Белорусские сочинения - Міхась Зарэцкі - Аўтарская канцэпцыя рэчаіснасці ў рамане Міхася Зарэцкага "Вязьмо"

Аўтарская канцэпцыя рэчаіснасці ў рамане Міхася Зарэцкага "Вязьмо"

Раман Міхася Зарэцкага «Вязьмо» — гэта твор пра нялёгкія шляхі будаўніцтва новага жыцця, пра лес людзей у час вялікіх гістарычных зменаў. Гэта кніга пра чалавечае шчасце, якое дасягаецца ў складанай і напружанай барацьбе. У аснову сюжэта рамана пакладзены падзеі калектывізацыі ў беларускай вёсцы, якія аўтар імкнецца паслядоўна раскрыць праз лес персанажаў.
     Асноўная сюжэтна-псіхалагічная лінія рамана «Вязьмо» звязана з вобразамі Зеленюка, Сымона Карызны і Пацяроба. У аснову твора легла барацьба за арганізацыю калгаса ў мястэчку Сівец.
     Зелянюк — станоўчы герой рамана. Менавіта ў гэтым вобразе аўтар пазначыў пэўныя тыповыя рысы станоўчага героя часу: зацікаўленасць у паляпшэнні долі хлебароба, адданасць ідэалам сацыялізму, актыўнасць у барацьбе за іх здзяйсненне. Зелянюк — прынцыповы і чэсны чалавек, валодае вялікай вытрымкай, цвёрдасцю духу. М. Зарэцкі лічыў, што толькі такія людзі здольны ўплываць на падзеі. Яны маюць нейкую сілу. Ужо на першым сходзе герой здолеў знайсці простыя словы пра сэнс калгаснага будаўніцтва, разварушыў сялянскую беднату. Зелянюк разумев, што адным ударам нельга ажыццявіць калектывізацыю, што трэба «... спакваля раскалупваць каржакаватую Глебу сялянскай псіхікі», што шлях пераканання ў адносінах да селяніна — найболып прымальны і перепектыўны. Сіла Зеленюка ў тым, што ён своечасова можа заўважыць і падтрымаць народную ініцыятыву, як гэта было пры арганізацыі калгаса ў Сівалапах. Паказ арганічнай блізкасці і еднасці Зеленюка з народам, яго клапатлівых і чулых адносінаў да людзей з'яўляецца адным з асноўных сродкаў стварэння вобраза. Ён стаіць у цэнтры падзей, да яго прыкавана ўвага ўсёй вясковай грамадскасці. Адны — Віктар, Аўгінька, Тацяна — глядзяць на яго з надзеяй і верай, другія — Карызна, Пацяроб — з недаверам, трэція — Гвардыян, Сахацкі — з адкрытай злосцю. Карызна і Пацяроб думалі, што дастаткова ўсіх сялян аб'явіць калгаснікамі, — і калгас створаны. Але гэта было не так.
     Праз вобраз дырэктара вясковай сямігодкі Сымона Карызны М. Зарэцкі імкнуўся высветліць, як, чаму адказны работнік нечакана для самога сябе апынууся ў тупіку, страціў блізкіх і дарагіх яму людзей, пайшоў на кампраміс з уласным сумленнем і стаў прыстасаванцам. М. Зарэцкі паставіў перад сабой цяжкую задачу: паказаць праз вобраз Карызны неабходнасць, абавязковасць маральнай чысціні як рэгулятара паводзінаў кіраўніка ў яго рабоце з народам. Карызна — чалавек энергічны, з практычным падыходам да справы. Спачатку ён паўстае перад чытачом як сумленны і адданы партыец, акрылены вялікай і высакароднай мэтай. Пасля пленума райкома партыі Карызна з вялікім жаданнем і шчырасцю бярэцца за нялёгкую справу калектывізацыі. Яго захапляе перш за ўсё грандыёзнасць і важнасць задачы. Але на гэтым шляху героя чакаюць немалыя цяжкасці. Хвалюючая сцэна, калі гаспадар з плачам развітваецца ноччу са сваім канем, узрушыла Карызну. Бадай, толькі цяпер ён па-сапраўднаму адчуў, ацаніў і зразумеў сэнс і грандыёзнасць задачы будаўніцтва новага жыцця. Цяжкасць і складанасць будучай работы пачынае непакоiць, нават палохаць Карызну. Ён вырашае быць жорсткім да сябе і ў дачыненні да сялян, правесці калектывізацыю «рашучым рэвалюцыйным ударам». Пiсьмо ад бацькоў, у якім тыя паведамлялі, што іх збіраюцца раскулачыць, яшчэ больш умацавала Карызну ў прынятым рашэнні. Такім чынам, ён стаў на падтрымку Пацяроба, для якога наган і пагроза высялення былі адным з самых пераканаўчых аргументаў.
     Увогуле, калектывізацыя ўспрымалася М. Зарэцкім як грамадская з'ява, жаданым вынікам якой будзе карэнная змена жыцця сялянства. Але ж ён лічыў, што ўсеагульная калектывізацыя не патрэбна. Зразумела, што адкрыта пісьменнік аб гэтым гаварыць не мог, таму сваю думку ён выказаў праз сюжэт, лес герояў рамана «Вязьмо», Праз вобразы Пацяробаі Карызны аўтар паказвае сваю нязгоду з суцэльнай калектывізацыяй, а праз вобраз Зеленюка М. Зарэцкі тлумачыць, што, на яго думку, калектывізацыя павінна ажыццяўляцца на строга добраахвотных пачатках, што народу неабходна растлумачваць сутнасць гэтага працэсу, а не прымушаць сялян супраць іх волі ўступаць у калгасы.
     Такім чынам, раман Міхася Зарэцкага «Вязьмо» з'явіўся найболын глыбокім творам, у якім апісваюцца падзеі калектывізацыі.