Белорусские сочинения - Мiхась Лынькоў - Міхась Лынькоў. Аналіз творчасці

Міхась Лынькоў. Аналіз творчасці

Нарадзіўся Міхась (Міхаіл Ціханавіч) Лынькоў 30 лістапада 1899 г. у вёсцы Зазыбы Лёзненскага раёна ў сям'і чыгуначніка. Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў у БудаКашалёўскім I Рагачоўскім раёнах. У 1919—1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у савецка польскай вайне. Пасля дэмабілізацыі працаваў намеснікам рэдактара I рэдактарам бабруйскай акруговай газеты «Камуніст». У 1930 г. пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск, працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі», старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1939 г. удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь (рэдагаваў газету «Беларуская звязда»). У гады Вялікай Айчын най вайны з'яўляўся рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», з 1943 г. — дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларусі. У 1962 г. прысуджана званне народны пісьменнік Беларусі. Памёр 21 верасня 1975 г„ пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў належыць да таго пакалення, на вачах якога адбываліся грандыёзныя падзеі часу. Ён не толькі быў сведкам гэтых падзей, але і актыўным іх удзельнікам. Са зброяй у руках ён змагаўся ў дні грамадзянскай вайны, удзельнічаў у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, у перыяд Вялікай Айчыннай вайны рэдагаваў франтавую газету «За Савецкую Беларусь».

У творчасці пісьменніка знайшлі сваё адлюстраванне незабыўныя падзеі таго часу. У апавяданнях «Над Бугам», «Гой», «Крот», «Манчжур», прысвечаных грамадзянскай вайне, М. Лынькоў паказвае жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, нараджэнне новага чалавека, змену міжнацыянальных адносін і ўсталяванне новага побыту. У цэнтры ўвагі аўтара — асоба простага чалавека, кінутага ў віхуру грозных падзей.

Апавяданне «Над Бугам» (1926) прысвечана барацьбе Чырвонай Арміі з белапалякамі. Чырвонаармейцы рыхтуюцца да ранішняга наступлення, у выніку якога яны павінны авалодаць процілеглым берагам Буга, дзе акапаўся вораг. Рыхтуюцца да гэтай бітвы і Васька Шкетаў з Ванькам Разанскім.

Васька Шкетаў — чалавек без біяграфіі, які не памятае ні бацькоў, ні родных, ні сяброў. Мінулае яго — страшны сон, нейкае непаразуменне. Працаваў падкухарам, у тракціры. Быў басяком, злодзеем, задзірыстым буянам, якога не хацелі лічыць за чалавека. У пошуках шчасця ён пайшоў у Чырвоную Армію, стаў салдатам. Полк для яго — школа выхавання, у якой ён пераадольвае (праўда, з цяжкасцю) ранейшыя звычкі. Васька яшчэ можа ў вёсцы «пашукаць яек курыных», але ўжо робіць гэта не толькі для сябе, але і для баявых сяброў. Паступова герой іншымі вачамі пачынае глядзець на жыццё, усведамляе сябе паўнацэнным чалавекам. «Жыву ж я цяпер, жыву, чалавек я цяпер, не абы-хто...», — шэпча Васька перад наступленнем. Ён пачынае марыць аб шчасці, якога, праўда, яшчэ выразна не ўяўляе. Для яго яно «саткана з дзіўных жаданняў, са светлых надзей, апавітых нібы сонцам ружовым».

Ванька Разанскі — патомны разанскі селянін, які пайшоў на вайну, пакінуўшы дома жонку і чатырох

дзяцей. Ён сумуе «аб каласах жытніх на сваёй паласе», «аб дзецях-румзах, аб жонцы», якой збіраецца паслаць у падарунак свой салдацкі мяшок з кавалачкам воску, ніткамі, гузікам, агрызкам алоўка. Гаспадарлівасць і разважлівасць вясковага хлопца, адказнасць за даручаную справу кіруюць учынкамі Івана. Ён рыхтуецца да адказнага бою, дзе прыйдзецца стаяць насмерць, як да самай важнай справы ў жыцці: прышывае гузік так моцна, што яго нельга было б адарваць паўротай салдат; наводзіць парадак у сваёй салдацкай торбе; перачытвае пісьмо ад жонкі; па даўнім сялянскім звычаі апранае самае лепшае адзенне. Усведамляючы сябе часцінкай вялікага калектыву, Ванька Разанскі чакае перадсвітальнага бою, каб на тым беразе Буга «сустрэць сонца, а з ім разам залатую радасць жыцця».

Бераг быў узяты чырвонаармейцамі. Смяртэльна паранены ў баі, Васька Шкетаў перажывае пачуццё радасці ад таго, што вораг разбіты. Паміраючы, ён шэпча: «Эх, позна, позна, і так рана, рана...» У гэтых словах — шкадаванне, што яго шчаслівае жыццё прыйшло позна і што так рана трэба паміраць. Паміраючы ад ран, Ванька Разанскі ўжо думае не пра салдацкі мяшок, а пра свой «непераможны полк», пра які ён з пачуццём гордасці гаворыць у перадсмяротным пісьме жонцы Алене.

М. Лынькоў, адлюстроўваючы напружаную барацьбу за новы лад, паказвае перавыхаванне чалавека ў агні грамадзянскай вайны. Героі апавядання «Над Бугам» рознымі шляхамі прыйшлі ў Чырвоную Армію, і ў працэсе змагання з белапалякамі яны становяцца новымі людзьмі, аддаюць свае жыцці за справу вызвалення працоўнага чалавека.

Вызваленчы паход 17 верасня 1939 г. закончыўся ўз'яднаннем беларускага народа. Ён прыцягнуў увагу М. Лынькова, які сам у якасці рэдактара газеты «Беларуская звязда» ўдзельнічаў у гэтай акцыі. Падзеі 1939 г. леглі ў аснову твораў «Ядвісін дуб», «Тры злотых», «Капля малака», «Сустрэчы». Асабліва глыбокага пранікнення ва ўнутраны свет людзей удалося дасягнуць М. Лынькову ў аповесці «Сустрэчы»,

Захар Крымянец — галоўны герой аповесці. Вобраз яго ствараўся пад уражаннем асабістага знаёмства

М. Лынькова з вядомым заходнебеларускім падпольшчыкам С. Прытыцкім. Герой аповесці, выконваючы рэвалюцыйнае заданне, кіруючыся ўласным пачуццём абавязку, забіў правакатара, свайго ранейшага сябра. За гэта Захар быў асуджаны на пажыццёвае турэмнае зняволенне. Семнаццаць гадоў прасядзеў гэты чалавек за турэмнымі кратамі. Нават у адзіночнай камеры ён сустракаў кожны новы дзень песняй, якой гаварыў ворагам, што ён яшчэ жыве і не збіраецца паміраць: «Іржа згрызе жалеза, струхнеюць каменныя сцены, косці ворагаў яго спапялеюць у зямлі, а ён будзе жыць, на зло ім, на страх».

Вызваленне прыйшло ў 1939 г. 3 групай былых палітычных зняволеных Захар Крымянец вяртаецца на радзіму. Фізічна слабы і хворы, ён «ішоў заўсёды ўперадзе», падтрымліваючы астатніх і бадзёрачы іх. Па дарозе дадому Захар сустракаецца з Геняй, якую разам з мужам арыштавалі два гады назад. Мужа забілі, а Геня апынулася ў турме, дэе ў яе нарадзілася дзіця. У хуткім часе дзіця памерла, а Гені нават не дазволілі быць на пахаванні. Маці запратэставала, за што была жорстка збіта. Смерць сына, няшчадныя пабоі, зверствы турэмшчыкаў падарвалі здароўе маладой жанчыны. Захварэўшы на сухоты, яна памірае па дарозе дадому, не дажыўшы некалькі гадзін да сустрэчы з байцамі Чырвонай Арміі. У перадсмяротных словах Гені быў не столькі смутак, колькі пачуццё гордасці ад усведамлення поўнасцю выкананага абавязку перад Айчынай: «Вы не ведаеце, якая гэта вялікая пакута — столькі цярпець і не ўбачыць тое, за што столькі прыйшлося перацярпець... А яно ж блізка... Вы ж бачыце, гараць пад імі масты...»

А жорсткі лёс рыхтаваў для Захара новыя выпрабаванні. У старой, спакутаванай жанчыне ён ледзь пазнаў жонку, ад якой даведаўся пра смерць сына і арышт дачкі Вярунькі. А калі жонка паказала здымак, Захар зразумеў, што Геня, якую ён пахаваў на крутым беразе ракі, была яго дачкой.

У вобразе Захара Крымянца М. Лынькоў паказаў нязломнага змагара за свабоду, аптыміста. Загартаваны жыццёвымі выпрабаваннямі, ён мужна пераносіць асабістае гора і верыць у шчаслівую будучыню народа.

Тэме Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны эборнік апавяданняў М. Лынькова «Астап» (1944). У ім пісьменнік расказвае пра гераічнае змаганне беларускага народа супраць фашысцкай навалы на часова акупіраванай тэрыторыі. На барацьбу супраць фашыстаў узнімаюцца ўсе жыхары рэспублікі, для якіх лепш загінуць, чым жыць у няволі. Стары ляснік Астап паўтарае подзвіг Івана Сусаніна (апавяданне «Астап»). Трынаццацігадовы хлопчык Міколка, помсцячы за смерць маці і хворай сястрычкі, кідае супрацьтанкавую гранату ў аўтобус з эсэсаўцамі і сам гіне ад фашысцкай кулі (апавяданне «Васількі»). Юнак Алёша за смерць сваёй каханай ператварае ў магілу памяшканне, дзе фашысты наладзілі баль (апавяданне «Салют»). Льнаводка ірына ўзрывае цягнік з салдатамі і боепрыпасамі і гіне сама, помсцячы за смерць свайго маленькага сына (апавяданне «Ірына»). Ідзе на смерць і звычайная вясковая жанчына Аксіння, што выхавала дзяцей і ўнукаў, якія ўключыліся ў партызанскую барацьбу супраць ворагаў (апавяданне «Пацалунак»). Партызанскі кулямётчык Усціныч па лае лютай нянавісцю да ворагаў, якія бязлітасна абарвалі жыццё яго дзяцей, «абарвалі дзіцячыя песні» (апавяданне «Недапетыя песні»). М. Лынькоў паказвае, што героі яго пры выкананні небяспечных заданняў кіраваліся не толькі жаданнем помсціць за асабістае гора, але і пачуццём агульнай адказнасці перад Радзімай, якую топча вораг.

Усенародную партызанскую барацьбу паказвае М. Лынькоў у рамане-эпапеі «Векапомныя дні» (1948—1958). Гэта самы маштабны ў беларускай літаратуры твор аб партызанскай вайне на тэрыторыі Беларусі. Пісьменнік стварыў эпічныя вобразы радавых байцоў і кіраўнікоў партызанскага руху і падполля Канстанціна Заслонава, Платона Капушы, Мірона Пакрэпы, Арцёма Ляшчэні, Паўла Дубка, Васіля Саколіча, Вадзіма Слышэні, Надзі Канапелькі, многія з якіх маюць сваіх прататыпаў (К. Заслонаў, Бацька Мінай, Саколіч — В. I. Казлоў, Слышэня — I. Д. Варвашэня, Галя — А. Р. Мазанік). Разам узятыя, героі рамана ствараюць калектыўны вобраз народа-змагара, які не зламаўся, не стаў на калені перад ворагам.