Биографии белорусскиx писателей - Астрэйка Анатоль - Вариант 1

Вариант 1

Астрэйка Анатоль (таксама Астрэйка Акім), нарадзіўся 24.07.1911 г. у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме (1930), вучыўся на літаратурным факультэце Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1932-1934). З 1930 г. працаваў у газетах Полацка, Воршы, Горак, Менска. У час Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Двойчы (1942, 1943) накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. У 1946-1948 гг. - старшыня Гарадзенскага аддзялення СП БССР, у 1948-1953 гг. - адказны сакратар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 23.08.1978 г.

Вершы пачаў друкаваць у 1929 г. Першы зборнік вершаў «Слава жыццю» выдадзены ў 1940 г. Рукапіс другога зборніка - «Квецень» згарэў у час вайны ў Менску. У 1943 г. друкарня слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец» выпусціла зборнік «Слуцкі пояс». У пасляваенныя гады выйшлі кнігі паэзіі «Крамлёўскія зоры» (1945), «Добры дзень» (1948), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Бацька мой Нёман» (1961), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Зямная Случчына» (1977), «Ураджай цяпла» (1978), «Памяць дарог» (1980), а таксама вершаваная казка «Елка» (1949) і паэма для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда» (1956). Выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах (1970, 1981).

Перакладаў творы пісьменнікаў народаў СССР на беларускую мову. Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень.