Биографии белорусскиx писателей - Васілёнак Яўген - Вариант 1

Вариант 1

Васілёнак Яўген, нарадзіўся 26.12.1917 г. у горадзе Воршы ў сям'і чыгуначніка.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Аршанскай чыгуначнай школе. У 1934-1935 гг. вучыўся ў Магілеўскім педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце. Працаваў у шклоўскай раённай газеце «Прамень камунізма», у рэдакцыях раённых і гарадскіх газет Барысава, Багушэўска, Воршы. У 1939 г. накіраваны на журналісцкую працу на Далёкі Ўсход (працаваў у Хабараўску, Усурыйску, Уладзівастоку). У 1943-1945 гг. - у радах Савецкай Арміі, служыў у рэдакцыі дывізійнай газеты «Боец-патриот», у 1945-1948 гг. - карэспандэнт маскоўскай газеты «Гудок» у Алма-Аце. З 1948 г. жыў у Менску - быў рэдактарам БелТА, карэспандэнтам газеты «Труд» па Беларускай ССР, загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса «Маладосць». У 1958-1966 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 23.09.1973 г.

У друку спачатку апублікаваў вершы (1936), потым прозу (1939). Выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Зялёныя агні» (1954), «Прызванне» (апавяданні і нарысы, 1956), «Выпадковы прыпынак» (1957), «Розныя дарогі» (1957), «Таццяна Ларына» (1964), «Вячэрняя размова» (1968), «Сімфонія са спагнаннем» (1969), «Забыты вензель» (1970), «На перагоне» (1973) і драма «Каралеўскі гамбіт» (1959). У 1977 г. выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову аповесць І.Пятрова «Нончына каханне» (1961), кнігу Л.Касіля «Пра жыццё зусім добрае» (1961), раманы С.Улуг-задэ «Абноўленая зямля» (1973) і А.Ірасека «Скалакі» (з М.Татурам, 1961), а таксама творы іншых пісьменнікаў.