Белорусские сочинения - Іван Мележ - Каму служыў Апейка? Што ён за чалавек?

Каму служыў Апейка? Што ён за чалавек?

Толькі тая веда робіцца нашым сталым здабыткам,
калі мы да-ходзім да яе, здабываем яе самі.
Якуб Колас

   У раманах Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» востра пастаўлена праблема сапраўднага і ўяўнага кіраўніцтва. Сапраўдныя кіраўнікі, падобна Апейку Івану Анісімавічу, школьнаму настаўніку ў мінулым, а цяпер старшыні Юравіцкага райвыканкома, не адрываюцца ад народа, служаць яму верай і праўдай. Яны шукаюць шляхоў да людскіх душ, стараюцца разабрацца ў іх псіхалогіі, дапамагчы пакрыўджаным. Нават тады, калі, здаецца, нічога нельга зрабіць, калі сам трапляеш у бяду. Такім адданым людзям чалавекам і з'яўляецца камуніст, кіраўнік Апейка. Мы бачым яго не ў кабінетах, а на сенажаці з куранёўцамі, калі ён (тут прысутнічае падвышэнне вобраза, яго ідэалізацыя) на лузе косіць сена разам з Міканорам і іншымі беднякамі — першымі калгаснікамі. Людзі рады, што такі чалавек прыехаў з імі параіцца. Што не спрабуе ён агітаваць іх за калгасы рытарычнымі лозунгамі і заклікамі, а канкрэтным учынкам сведчыць, што разам працаваць на полі значна лягчэй, весялей і цікавей. I гаварыў ён з куранёўцамі, што сабраліся на пакошы ноччу, каля Міканоравага вогнішча, таксама пераканальна і доказна. Пазней, калі хваля ўражанняў ад першай сустрэчы з асцярожнымі палешукамі пройдзе, ён станоўча ацэніць вынікі сваёй агітацыі за новае жыццё: «бачыў сам: слухалі не абы-як, верачы. Канешне, практычны вынік — невялікі пакуль, але аб выніках можна будзе меркаваць пазней. Важна, каб людзі думалі, думалі правільна...» Калі я чытала раман «Подых навальніцы», то параўноўвала сказанае ў думках Апейкам са сказаным у думках Міканорам. Калі першы задаволены вынікам папярэдняй працы з людзьмі, дык другі стаіць на непрымірымых пазіцыях, ва ўсім вінаваціць цёмных людзей. Міканор абсалютна не разбіраецца ў чалавечай псіхалогіі. Таму ён і кідае сваім аднавяскоўцам каля вогнішча суровае і злоснае, якое запамінаецца сваёй вобразнасцю, трапным параўнаннем: «Гаворыш — усё адно як не людзям жывым, а пням у лесе! Дый пні, здаецца, угаварыць ужэ можна було б!». На гэтае рэзкае, катэгарычнае выказванне Апейка накладвае сваё, болын гуманнае, абачлівае, чалавечнае: «I важна — не адно, колькі салдат, а і якія!». Паколькі раённы кіраўнік любіць гаварыць прытчамі, прыказкамі і прымаўкамі, дык гэтыя словы яго можна разумець як своеасаблівае папярэджанне ад захаплення тэмпамі. Апейка прызвычаіўся ўгаворваць, пераконваць людзей, весці тлумачальную работу з імі.
   Такім кіраўнікам часта даводзіцца вытрымліваць націск больш актыўных адміністратараў. У раманах Мележа — гэта Башлыкоў і начальнік раённай міліцыі Харчаў. Будучы дэлегатам сесіі ЦВК 26—29 лістапада 1929 года, ён пераканаўся, што актыўна змагацца за высокія тэмпы калектывізацыі будуць і галоўныя кіраўнікі дзяржавы. Калі б замест яго на гэтым гістарычным на той час пасяджэнні быў Башлыкоў, той не задумаўся б над вынікамі падобнай партыйнай палітыкі. Апейка — іншы чалавек. Вопытны. Па-сялянску разумны, разважлівы, асцярожны. Яго трывожаць галасы радавых выступоўцаў, якія расказваюць пра слабую матэрыяльную базу наваствораных гаспадарак, пра тое, як распадаюцца сем'і, як галадаюць работніцы на фабрыках. Аналітычна ўзважыўшы многае, пра што гаварылася ў Мінску, ён прыходзіць да трывожных думак пра залішне хуткія тэмпы калектывізацыі, немагчымасць іх своечасовага выканання. Менавіта пра гэта рупілася яму, калі ён ехаў цягніком на роднае сваё Палессе: «Не адступала адчуванне: сур'ёзная размова заменена багата ў чым святочнай. (...) гэта таксама падымае людзей; але падымае па-святочнаму, не для цярплівай і цяжкай работы». Калі я прачытала гэтыя радкі з Мележавага рамана, пачула «голас душы» любімага майго героя, дык адчула душой і сэрцам, што не пойдзе ён супроць людзей, не будзе на іх націскаць дзеля тэмпаў, дзеля рапартаў уверх пра стопрацэнтную калектывізацыю. Кіраўнік настроіўся на «цярплівую і цяжкую работу». I гэтымі трыма словамі амаль усё сказана. Калі ж яго ад гэткай працы ўвядуць у бок параднай агітацыі, ён застанецца з людзьмі. Так я прыйшла да вываду, калі ўважліва чытала раман, што Апейка — сапраўдны кіраўнік, народны прарок і лідэр. Гэты чалавек не падрыхтаваны да ўступ лення ў клан чыноўнікаў-бюракратаў. Стаўшы кіраўніком, ён адначасова застаўся ў душы і ў справах сваіх настаўнікам. Настаўнікам! Хіба не павінны быць, хто намі кіруе, менавіта настаўнікамі, знаўцамі чалавечых душ? Хіба іх эканамічныя, палітычныя веды робяць іх сапраў-днымі людзьмі, гуманістамі? Мне ўвогуле думаецца, што перш чым стаць сапраўднымі кіраўнікамі, людзі, якія прэтэндуюць на ролю малых і вялікіх лідэраў, павінны здаць экзамены на правы быць настаўнікамі, педагогамі, псіхолагамі. Без ведання таго, чым жывуць людзі, усе іх намаганні выконваць чарговыя цыркуляры пацерпяць крах. Магчыма, я няправільна разважаю. Аднак кожны павінен разважаць па-свойму. Я і разважаю так, як думаю. I пішу, як думаю. Я цаню Апейку за яго ўменне быць не толькі кіраўніком, а кіраўніком-настаўнікам. За тое, што паперы не засланілі яму цэлы свет. За тое, што ён ідзе на амбразуру непаразумення і рызыкі, заступаецца за невінаватага палахліўца Васіля і не помсціць яму пазней, калі той не ўступае разам з іншымі ў калгас. Многа здароўя каштавала яму пераканаць іншых у тым, што былы афіцэр царскай, а затым — Чырвонай Арміі настаўнік Гарошка, за якога заступаюцца дзеці, ніякі не вораг савецкай улады. Празорлівец наступных пераменаў у жыцці, ён асмеліўся дапамагчы знайсці сябе Сцяпану Глушаку. Да гэтага часу помню яго прарочыя словы пра тое, што гэта за ўлада, якая называе сябе народнай і прымушае людзей адначасова баяцца сябе.
   Тэма сачынення гучыць праблемна: «Каму служыць Апейка? Што ён за чалавек?» Я б адказала, што служыць ён народу, пастаўленаму перад выбарам — ісці ці не ісці ў калгасы. Служыць, не падганяючы падзеі, не карыстаючыся сілай. Нават у самыя суровыя і жорсткія часы сталінскай дыктатуры ён застаецца праўдалюбцам і народным заступнікам, лідэрам. За што і быў выключаны з партыі і асуджаны, як і сам народ, на пакуты.