Белорусские сочинения - Міхась Чарот - Міхась Чарот - ахвяра сталіншчыны

Міхась Чарот - ахвяра сталіншчыны

Настаўніца прапанавала напісаць саныненне-разважанне навольную, але звязаную з літаратурай тэму. Буду пісаць пра Міхася Чарота, такога, якім я яго ўспрымаю пасля знаёмства са старонкамі біяграфіі, творамі і даследаваннямі пра песняра.
У біяграфіі мастака слова ўражвае гаротнае дзяцінства. Сям’я з Рудзенска, што пад Мінскам, жыла ў невялікай хатцы, усяго некалькі бярвенцаў з якой захаваў і выкарыстаў пры пабудове хлява гаспадар велізарнага цаглянага будынка, узведзенага на яе месцы. У артыкуле навукоўца прачытала, што Міхася Кудзельку (Чарот — яго псеўданім) збіралі грамадой (па-руску — «всем миром») на вучобу ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю: давалі грошы, адзенне. Настаўнічаць

« шумліваму Чароту» (так паэт сказаў пра сябе) не давялося, бо якраз выпала ўдзельнічаць у ваенных падзеях разам з Чырвонай Арміяй.

Захавалася легенда, перададзеная даследчыкам стрыечнымі сёстрамі паэта, пра тое, што калі Чарот прыйшоў у Мінск з чырвонаармейцамі, то вызваліў зачыненую ў склепе бацькам-банкірам дзяўчыну Аню, якая стала яго першай жонкай, а затым выконвала галоўную ролю ў кінафільме «Лясная быль» па аповесці М. Чарота «Свінапас». Пазней яна пакінула мужа і звязала свой лёс з яго сябрам, таксама паэтам Анатолем Вольным (сапраўднае прозвішча Ажгірэй).

Уражвае ў біяграфіі арышт паэта фактычна нізавошта: ён жа так аддана служыў рэвалюцыі. Пра гэта сведчаць патрыятычныя радкі з верша «Я пясняр лясоў, балота...»:

Мае песні — песні волі,

Гімн паўстаўшых на прадвесні...

Хай нясецца, хай ніколі

Не загіне вокліч песні!

Паэт, аўтар паэмы пра барацьбу працоўных за свае правы « Босыя на вогнішчы», у Мінскай падземнай турме «Амерыканка», па словах так-сама рэпрэсіраванага Хведаровіча, нечым вострым на сцяне накрэсліў горкія развітальныя радкі пра сваю невінаватасць перад сябрамі, барамі, лясамі: гэта «прадажных здрайцаў ліхвяры» яго «заціснулі за краты». Ён страціў сям’ю. Сына Славіка перад вайной з дзецьмі завезлі ў летні лагер пад Мінскам, і далей яго след абарваўся. Родныя і блізкія баяліся захоўваць яго фотаздымкі, за якія маглі арыштаваць у сталінскія часы і іх. Цяжкі, складаны лёс...

Што да творчасці, скажу наступнае. Паэт вітаў рэвалюцыю 1917 года, захапляўся гераізмам «босых», колісь прыгнечаных людзей, што грэліся на вогнішчах панскіх палацаў (паэма «Босыя на вогнішчы»). Яму імпанавала «Беларусь лапцюжная» (аднайменная паэма). Усім сэрцам ён любіў Беларусь, беларусаў, жадаў ім толькі дабра. Адсюль, ад чакання перамен ім самім і яго сябрамі, і жаданне хуткіх, рэвалюцыйных змён у грамадскім жыцці, палкі энтузіязм, узнёсласць думак і перажыванняў паэта (і празаіка, і драматурга) Міхася Чарота. Гэтыя рысы выяўляюцца ўжо ў назвах яго кніг «Завіруха» і «Веснаход».

Але вось у адной з кніжак (не буду называць аўтара) прачытала, што Міхась Чарот пісаў і вершы іншага кшталту — сумныя элегіі пра «мільёны дзетак-небарак», якія «між магіл шукаюць долю», што будучыня бачылася «мяцежнаму бунтару» заімглёнай, у тумане, нібы праз «мутнае шкло». Спачатку цяжка было даць веры. Але здабыла-такі ў бібліятэцы зборнік «Завіруха», прачытала верш «На шляху адраджэння» і зразумела, што Міхась Чарот мог быць і трагедыйным паэтам, мог напісаць і такія радкі:

Не страшна мне зусім

Мінулых дзён пазбытая няволя...

Я ад яе уцёк, замкнуўшы за сабою Жалезныя вароты...

I блукаю цяпер між небам і зямлёю;

Нібы жабрак сляпы, хаджу я каля плоту

I вобмацкам шукаю долі...

Схаваныя ў магілах гурбы цел

Не многа вырастуць, калі там лягу я...

Вывад: не трэба «выпрамляць» мастакоў слова, спрошчваць іх дасягненні і набыткі. Кожны пісьменнік — гэта кропля, у якой змяшчаецца (адлюстроўваецца) увесь разнастайны, шматгранны свет.