Биографии белорусскиx писателей - Кулакоўскі Аляксей - Вариант 1

Вариант 1

Кулакоўскі Аляксей, нарадзіўся 24.12.1913 г. у вёсцы Кулакі Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1931 г. скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу і некаторы час загадваў дрэваапрацоўчай арцеллю ў Касцюковічах на Магілеўшчыне. З гэтага ж года перайшоў на журналісцкую работу - адказны сакратар шматтыражкі, загадчык аддзела клімавіцкай раённай газеты «Камуна», адказны сакратар жлобінскай раённай газеты «Шлях сацыялізма», а са жніўня 1934 г. - намеснік загадчыка аддзела газеты «Чырвоная змена». У 1936-1939 гг. вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілеўшчыне. У канцы 1939 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны - камандзір узвода, камандзір роты (Сталінградскі, Украінскі франты). Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў загадчыкам аддзела ў газеце «Сталинская молодежь», у часопісе «Беларусь», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953-1958 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». Быў намеснікам адказнага сакратара, адказным сакратаром праўлення СП БССР (1965-1976). У 1977-1986 гг. - дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы. У 1972 г. у складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце XXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1974).

Памёр 09.04.1986 г.

Да вайны выступаў як журналіст. Першае апавяданне надрукаваў у 1945 г. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Сад» (1947), «Гартаванне» (1949), «На возеры» (1950), «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956), «Да ўсходу сонца» (1957), «Дабрасельцы» (аповесць, 1958, часопіс «Маладосць»), «Тут я жыву» (1960), «Зоркі салігорскія» (нарысы, 1960), «Салігорцы» (нарысы, 1964), «Першае чаканне» (1965), «Расце мята пад акном» (1966), «Чыстая мураўка» (апавяданні і гумарэскі, 1968), «Твой шлях перад табою» (1968), «Родныя шыроты» (1978), «Аповесці і апавяданні» (1979), «Белы сокал» (1985), «Тры зоркі» (1988), раманаў «Расстаёмся ненадоўга» (1955), «Сустрэчы на ростанях» (1962), «Васількі» (1981). У 1970-1971 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах, у 1984 г. - Выбраныя творы ў 2 тамах. Для дзяцей выдаў зборнік апавяданняў «На возеры» (1950), кнігу аповесцей «Белы сокал» (1985). Па матывах аповесці «Нявестка» А.Макаёнкам напісаны сцэнарый мастацкага фільма «Шчасце трэба берагчы» (пастаўлены ў 1958).

Зрабіў літаратурны запіс кнігі В.Казлова «Людзі асобага складу» (1952). Пераклаў раманы Ш.Рашыдава «Мацней за буру» (з П.Кавалёвым, 1963) і Р.Файзі «Яго вялікасць Чалавек» (1978).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986, пасмяротна) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей, за кнігу аповесцей «Белы сокал».