Белорусские сочинения - Еўфрасіння Полацкая - Нябесная заступніца Беларусі — Еўфрасіння Полацкая (2)

Нябесная заступніца Беларусі — Еўфрасіння Полацкая (2)

Ефрасіння Полацкая... Без гэтага імя немагчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у XII стагоддзі, але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Святая Ефрасіння пакінула аб сабе вечную памяць у душы народа.
     Будучая святая нарадзілася ў сям'і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына Усяслава Чарадзея. Дзяўчынку назвалі старажытным імем Прадслава. Вучылася Прадслава ў школе пры Сафійскім саборы або дома, пры княжым двары. Настаўнікамі былі духоўныя асобы, найперш манахі, падручнікамі — Святое Пiсанне, жыційная літаратура. Прадслава шмат чытала, любіла шматмоўнае торжышча, дзе можна было пачуць гусляра. Калі яна даведалася пра намер бацькі выдаць яе замуж, то тайна збегла ў манастыр, дзе была ігуменняй яе цётка, і папрасіла пастрыгчы яе ў манашкі. У манастыры атрымала імя Ефрасіння. Пражыўшы нейкі час у посце і малітвах за манастырскімі сценамі, Ефрасіння памяняла свае першае жыллё на келлю-галубніцу ў Сафіі і «пача книгы писати своими руками». Працэс пісьма ў тыя часы быў вельмі складаны і марудны. Перапісчыку мала было добра ведаць грамату — неабходна мець і мастацкія здольнасці. Апрача ўсяго іншага, перапісванне кніг было нялёгкаю фізічнаю працаю. Ужо адно тое, што за такую цяжкую справу ўзялася маладая жанчына, было подзвігам. Частка перапісаных Ефрасінняю кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы па яе просьбе раздавалі бедным.
     На месцы Спаскай царквы, што ў Сяльцы, на беразе Палаты Ефрасіння заснавала жаночы манастыр. Праз нейкі час пры царкве Багародзіцы падзвіжніца стварае яшчэ адзін манастыр — мужчынскі. Гэта таксама яе вялікая заслуга: тады, на пачдтку XII стагоддзя, манастыроў на ўсходнеславянскіх землях існавала мала. У полацкіх манастырах, статуты якіх напісала сама Ефрасіння, пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі майстэрні па перапісванні кніг, па іканапісе. Таксама Ефрасіння адкрыла школы. Аднак яна імкнулася пашырыць межы звычайнай навучальнай праграмы. Апрача царкоўнаславянскай, юныя палачане вучылі грэчаскую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі па прыродазнаўстве, медыцыне. Вялікая ўвага надавалася гісторыі.
     З імем найпадобнейшай Ефрасінні звязана і стварэнне полацкім майстрам Лазарам Богшам славутага крыжа — шэдэўра старажытнабеларускага ювелірнага мастацтва. Богша зрабіў яго на заказ князёўны-ігуменні ў 1161 годзе. Крыж выконваў ролю каўчэга для захавання атрыманых з Канстанцінопаля і Ерусаліма хрысціянскіх святыняў.
     На схіле жыцця Ефрасіння вырашыла здзейсніць духоўны подзвіг — паломніцтва ў Святую Зямлю. Ефрасінню суправаджала стрыечная сястра Еўпраксія і брат Давыд. У канцы красавіка ігумення і яе спадарожнікі прыйшлі да старажытных ерусалімскіх земляў. Ефрасіння ўвайшла ў горад праз Хрыстовую браму і накіравалася да труны Гасподняй, дзе шчыра малілася. У хуткім часе найпадобнейшая Ефрасіння захварэла і на дваццаць чацвёрты дзень хваробы, адчуўіпы хуткі скон, паклікала святара і, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, аддала сваю душу Усявышняму.
     Гісторыя захавала пра Ефрасінню Полацкую не надта багатыя звесткі, але і яны дазваляюць убачыць атульнаеўрапейскую значнасць асобы гэтай жанчыны-падзвіжніцы. Праца святой Ефрасінні абумовіла высокі культурны ўздым на зямлі нашых продкаў. Ужо ў юнацтве Ефрасіння перапісвала і перакладала з іншых моў кнігі, сама пісала арыгінальныя творы. Заснаваўшы ў Полацку два манастыры, яна надала пашырэнню пісьмовага слова вялікі размах. Гісторыкі звязваюць з яе імем полацкае летапісанне і збіранне бібліятэкі Сафійскага сабора. Князёўна-ігумення імкнулася, каб вучні манастырскіх школ разам з граматай навучыліся душэўнай чысціні.