Белорусские сочинения - Кірыла Тураўскі - Літаратура Старажытнай Русі. Асветніцкая дзейнасць Кірылы Тураўскага і Еўфрасініі Полацкай.

Літаратура Старажытнай Русі. Асветніцкая дзейнасць Кірылы Тураўскага і Еўфрасініі Полацкай.

Шануем мы бацькоў імёны, Навука й прыклад нам яны.
У. Жылка
Літаратура Старажытнай Русі (XI—XIII стагоддзі) вызначылася прыняццем хрысціянства, для распаўсюджання якога патрэбны былі кнігі, пісьменныя людзі. УIX ст. выдатныя славянскія (балгарскія) асветнікі Кірьша і Мяфодзій на аснове грэчаскага алфавіта стварылі славянскую азбуку і зрабілі першыя пераклады на стараславянскую мову твораў рэлігійнага зместу. 3 Балгарыі гэтыя творы пранікалі на Русь. Цэнтрамі перапіскі былі манастыры, дзе збіраліся і захоўваліся цэлыя бібліятэкі рукапісных кніг.
Напачатку ў старажытнай літаратуры пераважалі творы перакладныя. Асаблівае пашырэнне мелі асобныя кнігі Бібліі («Евангелле», «Псалтыр», «Апостал»), зборнікі пропаведзяў і казанняў, жыціі — апавяданні пра людзей, якіх царква прызнавала за святых.
Кампазіцыя большасці жыцця такая: рытарычны ўступ; аповед пра нараджэнне святога дзіцяці, дабрачыннасць бацькоў яго; дзяцінства і юнацтва, пострыг; апісанне вучэння падзвіжніка, яго подзвігу; пахвала святому. Выдатнымі ўзорам жыцій з'яўляецца «Жыццё Ефрасінні Полацкай» — таленавіты твор невядомага аўтара, напісаны прыкладна праз паўстагоддзя пасля смерці асветніцы. Вобразнасць — адметная асаблівасць гэтага твора: «Еўфрасіння — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як прамень сонечны прасвятліў зямлю Полацкую». Жыціі і летапісы маюць вялікае культурна-гістарычнае значэнне не толькі як помнікі нацыянальнай мовы і літаратуры, але і як каштоўная крыніца вывучэння багатага гераічнага мінулага нашага народа. Слушна сцвярджае А.Мельнікаў, што яны даюць магчымасць «зведаць, што думалі, чым захапляліся нашы далёкія і не вельмі далёкія продкі, у што верылі, чым ганарыліся, што любілі, чым грэбавалі».
Самым выдатным і дасканалым у мастацкіх адносінах агульнаславянскім помнікам старажытнай пары з'яўляецца «Слова пра паход Ігаравы».
У цэнтры «Слова...»— няўдалы паход старажытна-рускіх князёў на полаўцаў у 1185 годзе. Паэт часта гаворыць пра славу дзядоў, славу продкаў, якой не ўсе нашчадкі вартыя. Сярод мінулых князёў паўстае перад намі вобраз незвычайнага полацкага князя, праўнука Уладзіміра Святаславіча і легендарнай Рагнеды, які цалкам, на думку аўтара, адпавядае крытэрыям ацэнкі гістарычнай асобы. Ні аднаму князю XI ст. не аддаў паэт столькі ўвагі, не сказаў столькі цёплых слоў, як Усяславу Чарадзею. Ён акружаны ў паэме таямнічым арэолам князя-чараўніка, надзелены незвычайнымі здольнасцямі ператварацца ў ваўка. Мудрым і дзейным валадаром, што княжыў ажно 57 гадоў, паказаны Усяслаў, які «вешчую меў душу ў дзёрзкім целе». Праз рэтраспекцыі аўтар «Слова...» здолеў і раскрыць цяжкі лёс легендарнага князя, і выказаць сваё захапленне тым, каго лічыць ідэалам дзяржаўцы, ставячы яго ў прыклад сучасным яму князям, якія сваімі міжусобнымі войнамі аслабляюць дзяржаву і робяць яе даступнай ворагам. Вобразнасць, асацыятыўнасць, насычанасць метафарамі («душу веюць ад цела», «засеяны касцямі»), эпітэтамі («Нямігі крывавыя берагі») — адметнасць «Слова...». Яно палоніць нас музычнасцю паэтычнай мовы, трапнасцю, дакладнасцю. Бітву, напрыклад, паэт параўноўвае з малацьбой і пірам. Паводле адной з літаратурных версій, якую не абвяргаў самы дасведчаны даследчык «Слова...» Дзмітрый Ліхачоў, аўтарства помніка магло належаць нашаму слыннаму земляку Кірылу Тураўскаму.
Сучаснікі назвалі яго другім Златавустам, «што ярчэй за ўсіх праззяў на Русі», вобразна і вычарпальна вызначыўшы сутнасць і значэнне яго асветніцкай дзейнасці: «Радуйся, свяціцелю, бо найсвятлейшым вучэннем сваім асвятліў землі Рускія! Радуйся, сонца, што асвятляе розумам Божым азмрочаных і цёмных!»
Старажытнабеларускі пісьменнік і прамоўца, дзеяч хрысціянскай царквы эпохі Кіеўскай Русі Кірыла Тураўскі на аснове дасканалага вывучэння Бібліі выпрацаваў самабытны стыль урачыстага царкоўнага красамоўства Ён пакінуў 8 «слоў» — казанняў, аповесці-прытчы, 30 малітваў і некалькі канонаў. Яго творчасць, як і Біблія, вызначаецца сцвярджэннем вечных каштоўнасцей, выкарыстаннем прыёмаў іншасказання, алегорыі, сімвалізацыі, супастаўленнем умоўнага і рэальнага. Да прыкладу, «Прытча пра чалавечую душу і цела» (ці «Слова пра сляпога і кульгавага») — евангельская рэмінісцэнцыя пра руплівага гаспадара, які паставіў ля варот двух вартаўнікоў —сляпога і кулыавага —у надзеі, што злодзеяў кульгавы ўбачыць, а сляпы пачуе; самі ж яны не змогуць абакрасці гаспадара. Здарылася інакш: сляпы і кульгавы, аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), прабраліся ў сад гаспадара і прысвоілі яго дабро. У вобразе сляпога Кірыла Тураўскі паказаў чалавечую душу, у вобразе кульгавага — цела. Галоўная ідэя — у сцвярджэнні гармоніі цела і душы, перавагі духоўнага над матэрыяльным.
Узорам рэалізацыі прыёмаў інашказання (алегорыі, сімвалаў) як адметнасці стылю Кірыла Тураўскага з'яўля-ецца «Слова на Вялікдзень»:
Сёння праз пакаянне не стала зімы грахоўнасці і лёд нявер 'я ўсведамленнем Бога растоплены.
Прырода ў словах Кірыла Тураўскага мае сімвалічнае значэнне: сонца — Хрыстос; месяц — сімвал усяго, што меркне ад промняў сонца; зіма — сімвал грахоўнага; лёд — сімвал бязвер'я.
Пра дзейнасць асветніцы Еўфрасінні Полацкай, пра яе заслугі перад нашай нацыяй і ўздзеянне на нашы душы лепш, чым напісана ў «Жыцці...», ёй прысвечаным, ска заць нельга: «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем засмучаным, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім».
Шасцёра сыноў знакамітага князя-вешчуна Усяслава Чарадзея ўзбагацілі радаводнае дрэва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі. Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увайшло ў гісторыю. Але найболыпую славу прынясуць Полацку пасля Усяслава не ваяры. Зрабіць гэта наканавана было яго ўнучцы — Еўфрасінні Полацкай. Яе жыццё, «як промень сонечны», прасвятліла «зямлю По-лацкую».
Заслуга яе перад нашай нацыяй не толькі ў мецэнацтве і перапісванні кніг, не толькі ў садзеянні будаўніцтву Спасаўскага сабора, распісанага унікальнымі фрэскамі. 3 яе імем звязана і стварэнне ў 1161 г. полацкім майстрам Лазарам Богшам паводле яе заказу нацыянальнай рэліквіі — крыжа. Крыж адшукаў і некаторы час (да 1929 г.) ашчадна зберагаў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі. Страчаная і адноўленая нашым сучаснікам — мастаком Кузьміным — святыня дарагая нам і надпісам-клятвай на ёй: «...Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыва-творнаю Тройцаю ды святымі айцамі 300 і 50 (?) сямі сабораў святых айцоў і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж асмеліцца ўчыніць такое...валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...» (пераклаў У. Арлоў).
Надпіс зроблены на царкоўнаславянскай мове, але ў ім відавочны ўплыў жывой беларускай мовы з яе аканнем, асабліва ўплыў лексікі. Зусім верагодна, што тэкст гэтай «клятвы» прадыктавала майстру Лазару Богшу Еўфрасіння Полацкая, каб навекі захаваць у сваім горадзе гэты сімвал палітычнай самастойнасці і культурнага росквіту Полацкага княства — старажытнага правобраза Беларусі. Надпіс цікавы як факт літаратурнага мастацтва, як выяўленне ў слове святой душы нашай нябеснай заступніцы — Еўфрасінні Полацкай.