Белорусские сочинения - Янка Сіпакоў - «I цішэюць, цішэюць крокі і людзей, і старых гарадоў»: мінулае ў паэзіі Янкі Сіпакова

«I цішэюць, цішэюць крокі і людзей, і старых гарадоў»: мінулае ў паэзіі Янкі Сіпакова

Янка Сіпакоў, як і яго равеснікі, што выраслі пад гарматнымі стваламі, таксама перажыў вайну і пасляваеннае ліхалецце. У роднай вёсцы Зубрэвічы на Аршаншчыне немцы закатавалі яго бацькоў за сувязь з партызанамі. Гадаваўся ў роднай цёткі. Закончыў журналісцкае аддзяленне філфака БДУ. У паслужным спіску пісьменніка праца і ў часопісе «Вожык», і ў часопісах «Маладосць» і «Беларусь», і ў выдавецтве «Энцыклапедыя», заснаваным П. Броўкам. У творчым актыве — зборнікі паэзіі «Сонечны дождж» (1960), «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968, «3 вясны ў лета» (1972), «Веча славянскіх балад» (1973, 2-е выд.- 1988, «У поўдзень, да вады» (1976), «Вочы ў вочы» (выбранае, 1978, «Усміхніся мне» (1984) і інш., а таксама кнігі лірычнай прозы («Па зялёную маланку», 1971; «Крыло цішыні», 1976; «Усе мы з хат», 1982; «Пяць струн», 1984; «Журба ў стылі рэтра», 1990 і інш.), сатыры і гумару. Шматаблічны, Янка Сіпакоў тым не менш дарагі мне асабліва як пясняр мінуўшчыны, як аўтар балад пра славян свету, якія павінны аб’ядноўвацца, а не раз’ядноўвацца, бараніць сваю нацыянальную годнасць і незалежнасць, пачуваць сябе роўнымі сярод роўных. Менавіта пра гэта і хачу пісаць. Хачу пісаць тым больш, што ў нас доўгі час гістарычная тэматыка была занядбаная: нібы спецыяльна нехта адвучваў нас ведаць сваю мінуўшчыну, вучыцца жыць і змагацца за сябе так, як змагаліся за сябе, за сваю годнасць нашыя продкі. Гэта толькі апошнім часам з’явіліся кніжкі Караткевіча, Ластоўскага, Тарасава, Арлова ды іншых аўтараў, што жывуць сёння ці былі выкліканы з небыцця пераменамі ў жыцці, адраджэнскім рухам.

Як ніхто з яго пакалення, а можа, і іншых, старэйшых і маладзейшых, Янка Сіпакоў валодае здольнасцю аднаўляць мінулае, паказваць яго прадметна, узбуйнена, каларытна. Пласт вершаў на гістарычную тэматыку і колькасна, і якасна — самы прыкметны ў яго творчасці ў цэлым. Паэт у такіх вершах не можа ісці па шляху поўнай «лірызацыі» рэчаіснасці, бо трэба захоўваць законы эпічнай творчасці, у якой надаюцца найпершыя правы сюжэту, падзеі, канфлікту, канкрэтным мастацкім дэталям. Пра ўсё, што мастак бачыць, ён павінен апавядаць, старацца стрымліваць асабістыя эмоцыі і перажыванні. Яшчэ Гегель назваў эпічны род літаратуры самым аб’ектыўным. А тут мы маем прыклад таго, як і ў творах невялікага аб’ёму, да таго ж вершаваных, узрастае роля эпічнага пачатку, як лірыка па сутнасці ператвараецца на нашых вачах ці ў ліра-эпас, ці ў чысты эпас. Але хопіць разважаць у агульным плане. Звернемся да канкрэтных твораў, раскрыем прыёмы, якімі карыстаецца аўтар з мэтай «ажыўлення» гістарычнага мінулага.

Паколькі гісторыя славянства была многія стагоддзі трагічнай (ім даводзілася бараніцца ад чужынцаў, пацвярджаць сваю перавагу над імі), галоуным жанрам паэзіі гэтага тэматычнага пласта становіцца балада. Балада — эпічны, ліра-эпічны, лірычны твор з абвостраным, трагедыйным канфліктам, такой сама развязкай (часта творы баладнага зместу заканчваюцца смерцю галоўных герояў). Прыйшла ў сучаснасць з часоў старажытнасці, а затым — з рамантызму і стала вядучым жанрам не толькі беларускай, але і іншых славянскіх літаратур. Дае магчымасць мастаку ахапіць многія вызначальныя падзеі, нават ацаніць жыццё і лёс народа ў цэлым, выявіць асноўныя рысы характару той ці іншай нацыі.

Кнізе «Веча славянскіх балад» папярэднічалі творы «Хрыстова нявеста», «Пажар у старажытным Полацку», «Тураўская элегія», «Пятля Кастуся Каліноўскага» і многія іншыя. У іх гісторыя паўстала ў яркіх прадметных малюнках, у жывых, шматгранных рытмах, у шматколерных пералівах гукаў і фарбаў. Паэт не толькі апісвае падзеі, але і аднаўляе іх самарух, дынамічнае развіццё, стварае не толькі абстрактныя слоўныя, але і малюнкавыя сцэны. Мы захапляемся аб’ёмнасцю сцэн і эпізодаў, становімся як бы іх непасрэднымі ўдзельнікамі. Атрымліваецца так хораша, выразна, прыгожа, што хочацца створанае, намаляванае паэтам жыццё ў слове пакратаць рукамі, настолькі яно «шчыльнае» і жывое («Тураўская элегія»):

Прыгінае і самых высокіх Да зямлі вечны цяжар гадоў,

I цішэюць, цішэюць крокі I людзей, і старых гарадоў.

У пералічаных вышэй вершах выявілася актыўная грамадзянская пазіцыя пісьменніка, яго вера ў справядлівасць, у гуманізм. Пачуўшы жывыя крокі гісторыі, зрокава ўявіўшы яе ва ўсёй шматграннасці, паэт ушчыльную падышоў да напісання сваёй галоўнай кнігі — «Веча славянскіх балад». Узяцца за стварэнне падобнага шырокага мастацкага палатна мог толькі чалавек, які не проста валодае талентам «ужывання» ў мінулае, але і надзелены філасофскім мысленнем, захоплены прагай аналізу, пошуку, які можа ставіць побач розныя эпохі і выводзіць з іх агульныя заканамернасці. Кніга балад Янкі Сіпакова — гэта зрэз славянскай гісторыі з XX да XI стагоддзя. У баладах паэта на першым плане паказ лёсу народа, выяўленне самых істотных рыс у яго паводзінах і ў агульнаславянскім характары. Асноўныя думкі, якія праходзяць праз беларускія, рускія, украінскія, польскія, сербскія, македонскія, балгарскія і іншыя балады, зводзяцца да таго, што ніхто і нішто не ў стане прымусіць славян пазбавіцца нацыянальнай годнасці, перастаць быць патрыётамі свайго краю, сваёй гісторыі, мовы, культуры. Славяне застаюцца людзьмі вольналюбівымі нават пад прыгнётам чужынцаў.

Вельмі важная і другая думка ў кнізе: гісторыю стварае і рухае наперад народ. Таму толькі ён можа вырашаць свой лёс і лёс тых, хто ім кіруе. Цыкл балад «Веча» — пра часы старажытнасці, наўгародскай вольніцы - менавіта пра гэта. Лёс гісторыі вырашае народнае веча. Веча — голас народа. Веча выносіць прысуд тым, хто не лічыцца з агульнай думкай.

Не магу раўнадушна чытаць «македонскую баладу XX стагоддзя» (так назваў народ, час у творы сам пісьменнік) «Пытанне». Як цяпер, толькі што, бачу карціну: шырокае поле, старанна засеянае адборным зернем вясной, а цяпер — зжатае. На полі селянін грузіць снапы на калёсы. Побач з ім сынок — хлопчык, маленькі каласок, дзіця, будучы араты і сейбіт. I чужынцы са зброяй цераз плячо. Суседзі-грэкі. Фашысты. Чаго ім трэба на чужой зямлі? Што ім рабіць на гэтым полі, з гэтымі «цёмнымі» рабамі? Яны ж ужо іх заваявалі, устанавілі свае парадкі, адабралі ўсё, што толькі можна адабраць! Аказваецца, фізічнага панавання ім мала. Ім трэба маральна дабіць непакораў, згвалтаваць іх душы, вытрасці рэшткі нацыянальнай свядомасці, даказаць сваю перавагу ва ўсім. Яны хочуць, каб Коча Маркоўскі, славянін-македонец, гаспадар, працаўнік, назваўся грэкам, адрокся ад сваёй роднай мовы, ад свайго нацыянальнага імя. I сустрэлі яны на звычайным вясковым полі непакору, гордага духам і нязломнага воляй чалавека, македонца, мужыка. Яны забіваюць яго на вачах маленькага хлопчыка, Венкі Маркоўскага. Забіваюць люта, нізавошта. Хіба толькі за тое, што ён аказаўся перад імі чалавекам вольным, а не рабом. Венка ўсё бачыць і падхоплівае эстафету з бацькавых рук крыкам: «Я Венка Маркоўскі, мужык!» У баладзе створана ілюзія руху. Яна надзвычай дынамічная. Героі гавораць мала, лаканічна, яны дзейнічаюць. Катаванне адбываецца тройчы, як у фальклорных творах. Двойчы Коча Маркоўскі прамаўляе: «Я — македонец, мужык...» Трэцім разам не азваўся зусім: закатавалі чужынцы. I застаўся ў вечнасці македонцам, славянінам, селянінам.

Я пісала, што твор надзвычай дынамічны. У пацвярджэнне сказанага хачу прывесці некалькі радкоў:

I зноў пахне порахам руля,

I зноў сэрца б’ецца аб штык.

— Відаць, было часу замала —

Не ўспомніў нічога, дзівак...

Нагайка ізноў заспяшала —

Ты — грэк... Толькі так... Толькі так...

Глядзіце, якое лаканічнае пісьмо — і ў дыялогавых рэпліках, і ў апісанні самога дзеяння. Сцісласць і афарыстычнасць забяспечваюцца назыўнымі сказамі, адсутнасцю слоўна-выяўленчых сродкаў.
Эпізоды, сцэны (іх дзве — катаванне банькі і ваяўнічы бунт сына, які ўсхопліваецца на возе і крычыць у твар катам, што ён таксама македонец, мужык, а яны — забойцы), фразы-пыганні і фразы-адказы — усё даведзена да найвышэйшай канцэнтрацыі: сустрэліся ворагі. Літасці ніхто не чакае, не спрабуе выкруціцца.

Вельмі цікавая балада Сіпакова (украінская, XVII стагоддзя) «Булава» — пра тое, як адхілілі ад улады малалетняга сына Багдана Хмяльніцкага Юрку, як перахапіў яе з яго рук хітрасцю, подкупам казакоў зусім незаслужаны чалавек — атаманскі пісар Іван Выгоўскі. Гэтая балада надзвычай псіхалагічная, у ёй раскрываюцца складаныя характары. Вось як дакладна перадае аўтар «пакуты сумлення» Івана Выгоўскага і яго жах, каб не сплыла булава з рук:

Так... Вось цяпер пааднекуйся крыху...

Ды не цягні — на сваю ж галаву.

А то вунь зласліўцы, няхай на іх ліха,

Могуць з-пад носа сцягнуць булаву.

Выхапяць з рук, адарвуць і ад сэрца,

Гледзячы гэтак нявінна у твар.

Зірніце, як Грышка Лясніцкі злуецца,

Той, што хадзіў ужо з ёй на татар.

3 балады відаць, што аснову некаторых твораў пісьменніка такога жанру складаюць глыбокі роздум, унутраны палемізм, спрэчкі і аўтара з героямі, і герояў між сабой. Як і ў творах Быкава, у баладах Сіпакова героі апынаюцца перад выбарам, павінны прыняць адзіна правільнае рашэнне ў экстрэмальных, надзвычайных умовах: ці застацца людзьмі, не здрадзіць прынцыпам чалавечнасці, ці ператварыцца ў пярэваратняў, пайсці на згодніцтва з чорнымі сіламі, ворагамі. Асабліва цікавая ў гэтых адносінах «беларуская балада XV стагоддзя» «Вяселле». Я сама не надта сентыментальная асоба. Аднак, калі чытала баладу, не магла стрымаць слёз: так у ёй усё напружана, такая драма дзяўчыны раскрыта, якая, вольная, выходзіць замуж за раба, прыгоннага селяніна. Толькі адна-адзіная ноч адпушчана каханым на вяселле. Толькі адна летняя ночка. А яна такая кароткая! I так хочацца яшчэ трошачку яе надтачыць! Так хочацца, каб сонца не ўзыходзіла хутка-хутка, за нешта зачапілася, дало магчымасць глынуць яшчэ колькі глыткоў вольнага жыцця. Бо па ўзыходзе свяціла яе, ужо рабыню, запросяць на працу ў панскі палац. Так і адбываецца. Балада заканчваецца плачам новай рабыні пра тое, што па яе, «па рабу, так рана // Бяжыць цівун». Ды лепш рабства і жыццё з любым, чым жыццё ў
раскошы з чалавекам, якога не кахаеш. Помнім, што менавіта пра гэта сказала Купалава гераіня Бандароўна (і гераіні беларускіх народных песень) проста ў твар пану Патоцкаму. Такой жа думкай прасякнута і балада Сіпакова. Тужлівая песенная мелодыя гучыць на працягу ўсяго твора з вуснаў дзяўчыны. Глыбока ў памяці застаюцца трывожныя і гордыя радкі: «Я сама сябе гэтак караю, //І каханнем, і раем караю, // Боя ж Яна больш волі, люблю!»

Янка Сіпакоў умела ажыўляе мінулае, надае яму канкрэтныя рысы, вядзе ў яго нас, чытачоў, як гаспадар гасцей у пабудаваны новы дом.