Белорусские сочинения - Іван Мележ - Драма народнага жыцця ў "Палескай хроніцы" Iвана Мележа

Драма народнага жыцця ў "Палескай хроніцы" Iвана Мележа

У артыкуле «Не застацца ў даўгу» Іван Мележ пісаў: «Пра калектывізацыю напісана многа. Але, мне здаецца, сказана пра яе далека не ўсё. Хочацца глыбей і праўдзіва паказаць гэты паварот у жыцці вёскі. У цяжкія трыццатыя гады брала пачатак не толькі добрае, але і злое». Праблема калектывізацыі — адна з галоўных у «Палескай хроніцы» пісьменніка. Вобраз часу, праблема калектывізацыі вырашаецца ў творы ў цесным адзінстве з лёсам народа, Радзімы, асобы. Народ, людзі палескай вёскі Курані з'яўляюцца галоўнымі героямі рамана. З першых яго старонак перад чытачом паўстае жыццё закінутай сярод балот і лясоў палескай вёскі. З усходам сонца ў Куранях з каміноў «віліся ціхія ранішнія дымочкі, у расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі, лагодныя і строгія покрыкі жанчын». Чуўся «чысты працавіты клёкат жалеза аб жалеза — касцы ладзілі, адбівалі малаткамі косы, рыхтаваліся ісці на балота». Па вёсцы ішоў «заспаны пастушок. Чуўся яго хрыпаваты голас, каровы са шляхетнай паважнасцю сыходзіліся ў статак».
     Малюнкі сялянскага побыту, духоўнае багацце герояў, асаблівасці беларускага нацыянальнага характару Іван Мележ паказвае з глыбокім веданнем справы. Шмат увагі пісьменнік надае ў творы адлюстраванню сямейных, інтымных адносін паміж персанажамі твора.
     Сялянскае жыццё праходзіць у знясіленай працы з вечнай пагрозай голаду, у вечным даўгу перад Карчамі. Збор грыбоў, лоўля рыбы, падгляд пчол для куранёўцаў не адпачынак, а барацьба за выжыванне, змаганне з вечнай пагрозай голаду. Заўчасная смерць — звычайная з'ява ў сялянскай сям'і. Смерць Ганнінай Верачкі для куранёўцаў уяўляецца звычайнай з'явай. «Нямала хто падзею гэту зусім не палічыў за вартую гэтай думкі: ёсць бедаваць пра што — памерла малое, бы якое дзіва, бы рэдка ідуць яны на той свет!» У Зайчыка ў хаце дзеці поўзаюць па зямлі разам з парасятамі. Але бацькі не бачаць у гэтым нічога незвычайнага: за парасят трэба плаціць грошы, а дзеці дарэмныя. Доўгай, пакутлівай смерцю памірае Хонева маці. Сам ён даўно стаў бацькам і маці сваім малодшым братам і сёстрам.
     Малацьба ў кулацкім гумне нагадвае бяссільную, цяжкую, знямоглую працу. Жніўныя песні жанчын на сялянскім загоне асацыіруюцца са стогнам.
     Куранёўцы вымушаны ўсё жыццё думаць пра заўтрашні дзень, пра самае неабходнае для існавання.
     Па-майстэрску дакладна пісьменнік аналізуе духоўны свет сваіх герояў у час калектывізацыі. Найбольш выразна, на маю думку, ён выяўлены праз вобраз Васіля Дзятла. Герой жыве марамі пра зямлю, свой асабісты надзел, уласную гаспадарку. У душы працалюбівага юнака, як дарэчы і галоўнага героя паэмы Я.Коласа «Новая зямля» Міхала, жыве замілаванне да роднай зямлі. «Цешачыся тым, што жаданы надзел усё ж збудзецца, гадаючы, колькі пяройдзе яму зямлі, ён разам з тым непакоіўся, каб як-небудзь не абышлі яго, не схітравалі і не абдзялілі». Герой знаходзіцца на ростанях, не можа змірыцца з думкай аб калектыўнай гаспадарцы. Створаныя ў Глінішчах калгасы распаліся. У іх не было ні парадку, ні дысцыпліны, ні ўліку. Іншых калгасаў ён не бачыў. Не прызнаючы калгасную зямлю за сваю, Васіль да апошняга не ідзе ў калгас. Новыя кіраўнікі ўлады, Башлыкоў, Дубадзел і іншыя, не выклікаюць у яго веры і сімпатыі. Яны не хочуць і не ўмеюць працаваць з народам. У канцы незакончанага рамана «Праўда вясны» пісьменнік хацеў паказаць беспадстаўнае раскулачванне свайго героя. У канцы твора І.Мележ ставіў эпізод пасля пражытай навальніцы, у якім Васіль стаў калгаснікам. Герой арэ ўжо «ўсіхнюю» зямлю. «Толькі б бут, хоць што. От яна, Карчова паласа. Ні Ганны, ні зямлі. Дурань. Так, пэўне, трэба. I трэба жыць, як е. Як доля наканавала. Жыць».
     Змаганне настойлівага сяляніна закончылася трагічна. Яму нічога не заставалася, акрамя прызвычайвання да новых, калгасных парадкаў.
     Мастацкае адлюстраванне лёсу народа, вобразу часу, эпохі калектывізацыі напоўнена драматызмам. Падзеі, якія адбываліся ў закінутай вёсцы Курані, носяць абагульнены характар. Яны характэрны для жыцця народа ўсёй нашай краіны. Усё гэта дапамагае сучасніку не толькі ацаніць майстэрства І.Мележа як мастака слова, філосафа, псіхолага, але і глыбей спасцігнуць айчынную гісторыю, характар свайго народа, свет яго духоўнага жыцця.