Биографии белорусскиx писателей - Журба Янка - Вариант 1

Вариант 1

Журба Янка (сапр. Івашын Іван), нарадзіўся 30.04.1881 г. у вёсцы Купніна (цяпер у межах Чашнікаў) Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1902 г. скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў на Віцебшчыне. Пасля заканчэння Глухаўскага настаўніцкага інстытута (1909, Чарнігаўская губерня) працаваў выкладчыкам у гарадскіх і пачатковых навучальнях Украіны, Беларусі, Расеі, у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР (1921-1922), інспектарам Бабруйскага, затым Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923-1927), выкладчыкам у Чэрыкаўскай сямігадовай школе, у Магілеўскай медыцынскай навучальні (1927-1934). У 1934 г. пераехаў у Менск і стаў працаваць у Інстытуце мовазнаўства АН БССР. З-за хваробы вачэй быў змушаны ў 1937 г. пакінуць працу. З 1941 г. і пасля вайны жыў у Чашніцкім раёне, быў настаўнікам спеваў. Апошнія гады жыцця правёў у вёсцы Слабада пад Полацкам і ў Полацку. Сябра СП СССР з 1939 г.

Памёр 07.01.1964 г.

З 1902 г. друкаваў этнаграфічныя нарысы ў газеце «Витебские губернские ведомости». Першы верш па-беларуску апублікаваў у 1909 г. у газеце «Наша ніва». Аўтар зборнікаў паэзіі «Заранкі» (1924), «Ясныя шляхі» (1959), «Вершы» (1970), «Роднае» (1980), «Мая песня» (1984) і кніжак вершаў для дзяцей «Ластаўкі» (1950), «Сонечная раніца» (1955), «Светлыя дні» (1959). У 1950 г. выйшлі Выбраныя творы.

Пераклаў на беларускую мову раман Ф.Дастаеўскага «Бедныя людзі» (1930).