Белорусские сочинения - Цётка (Элаіза Пашкевіч) - Творчая спадчына Цёткі. Рэвалюцыйна-публіцыстычны пафас творчасці («Вера беларуса», «Мора», «Суседзям у няволі», «Прысяга над крывавымі разорамі»)

Творчая спадчына Цёткі. Рэвалюцыйна-публіцыстычны пафас творчасці («Вера беларуса», «Мора», «Суседзям у няволі», «Прысяга над крывавымі разорамі»)

Бедны той, хто апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым жа няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднаіі мовы...
Цётка

Акрэсленыя і сфармуляваныя Цёткай найперш для сябе самой «скрабы вечныя» вызначылі і яе творчасць, і жыццё як жыццё асобы моцнай, выключнай, незвычайнай. Паэтэса-рэвалюцыянерка, публіцыст, празаік, асветніца, настаўніца, аўтар «Першай чытанкі для дзетак-беларусаў», рэдактар, вучоны, медыцынскі работнік —такую дачку беларускаму народу падарыла эпоха рэвалюцыйных бітваў. Гэты бурлівы час стаў для яе зорным. Усё яе кароткае жыццё — яркі прыклад адданага служэння народу. Атрымаўшы выдатную адукацыю (спачатку ў Пецярбургу, пасля на філасофскім факультэце ў Львоўскім універсітэце і нарэшцэ на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта ў Кракаве), яна цалкам і без астатку прысвяціла свае веды і ўсё жыццё народу. Яна спалучала дар палітыка-рэвалюцыянера (была адным з заснавальнікаў партыі Беларускай сацыялістычнай грамады) з дарам рэдактара (была заснавальніцай і рэдактарам першага беларускага часопіса для дзяцей і маладзі «Лучынка»). 3 тэатрам Буйніцкага аб'ехала ўсю Беларусь, выконвала многія ролі ў спектаклях. Калі Радзіма палыхала агнём першай сусветнай вайны —стала сястрой міласэрнасці. Аўтарцы зборнікаў «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» В.Коўтун прысвяціла раман «Крыж міласэрнасці». Сімвалічная яго назва: да самага апошняга дыхання (у тыфозньш салдацкім бараку ў Вільні працавала сястрой міласэрнасці) Цётка мужна несла крыж міласэрнасці і любові да свайго народа.
Увабраўшы ў сваю творчасць лепшыя традыцыі свайго папярэдніка Ф.Багушэвіча (пра што сведчыць нават назва яе зборніка — «Скрыпка беларуская»), Цётка пайшла далей за настаўніка. Пафас рэвалюцыйнай барацьбы цалкам захапіў паэтку і вызначыў ідэйную накіраванасць і мастацкія асаблівасці яе творчасці.
Тэма рэвалюцыі, тэма барацьбы з самаўладствам — асноўная тэма яе паэзіі. «Одна, но пламенная страсть» валодала Цёткай — рэвалюцыя. Толькі ў ёй яна бачыла адзіны шлях да збавення свайго змучанага няволяй народа. Рэвалюцыйная стыхія адлюстравана Цёткай рамантычнымі сродкамі. У вершы «Мора», напісаным у самы разгар барацьбы народа з самаўладствам, рэвалюцыя паўстае ў алегарычным вобразе мора:
Мора вуглем цяпер стала, Мора з дна цяпер гарыць, Мора скалы пазрывала, ; Мора хоча горы змыць.
Анафарай і алітэрацыяй (гукавы паўтор, асабліва гука «р») дасягаецца эфект разгулу стыхіі і выключная рытмічнасць. Гэта своеасаблівы гімн рэвалюцыі, якая паказана пафасна, рамантычна:
Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасць,
Ў такім баю толькі грэцца,
Ў такім баю толькі пасць.
У барацьбе з самаўластвам Цётка абяцае перамогу, і падмуркам, залогам таму — яе вера ў свой народ, які, як і рэвалюцыйная стыхія, выпісаны ёю рамантычнымі сродкамі ў вершы «Вера беларуса»:
...Мы — не з гіпсу, мы — зкамення, Мы — з жалеза, мы — са сталі, Нас кавалі у пламенні, Каб мацнейшымі мы сталі, Цяпер, братцы, мы з граніту, Душа наша з дынаміту, Рука цвёрда, грудзь акута, Пара, братцы, парваць путы!
Метафарычна, вобразна і палымяна выяўляе яна сваю веру ў тое, што «людзьмі станем»:
Веру, братцы: людзьмі станем, Хутка скончым мы сеой сон, На свет божы шырэй глянем, Век напіша нам закон.
У вершы «Суседзям у няволі» выявіўся не толькі патрыятызм Цёткі і яе паэтычны дар, але і дар палітыка, усведамленне ёю інтэрнацыянальнага характару барацьбы з самаўладствам. Цётка даводзіць, што перамога будзе забяспечана агульнымі намаганнямі ўсіх вязняў «турмы народаў». Цётка звяртаецца да братніх народаў, якія таксама пакутуюць у няволі, з заклікам да аб'яднання ў святой барацьбе за свабоду:
Мы вам родны. Праўду знайце: ' ' Ці у долі, ці ў нядолі —
3 вамі станем ў адным полі, Рука ў руку з нашым братам, За свабоду перад катам.
Верш, напісаны ў форме звароту і адрасаваны братнім народам, гучыць як баявая прысяга.Эмацыйнасць верша дасягаецца і шматлікімі паўторамі, многія з якіх анафарычныя (паўторы слоў з пачатку радкоў):
Ад сваіх хат, ад сваіх ніў,
Ад усіх братоў, хто толькі жыў,
Нясу слязу, нясу я стогн,
Нясу нагаек царскіх звон.
У нас там ноч, у нас там стук,
Мы ацямнелі з страшных мук,
3 нас пот ліецца, сохнуць грудзі. Нас катуюць! Чуйце людзі! Чуйце, чуйце, руку дайце!
Не менш празорлівым палітыкам паўстае перад намі Цётка і ў апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі». I ў гэтым творы яна выступае прапагандыстам ідэі аб'яднання і салідарнасці ў барацьбе як абавязковай умовы перамогі ў гэтай барацьбе. Асноўным прыёмам выяўлення ідэі з'яўляецца сімвал. Сімвалаў у апавяданні шмат. Сімвалічны ўвесь сон Мацея, які і складае змест апавядання. Хворы, змардаваны Мацей прыйшоў араць, бо больш няма каму. Але, знясілены, ён «як стаяў, так і лёг, так і заснуў». Тры скрыжаваныя далоні — сімвал саюзу рабочых, сялян і салдат (адзін сын Мацея — парабак, другі — салдат, трэці — пецярбургскі рабочы). Толькі калі ўсе аб'яднаюцца, стануць і сілай, і правам, змогуць даць народу зямлю і волю. Беларускі народ задыхаўся ад беззямелля. Трагедыя народа, што не быў гаспадаром на сваёй зямлі, выяўляецца праз рэфрэн: «Вузка! Цесна! Мала!» Праз рэфрэн выяўляецца і Цётчына ўсведамленне еднасці як сілы, што здольна змяніць становішча народа: «Мы — сіла! Мы — права!» Сыны Мацея становяцца на калені і прысягаюць гэтымі словамі, скрыжаваўшы далоні над разорамі. Толькі праз адну дэталь: «разоры стаяць, поўныя крыві», — Цётка прароча папярэджтае, што шлях да волі будзе крывавы. Але толькі ён адзіна правільны, бо, ідучы па ім, дойдзеш да сілы і права. I зноў дэталь! «I раздаецца ціха ясны голас: «Мы — сіла! Мы — права!» Тымі ж словамі прысягалі «громка, ясна, паволі». А ў канцы апавядання —голас «раздаецца». Ён ідзе быццам з неба...
Невялічкае памерам апавяданне ўвабрала ў сябе так многа! Талент Цёткі-празаіка, на жаль, да канца не рэалізаваўся з-за яе ранняй смерці. Але і тое, што яна паспела напісаць, уражвае і сваёй мастацкасцю, вобразнасцю, гарманічным спалучэннем умоўнага і рэальнага, і глыбінёй падтэксту, выяўленай праз дэталь.
Асаблівага ўздзеяння на душы чытачоў дасягае Цётка сваімі апавяданнямі пра дзяцей, паказваючы трагедыю народа праз трагедыю і пакуты дзяцей. Апавяданне «Міхаська» не толькі рэалістычнае і трагічнае, пранізлівае, але і глыбока псіхалагічнае, тонкае. I папераджальнае. У ім пераканаўча паказана, што вынішчае душу і што здольна яе адрадзіць. Вынішчаюцца душы людской чэрствасцю, жорсткасцю, абыякавасцю, а лечацца — любоўю і міласэрнасцю. Цётка папярэджвае, што гора чакае тых, хто сее зло і нялюдскасць. Нагадаем, што азвярэласць Міхаські стала ўжо небяспечнай для ўсіх. Усе жывое, намі адрынутае, рана ці позна стане нашым ворагам, сцвярджае Цётка-філосаф. Значнасць зробленага ёю для свайго народа Цётка вызначыла вычарпальна і афарыстычна: «Стану песняй у народзе!» I песня тая — бунтоўная, аптымістычная і адначасова пранізлівая, шчырая і светлая.