Биография : Саламевіч Янка вариант 1 - twidler.ru ▲ Вверх
рефераты
сочинения
Решебники (ГДЗ)
топики
краткие содержания
биографии

Саламевіч Янка


Саламевіч Янка, нарадзіўся 29.10.1938 г. у вёсцы Малая Кракотка (у 1969 г. аб'яднана ў вёску Вялікая Кракотка) Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Працаваў карэктарам, тэхнічным рэдактарам выдавецкага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (1960-1962), рэдактарам у выдавецтве Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі (цяпер «Вышэйшая школа»). У 1967 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1968 г. працуе ў Галоўнай рэдакцыі БелСЭ (з 1980 г. - выдавецтва БелСЭ імя П.Броўкі) - старшым навуковым рэдактарам, з 1976 г. - загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1989 г.

Упершыню ў друку выступіў у 1955 г. (слонімская раённая газета «Вольная праца»), у рэспубліканскім - у 1957 г. Аўтар манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972), «Слоўніка беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стст.» (1983).

Склаў бібліяграфічны даведнік «Беларускі фальклор. 1926-1963» (1964), вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя» (з А.Налівайкам, М.Пятровічам, 1966), анталогію «Беларуская балада» (1978), выбраныя творы «Доля і хлеб» Г.Леўчыка (з Н.Ляшковіч, 1980), зборнікі «Беларускія загадкі (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі» (беларускія народныя скорагаворкі, 1983), зборнік «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (з А.Лісам, 1984), адзін са складальнікаў беларускага літаратурна-мастацкага календара «Кола дзён» (1987, 1988).

Перакладае з расейскай, украінскай, польскай моў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.


комментариев еще никто не писал, будьте первым