Биографии белорусскиx писателей - Шэрман Карлас - Вариант 1

Вариант 1

Шэрман Карлас, нарадзіўся 25.10.1934 г. у горадзе Монтэвідэо (Уругвай) у сям'і рабочага - выхадца з Заходняй Беларусі.

Вучыўся ў Нацыянальным інстытуце імя М.Марэна (Буэнас-Айрэс, Аргенціна, 1951-1956) па спецыяльнасці філалогія. Працаваў у аргенцінскіх газетах. У 1956 г. прыехаў на Беларусь. У 1964-1980 гг. - загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР. З 1989 г. - віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1979 г.

Пачаў друкавацца ў 1952 г. у аргенцінскім перыядычным друку, у расейскай перыёдыцы Беларусі - з 1964, на беларускай мове - з 1975 г. З гішпанскай мовы на расейскую пераклаў раман М.Сапата Алівельі «Чорны загон» (часопіс «Неман», 1967), раман Г.Гарсія Маркеса «Восень патрыярха» (з В.Тарасам, Масква, 1978), на беларускую мову пераклаў паасобныя творы Н.Гільена, Г.Гарсія Маркеса, Ф.Піта Радрыгеса, О.Фернандэса, У.Дзітаранта, С.Ібаргоена, К.Кастэльотэ, З.Кардэналя, Д.Алонса і інш., а таксама выбраную лірыку А.Тэхада Гомеса (1987). У перакладзе з беларускай на гішпанскую выйшлі «Мая Бесядзь» А.Куляшова, «Конь і леў» М.Танка, «Чырвоны мак» В.Хомчанкі, народныя казкі ў апрацоўцы А.Якімовіча (усе ў 1976), «Шлюбная ноч» І.Шамякіна (1980), «Дажыць да світання» (1980), «Абеліск» (1984) і «У тумане» (1989) В.Быкава, выбранае Я.Купалы і Я.Коласа «Папараць-кветка» (1982), выбранае Р.Барадуліна «Чорны вол маёй трывогі» (1985), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1988), «Загад №– 1» М.Чаргінца (1990).

Аўтар кніг паэзіі «Дождж у Каралішчавічах» (на гішпанскай мове, у перакладзе на беларускую Р.Барадуліна, 1984) і «Сны» (у перакладзе з гішпанскай Р.Барадуліна і В.Сёмухі, 1989).

Склаў зборнікі выбранай лірыкі Ф.Гарсія Лоркі (1975), П.Нэруды (1976), Н.Гільена (1977), Габрыэлы Містраль (1984), а таксама анталогію сучаснай кубінскай паэзіі «Тытунёвая кветка» (1986).