Биографии белорусскиx писателей - Кучар Алесь - Вариант 1

Вариант 1

Кучар Алесь (сапр. Кучар Айзік), нарадзіўся 27.06.1910 г. у вёсцы Прудзішча Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачага.

Працоўны шлях пачаў у 1926 г. у Смалявіцкім райвыканкоме справаводам. У 1927-1929 гг. вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, у 1929-1932 гг. - студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску. У 1932-1936 гг. працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, на Беларускім радыё. Вучыўся ў Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры (1937), У 1938-1940 гг. - старшы выкладчык Менскага педінстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны - пісьменнік франтавых газет. З 1945 г. - намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», з 1948 г. - загадчык аддзела ў «Настаўніцкай газеце», з 1951 г. - рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, з 1960 г. - літкансультант СП БССР. У 1960-1968 гг. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

З рэцэнзіямі і крытычнымі артыкуламі выступае з 1928 г. Выйшлі кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Вялікая перабудова» (1933), «Літаратурна-крытычныя артыкулы» (1953, 2-е выданне, 1980), «Аб мастацкай прозе» (1961), «Аблічча часу» (1971), а таксама брашуры «Творчасць М.Багдановіча» (1939), «Янка Купала» (1948). У 1943 г. выдаў кнігу нарысаў «На партызанскай зямлі» (Масква).

Памёр 09.04.1996 г.

Аўтар п'ес «Заложнікі» (1946, пастаўлена ў 1944), «Гэта было ў Мінску» (1950, пастаўлена ў 1949), «Неспакойныя сэрцы» (1953, пастаўлена ў 1952). Напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1963), «Усходні калідор» (з В.Вінаградавым, 1968), а таксама дакументальнага фільма «Мы жывём у Мінску» (1968). У 1962 г. выйшаў зборнік выбраных п'ес і кінасцэнарыяў «Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй».