Биография : Луцкевіч Антон вариант 1 - twidler.ru ▲ Вверх
рефераты
сочинения
Решебники (ГДЗ)
топики
краткие содержания
биографии

Луцкевіч Антон


Луцкевіч Антон, нарадзіўся 30.01.1884 г. у горадзе Шаўлі (цяпер Шаўляй, Летува) у сям'і служачага.

З 1897 г. жыў у Менску, дзе вучыўся ў мужчынскай класічнай гімназіі. У 1902 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля васьмі семестраў перавёўся на юрыдычны факультэт Юр'еўскага (цяпер Тартускага) універсітэта, дзе вучыўся шэсць семестраў. Адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903); на першым з'ездзе партыі (1905) абраны сябрам ЦК. У 1905 г. быў арыштаваны, у 1906-1908 гг. знаходзіўся на нелегальным становішчы. У 1916 г. заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу. З 1918 г. - сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Узначальваў Беларускі народны камітэт у Вільні (1916-1919), з'яўляўся старшынёй віленскай Беларускай рады (1918-1919). У сакавіку 1918 г. кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР (Акт 25 сакавіка 1918 г.). З кастрычніка 1918 па люты 1920 г. старшыня Рады народных міністраў БНР, народны міністр замежных спраў. Адстойваў інтарэсы Беларусі на Парыжскай мірнай канферэнцыі, на перагаворах з Ю.Пілсудскім. У верасні 1919 г. быў інтэрніраваны польскімі ўладамі, у час савецкай улады ў Вільні (ліпень-верасень 1920 г.) зняволены. Пасля заключэння Рыжскага трактата - старшыня падпольнага Беларускага дзяржаўнага камітэта і легальных Беларускага нацыянальнага камітэта, Беларускага выдавецкага таварыства, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі, заснавальнік і дырэктар Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці ў справе Беларускай сялянска-рабочай грамады, быў зняволены, звольнены з працы ў гімназіі, а ўзначаленыя ім Беларускі нацыянальны камітэт і Беларускае выдавецкае таварыства - забаронены польскімі ўладамі. Пасля прыходу ў Вільню Чырвонай Арміі 30.09.1939 г. арыштаваны і вывезены ў Менск. Рэабілітаваны ў 1989 г.

Паводле афіцыйных звестак, памёр у 1946 г. у зняволенні. Паводле іншых звестак, расстраляны ў чэрвені 1941 г. у час эвакуацыі вязняў.

Выступаў як крытык, літаратуразнаўца, публіцыст і перакладчык. Адзін з заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў газет «Наша доля» і «Наша ніва». Пісаў па-беларуску, па-расейску і па-польску. Даследаваў творчасць У.Сыракомлі, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, У.Жылкі, Н.Арсенневай, М.Чарота, У.Дубоўкі, іншых пісьменнікаў. Быў рэдактарам і выдаўцом зборнікаў паэзіі, публіцыстыкі, альманахаў. Асобнымі кнігамі, адбіткамі і брашурамі (частка з іх падпісана псеўданімам Антон Навіна) выйшлі «Белорусы» (СПб, 1908), «На дарозе да новага жыцця» (СПб, 1912), «Эканамічная эвалюцыя і беларускі дух» (Вільня, 1917), «Як правільна пісаць па-беларуску» (Вільня, 1917), «Беларускі правапіс» (з Я.Станкевічам, Вільня, 1918), «Нашы песняры: Літаратурна-сацыяльныя нарысы» (Вільня, 1918), «Польская акупацыя ў Беларусі» (Вільня, 1920), «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (Вільня, 1921), «Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры» (Вільня, 1921), «Вязніца Адама Міцкевіча» (Вільня, 1923), «Як вучыць у новай школе: Увагі для вучыцеляў беларускіх сярэдніх школ» (Вільня, 1923), «Вільня ў беларускай літаратуры» (Вільня, 1925), «За дваццаць пяць гадоў: Успаміны аб працы першых беларускіх арганізацыяў. Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, Беларуская Сацыялістычная Грамада» (Вільня 1928), «Адбітае жыццё: Лекцыі і стацці з беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка I» (Вільня, 1929), «Янка Купала як Прарок Адраджэння» (Вільня, 1932), «Беларускі музей імені Івана Луцкевіча» (Вільня, 1933), «Галоўныя кірункі беларускай паэзіі» (Вільня, 1933). На польскай мове выйшлі «Праўда аб вязніцы Канрада: У сотую гадавіну працэсу філаматаў» (Вільня, 1923), «Нарадавольцы Беларусі і іх орган «Гомон» (Львоў, 1935).

У яго перакладзе на беларускую мову выдадзены «Элементарная алгебра» А.Кісялёва (Вільня, 1921), «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» В.Остэрлёфа і Я.Шустэра (Вільня, 1921). Разам з Л.Дзекуць-Малеем пераклаў Новы запавет і Псалмы (Хельсінкі, 1931; Лондан, 1948). У Цэнтральнай бібліятэцы Летувіскай АН захоўваецца рукапіс перакладу «Кнігі джунгляў» Р.Кіплінга.


комментариев еще никто не писал, будьте первым