўны юнацкай цнатлівасці і летуценнасці, а таксама непрыхаванай журботнасці верш пра каханне «Бывай». Як магло такое здарыцца, што выдатны верш, у якім раскрываюцца перыпетыі складанага перажывання, напісаў такі маладзён? Няўжо ў яго быў вялікі вопыт у каханні? Ці каханне — гэта прыродны, як і талент, з дзяцінства, дар? Мне на чатыры гады больш. Я сама зведала боль расстання і боль (ужо радасны) сустрэч пасля доўгіх сварак і звадак, але ніколі не пісала б так, як напісаў маладзенькі падлетак Аркадзь Куляшоў. А ўсё, мне думаецца, атрымалася цудоўна і па-крыштальнаму чыста ў творы таму, што было хоць і ранняе, але светлае, гармашчнае каханне паміж маладымі людзьмі. Таму і развітвацца так цяжка. I дараваць немагчыма.
     Тэма верша — вечная. Каханне было, ёсць і будзе. Каханне ў стане перамагчы нават смерць. Пачытаем у сувязі з гэтым горкаўскую паэму «Дзяўчына і смерць», караткевічаўскую аповесць «Ладдзя Роспачы» (хто не чытаў — многа-многа згубіў). Успомнім, што Каханне, пераможнае над усім — разбурэннем, хаосам, смерцю, здрадай, — хацеў паказаць спачатку ў сваёй трылогіі «Блуканне па пакутах» Аляксей Талстой. Гэта пазней ён перасатварыў ранейшую думку, расцягнуў апавяданне, расставіў герояў па розныя бакі барыкадаў барацьбы. А была ж такая цікавая задума! I, на жаль, не рэалізавалася. Каханне можа ўсё. Смерць — не ўсё. Каханне прыручвае звера, дзікуна (купалаўскага Машэку!), сіла — не ўсё і не ўсіх.
     У Куляшова Каханне ў вершы ценькае (ёсць такое жамчужнае, брыльянтавае слоўца ў беларускай мове). Нейкае празрыстае, крохкае. Падзьмуў вецер трывогі — і яно рассыпалася. I ці склеяцца яго асколкі, што як часцінкі-слязінкі караляў рассыпаліся па майскай траве, па ходжаных-пераходжаных палявых сцежках? Відаць, не. Як і ў Багдановічавым «Рамансе». Там таксама застаўся толькі лёгкі цень ад былых сустрэч ды зорка ў небе — высокім-высокім, недасяжным.
     Верш пра каханне хуткацечнае, але нялёгкае, не бяздумнае і бяздушнае (такое бывае часта). Пра глыбокае, бяздоннае каханне. Да таго ж пяшчотнае і рамантычнае. Уся бяда ў тым, што, толькі нарадзіўшыся ў душы юнака і запаланіўшы ўсю яго істоту, яно мусіць згасаць. У верпіы (у яго слоўна-вобразнай тканіне) каханне не радасна-летуценнае (такое яно недзе па-за тэкстам, у водбліску былых сустрэч, за межамі пераказанага юнаком лірычнага сюжэта — пра расстанне з любай, дарагой смуглянкай), а самотнае, маркотнае, па-даросламу роспачнае, балючае. З першага і да апошняга вершаванага радка паэт вытрымлівае цэласнасць элегічнага настрою. У вершы, здаецца, прысутнічае светлая прырода, згадваецца золак дня, «якому ружавець», жаўранак, што звінеў у паднябессі, гамоняць жоўтыя сосны, раскалыхваюцца пад ветрам жытнёвыя гаманлівыя хвалі, блішчыць світальная зорка, пачынаецца «ўсход дня». Ды ўся сутнасць заключаецца ў тым, што гэтыя светлыя фарбы прыроды, пробліскі рэальнага жыцця не грэюць сэрца героя. I таму побач з імі становяцца іншыя — трагедыйныя, балючыя: «заранка (...) у небе дагарае»,«плакаў май», « суровы позірк твой і мой нямы адчай», «сцежкі ростані», «адзінокі сум», «світальная зорка (...) гасне ў сіняве». Ствараецца ўражанне, што лірычны герой горка перажывае ростань з каханай, аднак гэтае перажыванне не можа канчаткова выцесніць з яго памяці ранейшых сустрэч, былых прызнанняў.
     І ўсё роўна, нават пасля ростані, адзінокі, пакінуты сам з сабою, герой застаецца верны страчанаму каханню. Падобная ідэя ўвасабляецца пры дапамозе трапнага паралелізму: глыбокія перажыванні пастаянна суадносяцца з прыроднымі з'явамі, карцінамі. У душы героя і ў прыродзе назіраецца поўная гармонія і адпаведнасць настрою: горка на душы, герой шкадуе аб былой сустрэчы, якая не паўторыцца больш, — з'яўляецца заранка, што дагарае на ўсходзе на небе; суровы позірк каханай, нямы адчай юнака — і адразу ж з'яўляецца «золкае, туманнае світанне»; «адзінокі сум» «на сцежках ростані» — і адпаведны яму «гоман жоўтых сосен», «зялёнае калоссе»; «Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры», што «Слязой халоднаю застылі на траве» — і вобраз «ціхіх, далёкіх прастораў». Але болей за ўсё ўдалася маладому паэту пятая страфа, у якой захоўваецца падобны паралелізм паміж прымружанай, туманнай нейкай прыродай і адпаведным ёй чалавечым настроем, аднак рэаліі жыцця і перажыванні мяжуюцца ў ёй адвольна, свабодна:
     
     Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
     Палынны жаль смугой акутаных дарог,
     Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
     Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

     
     Сумнаму элегічнаму настрою верша адпавядаюць і слоўна-выяўленчыя сродкі, у першую чаргу эпітэты. Паставім іх, напрыклад, у адзін рад і ўбачым, што яны прасякнутыя трывожным настроем, з'яўляюцца «шэрымі», цёмнымі па колеры: «золкае, туманнае світанне», «суровы позірк», «нямы адчай», «адзінокі сум», «жоўтыя сосны», «ціхія прасторы», «пакрыўджаныя дакоры», «халодная сляза», «золкі і туманы, палынны жаль», «самотны жаўранак». Асабліва ж мяне ўразіў адзін — «палынны жаль». Гэта удала знойдзены, наваствораны, неўжываны да паэта нікім, як мне здаецца. Пазней, ужо ў «Новай кнізе» А.Куляшоў другім разам звернецца да вобраза палыну, горкага палыннага смаку, калі раскажа, што менавіта палыновай гаркатой адваджвалі маці ад грудзей дзяцей. Уражваюць і метафары, якія таксама «працуюць» на сумны настрой, асабліва двойчы (у другой і перадапошняй, шостай) паўтораная, угрунтаваная на прынцыпе кантрасту, а таму і асабліва страсная, яркая, — «Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май» (варыянт — «Самотным жаўранкам звініць і плача май»). Звернем увагу, што ў другім варыянце метафара «ўзмоцнена» эпітэтам «самотны». Так тры мастацкія прыёмы зліваюцца ў адным тропе: метафарызацыя, падбор адпаведнага настрою лірычнага героя эпітэта і антанімія (супроцьпастаўленне).
     Мне здаецца, што мала стварылі беларускія пісьменнікі (мужчыны) твораў пра каханне, у якіх выявіўся б такі высакародны характар лірычнага героя. Тэты характар блізкі да характару героя Багдановічавага «Раманса» пра зорку Венеру, якая ўзышла над зямлёю, але не радуе яго сэрца. Як у творы Куляшова, так і ў творы Багдановіча шкадаванне і трывога лірычнага героя светлыя, гарманічныя, цэласныя. Юнак не спадзяецца на далейшыя сустрэчы, а таму ўкладвае ўсе свае душэўныя сілы, усю нерастрачанасць пачуццяў у вобраз каханай. Чытаю вершаваныя радкі, уяўляю карціны, імі нагаданыя, свядомасцю сваёй ствараю і я вобраз дзяўчыны, якая запала ў сэрца юнака. I думаю, што іначай, чым сказаў пра гэта сам паэт, сказаць пра яе прыгажосць і светласць нельга. Паглядзіце, якімі ласкавымі словамі ён яе называе, з кім і чым толькі не параўноўвае: і «абуджаная сэрцам», дарагая істота, і «любая», і «світальная зорка», якая гасне ў сіняве, і «смуглянка». I вобраз гэты ўпісаны ў прыроду вясновую, спавіты музыкай мая, які «звініць і плача».
     Нам гаварылі нашы школьныя настаўнікі, што творы сумнага зместу, у якіх паэты выказваюць свае трывожныя пачуцці, крыўдуюць на складаныя і драматычныя абставіны, называюцца элегіямі. Элегіі пісалі Пушкін і Лермантаў, Сыракомля і Чачот, Лучына і Міцкевіч у 19 стагоддзі. Элегічная ў цэлым паэзія М.Багдановіча, Я.Пуіпчы і класікаў нашай літаратуры Я.Купалы, М.Танка і, вядома, А.Куляшова. Верш «Бывай» стаўся своеасаблівай стартавай пляцоўкай да напісання ў далейшым «Новай кнігі». У гэты зборнік увайшлі пераважна філасофскія элегіі пра жыццё і смерць, узаемаадносіны чалавека з прыродай, хваляванне і спакой, мастацкую творчасць. Элегія ж «Бывай» — пра каханне, якое, на жаль, не адбылося, распалася, толькі пачаўшыся. Выдатны, яскравы, светлы твор, якія і павінны, як мне думаецца, пісаць беларускія паэты, асабліва маладыя.