Белорусские сочинения - Максім Лужанін - «Такіх бы кніжак болей...»: роздум над дакументальнай аповесцю Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе»

«Такіх бы кніжак болей...»: роздум над дакументальнай аповесцю Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе»

Па-першае, хто мне параіў гэтую цікавую кніжку прачытаць, — настаўніца. Сапраўдная: эрудзіраваная, добрая, уважлівая да нас і справядлівая. Яна не крычыць і не сварыцца на нас, калі не паспяваем нешта зрабіць, заўсёды дае магчымасць рэабілітавацца. I яшчэ нам падабаецца, што яна ведае больш, чым напісана ў падручніку, і ад нас патрабуе шырэйшых ведаў.

Па-другое, хто такі Колас — мы ведаем: за адну толькі паэму «Новая зямля» яму можна было даць Нобелеўскую прэмію, калі б яе на той час (твор закончаны ў 1923 годзе) давалі. А вось пра Максіма Лужаніна ў школе нам нічога не гаварылі. А шкада, бо ён пісаў і цудоўныя вершы і паэмы, і выдатныя мемуары, у ліку якіх кніга «Колас расказвас пра сябе».

Перш чым даць ацэнку гэтаму ўнікальнаму твору, адзначу што ў школе біяграфіі пісьменнікаў мы вывучаем кепска, па нейкім шаблоне: нарадзіўся ў такім годзе; калі ў сялянскай сям’і— перажываў гора і нястачы, пакуль выбіваўся на свой хлеб; вучыўся там і там; першую кнігу выдаў у такім годзе і г. д. А што за гэтымі вехамі жыцця схаванае, а якая была ў яго сям’я, а з чаго пачыналася творчасць — гэтага мы не ведаем. А не пашкодзіла б ведаць.

Максім Лужанін быў добраахвотным сакратаром Якуба Коласа: дапамагаў парадкаваць карэспандэнцыю, адказваць на лісты, сёе-тое запісваць на ліст з вуснаў песняра. Прызвычаіўся весці дзённік, які лёг у аснову ўспамінаў. Ды якіх! 3 якіх паўстала жывая, яскравая постаць вялікага песняра ў розных абставінах: у роздумах пра літаратуру, ва ўзаемаадносінах з сям’ёй, у час «ціхага палявання», у акружэнні блізкіх і не надта блізкіх людзей.

Асабліва выразна Якуб Колас раскрываецца як гуманіст, чалавекалюбец... Вось як апісвае Лужанін яго адносіны да моладзі: «I Коласу было радасна сярод гэтай неспакойнай, поўнай зразумелага задзёру і не да канца ўсвядомленых імкленняў маладое паводкі. Моладзі ўжо не пагражаў лёс ягонага малога музыкі. Вырваўшыся “на прасторы жЫііця”, яна па-гаспадарску бралася за работу, сцвярджала сябе ў вобразах шматлікіх Сцёпак і Дленак».

Мемуарыст адзначае вясковасць у паводзінах героя кнігі: пад вокнамі ў яго штогод расло жыта, селекцыяй гатункаў якога ён пастаянна займаўся; пісаў аўтар «Нрвай зямлі» на абодвух баках паперы, па-сялянску шануючы тых, хто яё вырабляў. Ашчадны ва ўсім, ён толькі тады купляў новы гарнітур, калі дзеці нагадвалі, што стары ўжо знасіўся або састарэў.

Максім Лужанін паказвае нам творчую лабараторыю пісьменніка, яго адданасць літаратурнай працы. Дазволю сабе ў сувязі, з гэтым прывесці яшчэ адну цытату з кнігі пра Коласаву манеру пісьма:

«Да так званага запойнага пісання, днём і ўночы, некалькі тыдняў запар, не ўстаючы з крэсла, Канстанцін Міхайлавіч ставіўся няўхвальна:

- Ну, і які толк, што чалавек сядзіць, як ачмурэлы, нікуды не вылазячы? Думка робіцца непаваротная, на праўкі потым удвая больш часу трэба. Лепш развейвацца, выходзіць на людзі. Стрэнецца што-небудзь на дарозе, слоўца пачуеш. Глядзіш, яно табе падказала добрую знаходку. А галоўнае — давай галаве спачын, каб грунтоўней абдумаць усё. Тады запішаш сваю прыдумку лёгка, не надужаючыся».

Вось, можа, і ўсё. Са старонак кнігі Лужаніна Якуб Колас паўстае як жывы. Дзякуючы такім творам, мы даведваемся, што пісьменнікі — таксама людзі і што нішто чалавечае ім не чужое.