Биографии белорусскиx писателей - Колас Георгі - Вариант 1

Вариант 1

Колас Георгі, нарадзіўся 26.02.1929 г. на хутары Куцень Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

30.03.1930 г. у сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем сасланы разам з бацькамі на спецпасяленне ў Гаінскі раён Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі. Вызвалены 14.09.1945 г. У 1947 г. скончыў філалагічны факультэт Кудымкарскага настаўніцкага інстытута, у 1951 г. - акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. Два гады працаваў акцёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра ў Менску. Затым быў супрацоўнікам газеты «Сталинская молодежь», аспірантам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1955-1960 гг. - галоўны рэдактар па рэпертуары драматычных тэатраў у Міністэрстве культуры БССР. Працаваў загадчыкам метадычнага кабінета культасветработы Белсаўпрофа. У 1961-1964 гг. - літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», у 1967-1971 гг. - рэдактар аддзела крытыкі, бібліяграфіі і мастацтва часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1964 г.

З артыкуламі пра тэатральнае мастацтва і драматургію пачаў выступаць у 1953 г. Выдаў брашуры «Тэатры Беларускай ССР у 2-й Прыбалтыйскай тэатральнай вясне» (1957), «Спектаклі юбілейнага сезона» (1958), «Николай Еременко» (Масква, 1968). Аўтар кнігі «Современник в гриме и без грима» (1963), зборніка артыкулаў «Диалог через рампу» (1967), шматлікіх артыкулаў аб старажытных беларускіх інтэрмедыях, аб творчасці драматургаў К.Марашэўскага, Я.Купалы, К.Губарэвіча, А.Маўзона, А.Макаёнка, А.Вярцінскага, І.Чыгрынава, А.Дударава, М.Матукоўскага, А.Дзялендзіка, Я.Шабана і інш.

Аўтар звыш дваццаці пяці сцэнарыяў дакументальных, навукова-папулярных кіна- і тэлефільмаў «Беларуская сюіта» (1966), «Я чую вестку» (1967), «Купалаўцы» (1970), «Мы - сіняблузнікі» (1971), «Жывая ніць» (1973), «Ларыса Александроўская» (1975), «Тры тысячы песень» (1976), «Мінск - пра час і пра сябе» і «Лепей за тое, што ёсць» (1977), «Ігра без ігры» (1978), «Іван Шамякін» (1979), «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала» (1982), «Старажытныя паркі» (1989) і інш.