Биографии белорусскиx писателей - Гусеў Сілан - Вариант 1

Вариант 1

Гусеў Сілан (таксама Гусеў Сіла), нарадзіўся 14.08.1897 г. у вёсцы Калясянка Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Быў батраком у памешчыка, з 1913 г. працаваў на суконнай фабрыцы ў Пецярбургу. За распаўсюджанне рэвалюцыйных пракламацый у 1914 г. высланы этапам на радзіму. Працаваў на пабудове чыгункі, служыў на Балтыйскім флоце. У пачатку кастрычніка 1917 г. прыкамандзіраваны на крэйсер «Аўрора». Прымаў удзел у штурме Зімняга палаца. Служыў у Чырвонай гвардыі і Чырвонай Арміі, а таксама на Чарнаморскім флоце. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне і ў барацьбе з інтэрвентамі. Быў паранены. З 1921 да 1930 г. быў на партыйнай і савецкай рабоце ў Беларусі. У 1933 г. у Менску скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі. Працаваў рэдактарам літаратурнага альманаха «Атака», рэдактарам літаратурнага аддзела Радыёкамітэта, дырэктарам Дома творчасці, кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР, дырэктарам Беларускага аддзялення Літфонду СССР (1933-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі. Двойчы быў паранены. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах культуры, друку Беларусі. Сябра СП СССР з 1940 г.

Памёр 31.03.1986 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.

Першае апавяданне было надрукавана ў 1933 г. (часопіс «Полымя рэвалюцыі»). Выйшлі зборнік апавяданняў «За жыццё» (1934) і аповесць «Шлях юнака» (ч. 1, 1938), працяг якой у фрагментах друкаваўся ў часопісе «Полымя» за 1969 г.