Белорусские сочинения - Іван Мележ - Васіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы

Васіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы

Вобраз Васіля Дзятла — адзін з самых цікавых і супярэчлівых у рамане Івана Мележа «Людзі на балоце». У пачатку рамана перад намі Васіль поўны энергіі, жыццёвых сіл, перакананасці ў тым, што сваімі рукамі ён забяспечыць лепшае жыццё сабе і блізкім. Ужо пры першым знаёмстве з Васілём адчуваецца яго ўпартасць, заўзятасць, працавітасць. Асабліва прываблівае ў Васілю яго працавітасць. У сцэнах касьбы, пілавання дроў, малацьбы I. Мележ выяўляе духоўную моц і маральнае хараство свайго героя. Працоўныя клопаты і руплівасць сталі для хлопца нормай жыцця. Невыпадкова ў працы Васіль шукае збавення ў хвіліны роспачы і адчаю, праз працу юнак выяўляе сваю радасць, сцвярджае як чалавека.

У той час, калі Васіль станавіўся гаспадаром, прыйшло да яго каханне, якое прынесла хлопцу многа радасці і болю. Чыстым, сарамлівым, непасрэдным паказаны Васіль у сцэнах спаткання з Ганнай. Ён моцна кахаў дзяўчыну, бо пасля цэлага дня працы, змораны, бег на спатканне, прастойваў да світання. Толькі аб ёй думаў ён, калі сядзеў у «юравіцкай баковачцы», да яе спяшаўся пасля вызвалення. Невымерны боль перажыў хлопец, калі Ганна выйшла замуж за Яўхіма.

Аднак не ўсё прываблівае ў Васілю. Абурэнне выкліка'юць яго абыякавасць да людзей, эгаізм, карыслівасць. Ён шкадуе лыжку мёду хвораму дзіцяці, заворвае кавалак Глушаковай зямлі, баючыся, каб яе не аддалі каму-небудзь іншаму.

У Васіля склалася свае ўяўленне пра шчасце. Шчасце, на яго думку, грунтуецца на матэрыяльным разліку. Дасягнуць свайго хлопец збіраецца стараннасцю і працавітасцю на добрым кавалку зямлі. Імкненне прыдбаць кавалак урадлівай зямлі такое моцнае, што Васіль не палохаецца ні пагроз Карчоў, ні бандытаў, менавіта за гэту зямлю ён уступае ў бойку з Яўхімам. Ён лёгка паверыў нагаворам, што Чарнушкава красуня ідзе за Карча з ахвотай, каб быць першай багачкай на сяле. Адзінае, што готы разрыў з Ганнай даўся яму нялёгка: душа яго разрывалася ад болю.

Вобраз Васіля ў рамане дадзены ў развіцці. Але мяняецца Васіль марудна, бо не так лёгка было адмовіцца ад таго, што здавалася вечным, надзейным. Замкнёнасць, панурасць — рысы характару Васіля. Аднак лінія развіцця характару ў творы вызначана. У хлопца з'яўляецца перакананне, што за свае правы, свае шчасце трэба змагацца.

Другім цікавым вобразам у рамане «Людзі на балоце» з'яўляецца вобраз Ганны Чарнушкі.

Ганна — дзяўчына вельмі прыгожая знешне, жыццядзейсная, дзёрзкая, няўрымслівая натура, якая нясе ў сабе, нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, душэўную і маральную прыгажосць, з'яўляецца сапраўды «найпрыгажэйшай кветкай Палесся», здольнай глыбока кахаць і пакутаваць.

3 першых старонак рамана мы даведваемся, што Ганна — дачка бедняка, прыгожая, «крамяная» дзяўчына, «ганарліўка», якую паважалі і любілі куранёўскія жанчыны за сталасць меркаванняў, за цвёрды погляд на жыццё, самастойнасць разважанняў. Хлопцы ж і гарнуліся да Ганны і нібы пабойваліся яе: стрымлівала Ганніна задзірыстасць, асцерагаліся і яе вострага язычка.

Ганна Чарнушка з дзяцінства зведала цану кавалку хлеба, зразумела, як цяжка жыць беднаму чалавеку. Гэта дзяўчына з залатымі, працавітымі руками У творы бачым яе ў асноўным за працай: на сенажаці, у полі, за малатарняй у Карчоў, у ягадах, у клопатах па гаспадарцы.

Гераіня прываблівае нас не толькі сваёй знешняй прыгажосцю, але і ўнутранай, духоўнай. Пачуццё чалавечай годнасці, дзявочага гонару, самастойнасці і незалежнасці меркаванняў выяўляе яна ва ўзаемаадносінах з куранёўцамі. Каханне да Васіля стала для яе той вялікай радасцю, адчуваннем бясконцасці жыцця. Дабрыня, спачуванне, душэўная чысціня, умение разумець каханага, ахвяраваць усім для яго — усе гэтыя якасці ўласцівы Ганне.

Хараство Ганны — у яе здольнасці адгукацца на чужую бяду, чужы боль, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Дзяўчына вылучаецца пачуццём чалавечай годнасці. Яна заўсёды дбала пра тое, каб не прынізіць сябе, каб не згубіць сваю годнасць, пры неабходнасці умела пастаяць за сябе, не дацца у крыўду. Нездарма Яўхім называў Ганну «зрэбнай каралевай».

Ганна вылучаецца сур'ёзным роздумам над жыццём. Яна чуйна адгукаецца на тое новае, што несла людзям савецкая ўлада. Дзяўчына ўсё імкнецца зразумець, асэнсаваць. Карыслівасць і разлік ніколі не кіруюць яе ўчынкамі. Не можа не захапляць Ганна сілай свайго кахання. Аўтар любуецца дасціпнасцю сваёй гераіні, не раз у рамане гучыць ухвала яе красамоўству. У голасе дзяўчыны пісьменнік вылучае безліч інтанацый, якія раскрываюць багатае ўнутранае жыццё, выяўляюць адносіны дзяўчыны да тых, з кім яна гаворыць.

Высока ацэньваючы вобраз Ганны Чарнушкі як сапраўдную ўдачу Івана Мележа, крытык Алесь Адамовіч зазначыў: «Усё лепшае, што ёсць у нашым народзе, нясе Ганна». Сапраўды, у мележаўскай гераіні можна навучыцца мудрасці і разважлівасці, рашучасці і працавітасці, уменню пераадольваць перашкоды, змагацца за сапраўднае шчасце, здольнасці адклікнуцца на чужую бяду, самастойнасці ў думках і ўчынках.