Биографии белорусскиx писателей - Кудравец Анатоль - Вариант 1

Вариант 1

Кудравец Анатоль, нарадзіўся 01.01.1936 г. у вёсцы Аколіца Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Слуцкую педагагічную навучальню (1955). Кароткі час настаўнічаў у Віркаўскай сямігадовай школе Клічаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). У 1958-1963 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова (з 1961) працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда». Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1963-1965), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1965-1966), рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1966-1970), адказным сакратаром часопіса «Маладосць» (1970-1972), галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1972-1974), інструктарам, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ (1974-1978). З 1978 г. - галоўны рэдактар часопіса «Неман». У 1979 г. удзельнічаў у рабоце XXXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1969 г.

Першыя апавяданні апублікаваў у 1960 г. (газета «Калгасная праўда», часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968), «Раданіца» (1971), «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпеді драчы» (1979), «За чужымі далямі» (падарожныя нарысы, 1981), «Сачыненне на вольную тэму» (раман, апавяданні, 1985), «Блакітны вярблюд» (1990). У 1986-1987 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Напісаў сцэнарыі тэлефільма «Восеньскія яблыкі» (1975, пастаўлены ў 1977), кінафільма «Раданіца» (з Ф.Конёвым, пастаўлены ў 1985).

У яго перакладах на беларускую мову выйшлі «Падарожжы Гулівера» Дж. Свіфта (1974), «Сібірскія апавяданні» У.Іванава (1975), раманы Н.Нурпеісава «Змрок» (1978), «Нягоды» (1981), аповесць К.Сіманава «Дні і ночы» (1979), «Аповесці» А.Тамсаарэ (1980), У.Караленкі «Апошні прамень» (выбранае, 1984), асобныя творы расейскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.