Биографии белорусскиx писателей - Карызна Ўладзімір - Вариант 1

Вариант 1

Карызна Ўладзімір, нарадзіўся 25.05.1938 г. у вёсцы Закружка Менскага раёна ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961) працаваў выкладчыкам беларускай і расейскай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне, у гэты час узначальваў літаратурнае аб'яднанне пры раённай газеце «Браслаўская звязда». З 1967 г. - рэдактар, старшы рэдактар, загадчык аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё, з 1980 г. - рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», з 1981 г. - старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1970 г.

Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (вершы і паэма, 1972), «Цеплыня» (паэма, вершы, песні, 1977), «Цішыня баразны» (вершы і паэма, 1981), «Шумяць вербы» (вершы, песні, 1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (вершы, паэмы, песні, 1988), кніжкі вершаў для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (з А.Вольскім, 1984), «Зямля - два паўшар'і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990).

Больш за сотню вершаў пакладзена на музыку. Выдадзены зборнікі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990).

Пераклаў зборнік вершаў А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), шматлікія вершы дзіцячых пісьменнікаў для серыі «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР».