Биографии белорусскиx писателей - Караткевіч Уладзімір - Вариант 1

Вариант 1

Караткевіч Уладзімір, нарадзіўся 26.11.1930 г. у горадзе Воршы Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Арэнбургу. У 1944 г. вярнуўся ў Воршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1954 г. скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954-1956), у Воршы (1956-1958). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя (1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве. З 1962 г. жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Памёр 25.07.1984 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1951 г. (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). У 1955 г. верш «Машэка» быў змешчаны ў часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (вершы і паэмы, 1986).

Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Блакіт і золата дня» (1961), «Чазенія» (1970), «Вока тайфуна» (1974), «З вякоў мінулых» (1978), раманаў «Каласы пад сярпом тваім» (1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі», 1982), «Чорны замак Альшанскі» (увайшлі аднайменны раман і аповесць «Зброя»), (1983), аповесці «У снягах драмае вясна» (1989). Для дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).

Аўтар п'ес «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959), «Званы Віцебска» (1977, пастаўлена ў 1974), «Кастусь Каліноўскі» (1980, пастаўлена ў 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (апублікавана і пастаўлена ў 1982), «Маці ўрагану» (1985, пастаўлена ў 1988; аднайменны мастацкі фільм - рэжысёр Ю.Марухін, 1990). У 1988 г. выйшаў зборнік п'ес «Старыя беларускія хронікі». Напісаў сцэнарыі кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (першапачатковая назва «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», з В.Бычковым, 1967), «Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля Стаха» (з В.Рубінчыкам, 1979), «Чорны замак Альшанскі» (з М.Пташуком, 1984). На тэлебачанні і радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектаклей. Па лібрэта Караткевіча пастаўлена ў Беларускім тэатры оперы і балета опера «Сівая легенда» (кампазітар Д.Смольскі, 1978), а паводле яго аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» - аднайменная опера (кампазітар У.Солтан, 1989).

Выступаў як публіцыст і крытык. Напісаў нарыс «Зямля пад белымі крыламі» (1977, першае выданне - на ўкраінскай мове, Кіеў, 1972), эсэ «Мсціслаў - Мстиславль» (1985), эсэ, артыкулы пра Ф.Скарыну, Т.Шаўчэнку, Лесю Ўкраінку, М.Агінскага, Я.Купалу, М.Багдановіча, М.Шолахава, Я.Брыля, У.Калесніка, М.Лужаніна, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, А.Наўроцкага, Я.Сіпакова. Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1980) і Збор твораў у 8 тамах (1987-1991).

Працаваў як перакладчык. На беларускую мову пераклаў драму М.Карыма «У ноч зацьмення Месяца» (пастаўлена ў 1972), аповесць Э.Гашпаравай «Цяжка быць мустангам» (1981), паасобныя творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, Я.Судрабкална, Б.Мацкявічуса і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1983) за раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасмяротна) за раман «Чорны замак Альшанскі».