Биографии белорусскиx писателей - Ліпскі Ўладзімір - Вариант 1

Вариант 1

Ліпскі Ўладзімір, нарадзіўся 06.05.1940 г. у вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1960 г. скончыў Менскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (1960-1964), у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1964-1967). Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). У 1967-1968 гг. - першы сакратар Нясвіжскага райкама камсамола, у 1968-1976 гг. - у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976-1978 гг. - адказны сакратар праўлення СП БССР. З 1978 г. - галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1988 г. адначасова - старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду. Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджаны медалём.

У рэспубліканскім друку выступае з 1964 г. Аўтар кніг публіцыстыкі «Райкомаўскія будні» (1971), «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), «Якое яно, шчасце?» (1977), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакументальных аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пастаўлена радыёп'еса ў 1978), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Невядомы» (1990), зборнікаў прозы «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988), кніг для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974) і «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982), «Лаўрэнавы працадні» (1984). З украінскім пісьменнікам Б.Чалым напісаў кнігу «Люби меня при всякой доле» (1982).