Биографии белорусскиx писателей - Салагуб Алесь - Вариант 1

Вариант 1

Салагуб Алесь (сапр. Салагуб Аляксей), нарадзіўся 18.10.1906 г. у вёсцы Зарудзічы Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1927). За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы быў зняволены польскімі ўладамі ў турму (1924, 1927). У 1928 г. нелегальна перайшоў польска-савецкую граніцу, жыў у Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1931). Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1931-1933). Арыштаваны органамі АДПУ БССР 10.08.1933 г. і па пастанове пазасудовага органа ад 09.01.1934 г. асуджаны да выключнай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.08.1956 г.

Расстраляны 17.05.1934.

Свой першы цыкл вершаў напісаў у 1924 г. у турме. Друкаваўся з 1925 г. у прагрэсіўных заходнебеларускіх выданнях. У Менску выйшаў зборнік вершаў «Лукішкі» (1929). Шэраг вершаў апублікаваны ў калектыўных зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990).

У газеце «Звязда», часопісе «Полымя рэвалюцыі» змяшчаў артыкулы, у якіх асвятляў літаратурны рух у Заходняй Беларусі і Польшчы. Выступаў таксама і як публіцыст. Часопіс «Полымя» надрукаваў у 1961 г. «Лукішскі дзённік», які паэт вёў у зняволенні.